Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт судзіцца зь Міністэрствам адукацыі


Галіна Абакунчык, Менск Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт зьвяртаецца ў Гаспадарчы суд з пазовам да Міністэрства адукацыі, у якім патрабуе прызнаць незаконным пазбаўленьне ЭГУ ліцэнзіі. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту ня спадзяецца выйграць працэс і называе гэты крок маральным абавязкам у справе адстойваньня прынцыпаў унівэрсытэцкай аўтаноміі й акадэмічных свабод. Адначасна ВНУ рыхтуецца вызваліць арандаванае памяшканьне й працягвае ўладкоўваць студэнтаў у іншыя ВНУ краіны. Аднак у справе пераводу навучэнцаў застаюцца нявырашанымі многія праблемы.

Пазоў у Гаспадарчы суд кіраўніцтва ўнівэрсытэту падрыхтавала яшчэ ў панядзелак. Але каб зварот быў прыняты да разгляду, патрэбны дакумэнтальныя абгрунтаваньні самога факту пазбаўленьня памяшканьня й ануляваньня ліцэнзіі, якіх уладныя структуры выдаваць не сьпяшаюцца. Тым ня менш, кіраўніцтва ЭГУ зьбіраецца судзіцца, хоць і ўпэўнена, што спробы адстаяць правы ў судзе будуць бясплённымі.

Гаворыць прарэктар ЭГУ Ўладзімер Дунаеў.

(Дунаеў: ) “Тая пасьпешлівасьць, зь якой гэта было зроблена, пакідае прастору для адстойваньня нашых правоў. Але ж я так разумею: не для таго гэта рабілася, каб нешта павярнуць назад”.

Паводле спадара Дунаева, заява міністра адукацыі Аляксандра Радзькова ў інтэрвію газэце “Советская Белоруссия” – пра магчымасьць навучаньня ўсіх студэнтаў у іншых установах краіны – не адпавядае рэчаіснасьці, бо асобныя спэцыяльнасьці й навучальныя праграмы існавалі толькі ў ЭГУ. З гэтай прычыны некаторыя студэнты адмаўляюцца пераходзіць нават у галоўную ВНУ – Белдзяржунівэрсытэт. Адна зь іх – лідэрка студэнцкага самакіраваньня Маша Несьцерава.

(Несьцерава: ) “Кожны студэнт выбудоўваў свой асабісты праект адукацыі – такога нідзе няма. Я ведаю, што ў БДУ я гэтага доўжыць не змагу. Дык навошта туды ісьці? Прычым, я змушана буду даздаваць каля 20 іспытаў, сярод якіх, напэўна, і курс дзяржаўнай ідэалёгіі. Я думаю, што мне будзе дастаткова складана яго здаць”.

Маша Несьцерава – адна з арганізатараў акцыі пратэсту, заплянаванай у ЭГУ на 5 жніўня. Студэнты заклікаюць да салідарнасьці ўсіх прыхільнікаў захаваньня правоў і свабод у Беларусі. Але адначасна яны адмаўляюцца рыхтаваць акцыю супольна з навучэнцамі Беларускага ліцэю – з прычыны, нібыта, іхнай палітызаванасьці. Гэтаксама ж і выкладчыцкі калектыў ЭГУ ня выступіў на абарону сваіх калег падчас закрыцьця іншых ВНУ. Вось як тое пракамэнтаваў дарадца рэктара Сяргей Панькоўскі.

(Панькоўскі: ) “Многія выкладчыкі ЭГУ – людзі апалітычныя, якія мяркуюць, што яны мусяць выконваць свае прафэсійныя абавязкі. І вось гэтая сытуацыя паказала, што проста выконваць свае прафэсійныя абавязкі немагчыма”.

Ліст салідарнасьці з калектывам студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама зварот да Ўраду краіны спыніць рэпрэсіі супраць ЭГУ гэтымі днямі ў Беларусь накіравалі прадстаўнікі навуковай супольнасьці шэрагу эўрапейскіх і іншых краін сьвету.

Дарэчы, цяпер выкладчыцкі калектыў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту працуе над канцэпцыяй далейшага разьвіцьця ВНУ ва ўмовах забароны на адукацыйную дзейнасьць. Як вядома, прадстаўнікі краін-донараў заявілі, што фінансава й матэрыяльна падтрымаюць усе інтэлектуальныя праекты, што будуць створаны ў ЭГУ.

На фотаздымку: Уладзімер Дунаеў, ЭГУ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG