Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне на вуліцах Віцебска: Ці хацелі бы вы, каб вашыя дзеці вучыліся ў недзяржаўных ВНУ?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Цяпер у Віцебску працуюць чатыры дзяржаўныя і тры недзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Якую сыстэму адукацыі віцябляне лічаць лепшай і больш прыдатнай для сябе ды сваіх дзяцей?

(Карэспандэнтка: ) “Ці хацелі бы вы, каб вашыя дзеці навучаліся ў недзяржаўнай вышэйшай навучальнай установе?”

(Спадар: ) “Хацеў бы. Бо недзяржаўныя — гэта на сёньняшні момант самыя перадавыя, самыя свабодныя навучальныя ўстановы. Прыкладам, той самы Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, нядаўна зачынены. Там праграмы адпавядалі агульнаму эўрапейскаму ўзроўню, і я лічу, што найбольш пажадана вучыцца было бы там, або ў іншай падобнай навучальнай установе”.

(Спадарыня: ) “Пра ЭГУ магу сказаць толькі адно: шкада, што яго зачынілі! Гэта быў выдатны ўнівэрсытэт, знаёмая з тамтэйшымі студэнтамі, і гэта насамрэч вельмі адукаваныя людзі, яны ведаюць некалькі замежных моваў! Тое, што яго зачынілі, далёка ня зь лепшага боку характарызуе нашую ўладу. Так што ўвогуле пра недзяржаўную адукацыю нічога дрэннага сказаць не магу. Адно што пасьля дзяржаўнай ВНУ лепей бяруць на працу”.

(Спадарыня: ) “А мне больш даспадобы дзяржаўная адукацыя. Бо там большая адказнасьць з боку выкладчыкаў і вышэйшыя патрабаваньні да ўзроўню ведаў. Я ведаю шмат студэнтаў недзяржаўных ВНУ, дык ім увогуле можна не хадзіць на заняткі, абы яны спраўна плацілі. Ім дасылаюць заданьні, тэсты, кніжкі, ды пераводзяць з курсу на курс ужо таму, што яны плацяць грошы”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што адукацыя павінна ў нас быць і дзяржаўная, і недзяржаўная. Але да недзяржаўнае адукацыі ў нас нейкі дужа ўжо мэркантыльны падыход! Паступаюць вучыцца тыя, каго я б туды й на крок не падпусьціла! Чаму? Таму што — грошы! Хто-ніхто лічыць, што за грошы можна набыць і адукацыю ў тым ліку”.

(Карэспандэнтка: ) “А як думаеце вы, якая адукацыя больш прыдатнай для вашых дзяцей: дзяржаўная або недзяржаўная?”

(Спадар: ) “Безумоўна, недзяржаўная адукацыя лепей! Я сустракаўся з тымі, хто вучыўся за мяжой, у Эўропе — дык гэта неба і зямля ў параўнаньні з намі, з тымі, хто атрымліваў дзяржаўную адукацыю тут! Яшчэ ў нейкім сэнсе менскія адукацыйныя ўстановы вылучаюцца спаміж правінцыйных унівэрсытэтаў, яны адрозьніваюца шырынёй поглядаў, пэўнай свабодай, але ўсё адно мала!”

(Спадарыня: ) “Я за дзяржаўную сыстэму адукацыі, бо ў мяне няма фінансавых магчымасьцяў дзеля недзяржаўнае… Каб яны былі, верагодна, я і абрала бы недзяржаўную ВНУ!”

(Спадарыня: ) “Для маіх дзяцей, я думаю, лепей дзяржаўная адукацыя. Дзяржаўная ёсьць дзяржаўная: атрымаеш і дыплём, і нейкае разьмеркаваньне. Гадоў колькі ў вёсцы адпрацуеш, і можна паспрабаваць дзе-небудзь яшчэ ўладкавацца. А недзяржаўныя ВНУ — гэта нешта часовае, яны то адчыняюцца, то зачыняюцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці хацелася бы вам, каб вашыя дзеці скончылі недзяржаўную ВНУ?”

(Спадарыня: ) “Не хацелася б! Бо галоўнае — ня дзе вучыцца, а дзе потым працаваць. Прачытаюць у дыплёме — “недзяржаўны”, і хто потым на працу возьме? Гэта ж у нас няважна — дзе вучыўся, як вучыўся, ці сапраўды атрымаў добрую адукацыю, бо нэгатыўнае стаўленьне ў кіраўніцтва і да недзяржаўных ВНУ, і да недзяржаўных прадпрыемстваў, і ўвогуле да ўсяго, што недзяржаўнае!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG