Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падлеткаў, якія прыехалі на акцыю з розных гарадоў, амонаўцы завезьлі за горад і кінулі ля могілак


Любоў Лунёва, Менск У выніку ўчорашніх судоў над удзельнікамі акцыі, прысьвечанай 10-ым угодкам кіраваньня краінай Аляксандрам Лукашэнкам, 9 чалавек аштрафавалі, а 15 – пакаралі арыштамі. Мы сустрэліся з групай падлеткаў, якіх амонаўцы адвезьлі за 20 км ад гораду і высадзілі з аўтобуса.

У суд прыйшлі некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія распавялі, як амонаўцы зьдзекваліся з іх пад час затрыманьня.. Юля Каленьнікава з Баранавічаў казала, што іх было 28 чалавек: пасьля канцэрту яны пайшлі на прыпынак. Калі ўвайшлі ў двор, то туды забеглі і некалькі амонаўцаў. Усю групу затрымалі і павезьлі на двух аўтобусах. Юля казала, што амонаўцы нецэнзурна лаяліся, дэманстравалі дубінкі.

(Юля: ) “Дзяўчынку прымушалі надзець адгазьнік. Другой стала кепска. Тады яны пасадзілі яе разам з сабой і пачалі зьдзеквацца зь яе. Сарвалі ланцужкі з шыі і з рукі. Яна заплакала – папросту спалохалася, і гэта была істэрыка. А яны сталі на яе крычаць, што, калі яна не сьціхне, то будзе мыць аўтобус, каб яе адпусьцілі”.

Паводле Юліных словаў, амонаўцы спачатку казалі, што вязуць усіх у бабруйскі спэцпрыёмнік, бо асноўная частка – 21 чалавек – непаўнагадовыя, і толькі 7 чалавек мелі па 18 год. Потым казалі, што павязуць у Курапаты на могілкі. Нарэшце аўтобусы спыніліся. Было ўжо цёмна. Дзяцей высадзілі сапраўды каля могілкаў. Толькі потым яны даведаліся, што гэта ў пасёлку Сосны. Амаль усе падлеткі прыехалі на акцыю з розных гарадоў – Барысава, Баранавічаў, Маладзечна. Можна ўявіць, як яны сябе адчувалі.

У судзе я спытала на гэты конт некалькіх амонаўцаў, у тым ліку іх кіраўніка. Яны казалі, што нічога пра гэта ня ведаюць. Магчыма, тыя, што былі ў судзе, і сапраўды нічога ня ведалі, бо і дзяўчынкі казалі, што сярод іх яны нікога не пазналі. Паводле заканадаўства, бацькі мусяць падаць заяву, і толькі ў тым выпадку пачнецца разьбіральніцтва.

У камэрах спэцпрыёмніка утрымліваюць 15 чалавек. Сярод арыштаваных – каардынатар “Хартыі’97” Зьміцер Бандарэнка. Яму далі 15 сутак. Актывіст Маладога Фронту Артур Фінькевіч там ўжо чацьвёрты раз. Апошні раз ён адбываў пакараньне 30 сутак, цяпер – 10. Актывісты моладзевага руху “Зубр” Павал Юхневіч, Алег Корбан, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі арыштаваныя на 10 сутак. Астатніх будуць трымаць пад вартай ад трох да пяці сутак. Учора арыштаваным перадалі ў аўтобус ваду і ежу. Сёньня ім аднясуць харчовыя перадачы і прэсу. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” дала ўсім арыштаваным статус вязьняў сумленьня.

Акрамя таго, 9 чалавек аштрафавалі. 18-гадовага Аляксея Ляўковіча – на 50 базавых велічыняў. Калі раней мы казалі “мінімалак”, то цяпер гэта ўжо крыху меншая сума – 19 з паловай тысячаў рублёў. Так што Аляксей павінен плаціць 900 000 рублёў. Астатніх аштрафавалі на 20, 30 і 40 базавых велічыняў. Агульная сума складае дзьве з паловай тысячы даляраў. Усе яны казалі, што такіх грошай ня маюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG