Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За гандаль сьвіньнямі без дазволу – 6 месяцаў "хіміі"


Падрыхтавала Сьвятлана Курс, Менск Агляд незалежнай прэсы

“Народная Воля” падае падрабязны аповед пра прэзыдэнта Судану, які днямі прыбыў у Беларусь. Умар Хасан Ахмад Аль-Башыр, паводле зьвестак ААН, прыйшоў да ўлады 15 год таму ў выніку перавароту, разьвязаў грамадзянскую вайну ў Судане, зарганізаваў канцлягеры, ажыцьцяўляе этнічныя чысткі супраць чарнаскурых суданцаў, у выніку якіх былі забітыя 50 тысячаў чалавек. Апроч таго, госьць Беларусі падтрымлівае міжнародны тэрарызм. У Менск Аль-Башыр прыехаў па зброю, лічаць аналітыкі.

У “Нашай Ніве” Юры Хадыка разважае пра новую замежнапалітычную дактрыну беларускага рэжыму: “З большасьцю яе тэзісаў я гатовы пагадзіцца. Безумоўна, гэта сыгнал. І для Захаду, і для Ўсходу, і для апазыцыі. Сапраўды, незалежнасьць краіны – грунт для нацыянальнай згоды. Сапраўды, галоўная небясьпека – у залежнасьці эканомікі ад манапольных пастаўшчыкоў сыравіны і энэргарэсурсаў. Шкада толькі дзесяці страчаных гадоў”.

“Наша Ніва” друкуе сёньня партрэт 35-гадовага Віктара Бута – аднаго з самых вядомых і спрытных міжнародных гандляроў зброяй, чый лёс цесна зьвязаны зь Беларусяй.

Штотыднёвая Хроніка рэпрэсій і супраціву ў Нашай Ніве пярэсьціць жорсткімі падрабязнасьцямі рэпрэсій супраць іншадумцаў, у асноўным – вельмі юных людзей.

У матэрыяле “Скарбы са шляхецкіх скрыняў” гісторык штодзённасьці Вольга Бабкова апісвае, якой хатняй маёмасьцю валодалі сем’і ў Вялікім Княстве Літоўскім. У адрозьненьне ад бальшыні сучасных жыхароў Беларусі, тагачасныя мелі доступ да прадметаў раскошы, упрыгожаньняў, прадметаў мастацтва. Дамы былі поўныя кляйнотаў, піша НН.

Аб працы фінансавай паліцыі Слонімшчыны, якая за гэты год унесла ў бюджэт краіны 236 мільёнаў рублёў, распавядае “Газэта Слонімская”. У асноўным пакараныя прыватныя прадпрымальнікі, якія вялі сваю дзейнасьць з парушэньнем дзейнага заканадаўства. Адзін небарака без рэгістрацыі гандляваў сьвіньнямі, дык атрымаў 6 месяцаў хіміі. Сьвіньні агульнаю вагою паўтары тоны зьвернутыя ў скарбонку дзяржавы.

Жыхары Слоніма адказалі на пытаньне ГС, як ім жылося гэтыя 10 год кіраваньня А.Лукашэнкі. Аказваецца, як у няўдалым шлюбе – нічога добрага няма, але мяняць жыцьцё страшна.

“Бабруйскі кур’ер” піша пра жыцьцё самай актыўнай лютэранскай грамады ў Беларусі (якая акурат дзейнічае ў Бабруйску) і аналізуе магчымасьці сярэдняга беларуса правесьці адпачынак.

Усе беларускія газэты адзначаюць асаблівасьць гэтага лета – бурнае, амаль трапічнае надвор’е з інтэнсіўнымі навальніцамі й патопамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG