Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыкі адкрылі мэханізм шкоднага ўзьдзеяньня тлушчавых клетак на здароўе людзей


Сяргей Абламейка, Прага На тлушчавыя клеткі сёньня наракаюць многія. Іх імкнуцца пазбыцца ў касмэтычных хірургаў, у сауне і на спартовых трэнажорах, іх адкладаньні ненавідзяць і саромеюцца, стараюцца схаваць пад адзеньнем. Але ёсьць і іншыя людзі. Прафэсар малекулярнай біялёгіі і мэдыцыны каледжу Альбэрта Эйнштэйна ў Нью-Ёрку Філіп Схэрэр заяўляе, што ён 10 гадоў вывучае тлушчавыя клеткі й дагэтуль не стаміўся глядзець на іх, дагэтуль захапляецца дасканаласьцю іх структуры. Калі ж казаць сур’ёзна, дык прафэсар Схэрэр адкрыў і дасканала вывучыў мэханізм шкоднага ўзьдзеяньня тлушчавых клетак на здароўе чалавека. Гэтаму прысьвечаны артыкул ў газэце New York Times.

Як вядома, тлушчавыя адкладаньні зьяўляюцца энэргетычным рэзэрвам арганізму. Генатып людзей скончыў фармавацца 10 тысяч гадоў таму і супаў з часам пераходу чалавецтва да аселага ладу жыцьця. Тады людзі, бывала, елі адзін раз на тры дні, шмат фізычна працавалі, і арганізм навучыўся любыя лішкі ежы адразу перапрацоўваць у тлушч і назапашваць. З таго часу шмат што зьмянілася, і цяпер людзі харчуюцца тры разы на дзень і фізычна амаль не працуюць. А генэтычны мэханізм застаўся ранейшы. У выніку мэдыцына прыйшла да высновы, што большасьць сучасных хваробаў выкліканая дысбалянсам энэргіі ў арганізьме – мы атрымліваем энэргіі болей, чым трацім. Але як менавіта гэтыя лішкі энэргіі шкодзяць – да нядаўняга часу вядома не было.

Тлушчавая клетка, калі на яе глядзець пад мікраскопам, падобная да бурштынавай кроплі – яна выдатна адбівае сьвятло й блішчыць. Кожная такая клетка ўтрымлівае ў сабе вялікую кроплю тлушчу, якая адціскае ў бакі ядро і мэмбраны і стварае ўражаньне празрыстай пустаты. Тлушч захоўваецца ў клетках у форме малекул трыглецырыду.

Яшчэ ня так даўно лекары разглядалі тлушчавую тканку толькі як рэзэрвуар энэргіі. У выніку дасьледаваньняў прафэсара Філіпа Схэрэра аказалася, што тлушчавыя клеткі – гэта маленькія хімічныя фабрыкі, а тлушчавая тканка – гэта магутны і актыўны орган, які хавае ў сабе шмат шкодных гармонаў і іншых рэчываў, што кепска ўплываюць на мэтабалізм і іншыя працэсы ў арганізьме. Біёлягі нават пачалі называць чалавечы тлушч дадатковым “эндакрынным органам”, параўноўваючы яго паводле ўплыву на арганізм з такімі залозамі, як шчытападобная і гіпофіз. Як шчытавіца і гіпофіз, тлушчавая тканка таксама здольная выкідаць гармоны проста ў крывяносную сыстэму. Але ёсьць паміж імі і вельмі істотнае адрозьненьне: звычайныя залозы ня могуць расьці бясконца, а тлушч – можа.

Дарослы чалавек з нармальнай фігурай мае 40 мільярдаў тлушчавых клетак, а чалавек тоўсты – ў тры разы болей. Тлушчавыя клеткі жывуць значна даўжэй за клеткі звычайныя. Раней лічылася, што ў дарослага чалавека новыя клеткі практычна не нараджаюцца. Сёньня ўжо вядома, што гэта ня так. Натуральна, што ў дзяцей гэтыя працэсы ідуць больш актыўна, але нараджаюцца новыя клеткі і ў дарослых – пераважна, гэта клеткі тлушчавыя. Калі чалавек працягвае аб’ядацца, наяўныя клеткі павялічваюцца ў памеры, калі ж максымальная велічыня дасягнутая, тлушчавая клетка здольная пасылаць сыгнал суседнім, неразьвітым клеткам, каб тыя пачалі дзяліцца й вытварылі большую колькасьць новых тлушчавых клетак.

Лішак энэргіі пры дапамозе шкодных прадуктаў тлушчавай тканкі разбурае ўнутраную структуру нармальных клетак і выклікае шматлікія хваробы, у тым ліку цукроўку, гіпэртанію, інфаркт, інсульт і рак. Сёньня ў сьвеце 1 мільярд чалавек маюць празьмерную вагу. Атлусьценьне, як і зьвязаныя зь ім хваробы сэрца і гіпэртанія, занесеныя сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя ў сьпіс 10 глябальных рызыкаў для чалавецтва. У ЗША 65 працэнтаў насельніцтва маюць лішнія кіляграмы, больш за 40 працэнтаў беларусаў таксама маюць празьмерную вагу. 15 працэнтаў дзяцей на плянэце, старэйшых за 6 гадоў, пакутуюць на атлусьценьне.

Усё, што зьвязанае з тлушчам, мае сваё значэньне. Напрыклад – лякалізацыя тлушчавых адкладаньняў: калі чалавек носіць тлушч на жываце, дык рызыка захварэць на дыябет і адну з хваробаў сэрца ў яго значна большая, чым у таго, хто свой тлушч назапасіў на крумянках і клубах.

Вылучаюць і этнічныя асаблівасьці. Напрыклад, сярод жанчын найболей тоўстых сярод афраамэрыканцаў і гішпанамоўных. Тлушчавыя адкладаньні на жываце найбольш частыя ў прадстаўнікоў жоўтай расы. І якраз азіяты менш за ўсіх іншых устойлівыя да шкоднага ўзьдзеяньня тлушчавых клетак – нават невялікія жывоцікі здольныя выклікаць у іх вялікія праблемы са здароўем.

Наогул жа сёньня мэдыкі сьцьвярджаюць, што нават невялікае тлушчавае адкладаньне на жываце, і нават у худога чалавека, здольнае павялічыць рызыку дыябету, гіпэртаніі і хваробаў сэрца.

***

На чарзе – парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge:

1.

Калі вы будзеце ўважліва сачыць за станам свайго здароўя, гэта можа дапамагчы прадухіліць сур’ёзныя хваробы. Нядаўна навукоўцы знайшлі, што рак яечнікаў у жанчыны можа выклікаць шэраг устойлівых сымптомаў. 43 працэнты жанчын, у якіх пазьней знайшлі рак яечнікаў, мелі пачуцьцё разьдзьмутага жывата й часта мачыліся. Гэтыя прыкметы былі сталыя й сур’ёзныя. RealAge нагадвае, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.

2.

Зьвярніце ўвагу на сваю дыету. Большасьць людзей не атрымлівае зь ежай дастатковай колькасьці вітаміну Е. Пры гэтым вядома, што гэты вітамін жыцьцёва неабходны чалавеку. Сярод яго карысных учынкаў ёсьць і такі: ён перашкаджае халестэрыну трымацца ля сьценак судзінаў і выклікаць сардэчныя прыступы. Вітамін Е таксама абараняе клеткі ад шкоднага ўзьдзеяньня свабодных радыкалаў, якія здольныя выклікаць рак. Вы рэзка падвысіце спажываньне вітаміну Е, калі будзеце есьці болей арэхаў і масла арахісу. Атрыманьне 400 умоўных адзінак вітаміну Е штодзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1 год маладзейшым.

3.

Ужывайце болей соі і соевага соўсу. Гэта можа дапамагчы вам захаваць здароўе прамой кішкі. Гэтаму ж спрыяюць рэгулярныя практыкаваньні і прадукты, багатыя на расьлінную клятчатку. Але нядаўняе дасьледаваньне паказала, што некаторыя складнікі соі здольныя перашкаджаць узьнікненьню ракавых пухлінаў і спыняць рост ракавых клетак. RealAge нагадвае, што разнастайная дыета, багатая на карысныя рэчывы і нізкая ў калёрыях, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG