Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія пабудовы Беларусі, што былі пабудаваныя яшчэ да Алімпіяды 1980 году, не вытрымліваюць канкурэнцыі


Уладзімер Глод, Менск Менск можна ў пэўнай ступені лічыць алімпійскім горадам. У 1980 годзе летнія Алімпійскія гульні прымала Масква, але групавыя футбольныя турніры праводзіліся тады яшчэ ў трох гарадох – Кіеве, тагачасным Ленінградзе й Менску. Дзеля гэтага ў сталіцы Беларусі тады рэканструявалі стадыён "Дынама" й абнавілі спартовы лягер "Стайкі". А наколькі спартовыя базы сталіцы Беларусі сёньня адпавядаюць алімпійскаму ўзроўню?

Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч кажа, што нават лепшыя спартовыя базы Беларусі не пасьпяваюць за патрабаваньнямі часу.

(Парфяновіч: ) "Мы сёньня ня маем буйнога стадыёну, на якім маглі б правесьці міжнародныя спаборніцтвы. Стадыён "Дынама" ў Менску не атэставаны для міжнародных спаборніцтваў. Акрамя таго, што адрамантавалі Палац воднага спорту, не збудавалі ніводнага новага басэйну ў Беларусі. Не збудаваны вэлятрэк. Не будуюць спартовых аб’ектаў – ні для байдаркі, ні для каноэ, ні для лёгкай атлетыкі... Мы не будуем таксама спартовых заляў для дзяцей. Толькі хакей, футбол, біятлён ды тэніс. А ўсе астатнія, як кажуць, “мэдаляёмкія” віды спорту – што ім рабіць, дзе працаваць?"

Намесьніца міністра спорту й турызму Беларусі Галіна Забур’янава на маё пытаньне, наколькі, зь ейнага меркаваньня, стан спартовых аб''ектаў Беларусі адпавядае сучасным патрабаваньням, дала наступны адказ.

(Забур’янава: ) "Мы маем тое, што маем. І працуем так, як умеем. А што мы працуем дрэнна, ніхто сказаць ня можа".

Са спадарыняй Забур’янавай я гутарыў у менскім Палацы воднага спорту, дзе месьціцца прэсавы цэнтар алімпійцаў Беларусі. Як ужо згадваў Уладзімер Парфяновіч, гэты Палац зусім нятак даўно перабудавалі. На гэта было выдаткавана каля 24 мільярдаў рублёў. Але, як пісалі нядаўна газэты "Время" й "БДГ", палац рэканструявалі ў аўральным рэжыме. У выніку ён быў здадзены зь вялікімі будаўнічымі недаробкамі: дэфармаваны сьцены, пастаянна выпадаюць шыбы – частка вокнаў зацягнута цыратай, забіта фанэрай... Невыпадкова беларускія плыўцы рыхтуюцца да афінскіх стартаў ня тут, а ў басэйнах... Славеніі.

У свой час беларуская школа фэхтаваньня лічылася адной з найлепшых у сьвеце. На Алімпійскіх гульнях 1980 году 6 спартоўцаў з 18 з нацыянальнай каманды тагачаснага Савецкага Саюзу былі зь Менску. І ўсе яны вярнуліся дадому з мэдалямі. Адзін зь іх – алімпійскі чэмпіён Мікалай Алёхін, якога я спытаў, чым самая лепшая беларуская заля для фэхтаваньня, якая месьціцца ва Ўруччы, адрозьніваецца ад падобных да яе ў краінах Эўропы.

(Алёхін: ) "Розьніца на 100% ад таго, што трэба мець паводле міжнародных стандартаў. Я папросту ведаю, як гэта робіцца ў Нямеччыне, Італіі, нават Вугоршчыне – тых краінах, дзе я быў асабіста. У іх ёсьць залі на 20-30 дарожак, тэхнічнае абсталяваньне цудоўнае. Нават у Маскве цяпер так. Я быў у ЦСКА, у Чартанаве – там вельмі сучасныя залі".

У сталіцу Грэцыі паедуць 152 ці 153 спартоўцы Беларусі. Між тым, чатыры гады таму, на пачатку новага алімпійскага цыклю, плянавалася, што алімпійскія ліцэнзіі атрымаюць 190. Адмыслоўцы лічаць: адной з галоўных прычын недавыкананьня ўласных плянаў стала слабая спартовая база.
XS
SM
MD
LG