Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Эўрапарлямэнту занепакоеныя захадамі беларускіх уладаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава З ініцыятывы ўсходнеэўрапейскіх дэпутатаў (зь Літвы, Польшчы, Вугоршчыны і Чэхіі) пра сытуацыю ў Беларусі гавораць у Эўрапарлямэнце. Там зьявіўся зварот групы дэпутатаў да Рады Эўразьвязу, у якім выказваецца салідарнасьць зь беларусамі, якія змагаюцца за дэмакратыю і незалежнасьць сваёй краіны.

Ініцыятары звароту – два дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту з Польшчы ад партыі “Закон і справядлівасьць”, Конрад Шыманскі і Марцін Лібіцкі, дэпутат ад Літвы, вядомы палітык Вітаўтас Ландсбергіс, а таксама два дэпутаты ад Чэхіі і Вугоршчыны.

У Эўрапарлямэнце новага скліканьня, які распачаў сваю працу тыдзень таму, гэта першы пісьмовы зварот. У ім, у прыватнасьці, гаворыцца, што дэпутаты “занепакоеныя захадамі беларускіх уладаў, якія імкнуцца зьліквідаваць Беларускую партыю працы і Беларускі народны фронт”. Аўтары звароту адзначаюць таксама, што грамадзянаў Беларусі ў сваёй краіне практычна пазбаўляюць палітычных правоў.

Акрамя гэтага, фракцыя Эўрапарлямэнту “Унія на карысьць Эўропы народаў”, на ініцыятыву польскіх дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту ад партыі “Закон і справядлівасьць”, запрапанавала ўключыць у парадак дня найбліжэйшай сэсіі парлямэнту пытаньне аб парушэньнях правоў чалавека.

Намесьнік старшыні партыі “Закон і справядлівасьць” Марэк Юрэк паведаміў напярэдадні беларускай “Свабодзе”, што дэпутаты ад ягонай партыі ў Эўрапарлямэнце будуць рабіць усё магчымае, каб сытуацыя ў Беларусі была тэмай пастаяннага зацікаўленьня адпаведных камісіяў агульнаэўрапейскага заканадаўчага органу. Прыкладна тое самае перад ад’ездам у Страсбург казалі і дэпутаты Эўрапарлямэнту ад іншых польскіх партыяў.

Што да звароту аб сытуацыі ў Беларусі, дык паводле парадку, які прадугледжаны ў Эўрапарлямэнце, гэты дакумэнт будзе адкрыты да падпісаньня цягам трох месяцаў і калі яго падпішуць больш за палову дэпутатаў, дык зварот будзе лічыцца афіцыйнай пазыцыяй Эўрапейскага парлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG