Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба, каб міліцыя ахоўвала беларускія школы?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларуская міліцыя не плянуе тэрмінова браць пад ахову школы, але ня ўсе пэдагогі й бацькі вучняў задаволеныя станам бясьпекі навучальных установаў Беларусі.

Нядаўна ўначы невядомыя разьбілі камянямі шыбы ў менскай 212-й школе. Пакуль на званок вартаўніка прыехала міліцыя, хуліганы ўцяклі. Тады дырэктар школы Георгі Андрушчанка і падумаў, што добра было бы ўсталяваць у школе міліцэйскі пост. Пасьля падзеяў у расейскім горадзе Бяслан дырэктар яшчэ больш пераканаўся ў слушнасьці гэтай ідэі:

(Андрушчанка: ) “Вельмі складана сёньня ахоўваць школу. Проста скажам: хто сядзіць на вахце? Людзі пэнсійнага ўзросту, у асноўным жанчыны”.

Але ажыцьцявіць гэты плян дырэктару будзе складана. У міліцыянтаў умова: паставіць краты на ўсіх вокнах першага паверху. На гэта сваё патрабаваньне вылучылі пажарныя: краты мусяць адчыняцца знутры, што зробіць іх яшчэ даражэйшымі.

Увогуле ў Беларусі няма сярэдніх школаў, якія адмыслова ахоўвае міліцыя, паведамілі мне ў Міністэрстве адукацыі. Выключэньне складаюць толькі некалькі спартовых школаў, дзе захоўваецца стралковая зброя. Прыкладам, такая школа ёсьць у Цэнтральным раёне Менску. У ёй дзейнічае пост міліцыі, праведзеная адмысловая сыгналізацыя. А ці хацелі б вы, каб усе школы вашага раёну ахоўваліся гэтак сама, спытаў я ў загадчыка ўправы адукацыі Цэнтральнага раёну Менску Ігара Ярчака. Ён такіх захадаў не вітаў.

(Ярчак: ) “Для школ гэта непрымальна. Ёсьць пазаведамасная ахова, свае вартаўнікі, да таго ж самі дырэктары праводзяць пэўную працу”.

Ігар Ярчак перакананы, што наяўнасьць міліцыянта на варце не гарантуе ад пранікненьня ў школу зламысьнікаў пад выглядам вучняў ці бацькоў. Паводле Ігара Ярчака, лепш выкарыстаць маскоўскі досьвед, дзе ва ўсіх школах ўведзеная карткавая прапускная сыстэма. Вучні маюць электронныя карткі, якія фіксуюць уваход і выхад са школы. Наведнікі атрымліваюць адмысловыя карткі.

А як ахоўваюцца школы ў суседніх зь Беларусьсю краінах?

Паводле зьвестак, атрыманых у літоўскай амбасадзе, у Літве адмыслова ахоўваюць толькі прыватныя школы, дзе ёсьць магчымасьць выдаткаваць на гэта немалыя грошы. Ахова таксама прыватная. Аднак усе школы знаходзяцца пад асаблівай увагай паліцыі, сьцьвярджаў знаёмы літоўскі дыплямат.

“У Варшаве кожная шостая школа ахоўваецца гарадзкой паліцыяй, якая мае абмежаваныя паўнамоцтвы ў параўнаньні зь дзяржаўнай паліцыяй, але можа затрымліваць хуліганаў і падазроных”, — паведаміў полькі журналіст Уладзімер Пац. Паводле ягоных зьвестак, колькасьць такіх школаў сёлета павялічыцца на 50%. На гэта адмысловыя грошы выдаткавала гарадзкая рада Варшавы. Патрэбы гэтак жа ахоўваць усе школы Польшчы ўлады ня бачаць.

А як у міліцыі ставяцца да ідэі ахоўваць школы?

Прэсавы сакратар міністра ўнутраных справаў Генадзь Клепча заявіў Радыё Свабода, што тэрміновыя захады па ахове школаў у сувязі з падзеямі ў Расеі не плянуюцца, аднак увага да бясьпекі навучальных установаў узмоцненая. А вось ў менскай гарадзкой міліцыі заявілі, што зьбіраюцца выкарыстаць маскоўскі досьвед аховы школаў. У прыватнасьці, плянуецца ўсталяваць у школах камэры відэасачэньня да наладзіць ахову школаў ахоўнікамі прыватных ахоўных агенцыяў, дзе падбор кадраў будзе кантраляваць міліцыя. Аднак на гэта патрэбныя грошы і час, прызналі ў гарадзкой міліцыі.

Вось толькі ці згодныя чакаць бацькі вучняў, пакуль яны знойдуцца? Іна Севярэнка, маці вучня-шасьціклясьніка адной зь менскіх школаў, выказваецца за тэрміновыя захады:

(Севярэнка: ) “Ва ўсіх школах трэба паставіць міліцыю, цяпер, каб не было потым такога, што захапілі школу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG