НЭДЖЭФ. У гэтым ірацкім горадзе працягваюцца цяжкія баі паміж амэрыканскімі войскамі і ўзброенымі прыхільнікамі радыкальнага шыіцкага клірыка Моктады ас-Садра.
Уначы амэрыканская авіяцыя двойчы бамбавала паўстанцаў-шыітаў у цэнтры гораду. Амэрыканскія танкі падышлі да маўзалею Імама Алі – шыіцкай сьвятыні, што знаходзіцца ў цэнтры Нэджэфу.
Паведамляецца, што раніцай загінулі 15 асобаў, а параненыя – 23.
Раней перамовы аб перадачы маўзалея ў рукі вышэйшага духоўнага лідэра шыітаў аяталы Алі ас-Сістані скончыліся безвынікова.
Памочнік ас-Садра, Ахмэд аш-Шэйбані, у гэтай сувязі заявіў.
(аш-Шэйбані) “Мы адкрытыя перад вамі і перад усім сьветам і кажам, што гатовыя перадаць сьвяты маўзалей у рукі рэлігійнага кіраўніцтва, але праблема у іншым – затрымка ёсьць з боку вышэйшага духоўнага лідэра аяталы Алі ас-Сістані”.
Між тым у Іраку вызваленыя амэрыканскі журналіст Міка Гардэн і ягоны перакладчык, якія былі захопленыя тыдзень таму.