Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму замінаюць пілігрымы з Польшчы?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Удзельнікам міжнароднай пілігрымкі ўлады не дазволілі сёлета спыніцца ў Горадні. Штогод каталіцкія вернікі зь Беластоку накіроўваюцца ў Вільню, каб пакланіцца абразу Маці Божай Вострабрамскай. Іхні шлях пралягае праз Горадню, дзе яны заўсёды спыняліся. Гэтым разам упершыню вернікам давядзецца ісьці далей і начаваць у вёсцы Путрышкі – за 7 кілямэтраў ад места.

Горадня на шляху пілігрымаў будзе заўтра. Яны пройдуць польска-беларускую мяжу ў Брузгах, адтуль да Горадні кілямэтраў 20. Даведаўшыся пра тое, што пілігрымы ня будуць спыняцца і што ім не дазволілі прайсьці праз цэнтар гораду, я патэлефанаваў у катэдральны касьцёл, і вось што мне там паведамілі:

(Ксёндз: ) “Усё правільна, забаранілі. Яна павінна прыйсьці 19-га вечарам, у сем вечара яна будзе ў Путрышках. Пешая пілігрымка экумэнічная заходзіла заўсёды ў горад, толькі ў гэтым годзе забаранілі пад прымітыўнымі якімісьці матывамі”.

Якія ж прычыны знайшлі ўлады, каб забараніць замежным паломнікам спыняцца ў Горадні? “Перашкоды для вулічнага руху” – так мне сказалі ў абласным савеце ў справах рэлігіі. Прычым падкрэсьлілі, што рашэньне прынята не гарадзкімі, а абласнымі ўладамі. Трэба сказаць, што паломнікі самым простым шляхам з боку мяжы траплялі ў Стары горад – да бэрнардынскага касьцёлу, дзе адбывалася імша.

Летась я назіраў працэсію беластоцкіх вернікаў. Яны ішлі досыць хутка – нават паралізаваная манашка, яна ехала ў інвалідным крэсьле, якое мае рухавік. Сярод паломнікаў было шмат моладзі.

А як наконт перашкоды для транспартнага руху—можа, гэтая спасылка ўладаў ня простая адгаворка? Кіраўнік Савету ў справах рэлігіі Ігар Папоў нагадаў мне, што Стары мост, які злучае дзьве часткі гораду, і празь які раней хадзілі польскія паломнікі, моцна перагружаны. Там сапраўды ўтвараюцца заторы. Але, напрыклад, летась паломнікі ішлі ўвечары, калі машын ня так шмат. Прычым працэсія займала толькі частку дарогі.

Цяпер улады накіруюць іх праз горад іншай дарогай, дзе таксама немалы рух. Прычым гэтая дарога на некалькі кілямэтраў даўжэйшая, таму паломнікі будуць замінаць руху яшчэ больш часу, чым звычайна. Хаця, дарэчы, іх ня так шмат – зазвычай некалькі соцень, і сёлета будзе 300. За імі рухаюцца палявыя кухні і машына хуткай дапамогі – пра гэта мне сказала манашка, якая таксама па справах была ў спадара Папова.

У Путрышках наўрад ці будзе магчымасьць разьмясьціць столькі паломнікаў: касьцельныя ўлады не чакалі забароны наконт побыту палякаў у Горадні. Звычайна пілігрымаў разьмяшчаюць на кватэрах у вернікаў. Наколькі мне вядома, біскуп Антон Дзям’янка зьвярнуўся да ўладаў, каб яны дазволілі частцы паломнікаў вярнуцца і заначаваць у Горадні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG