ВАШЫНГТОН. Афіцыйная амэрыканская камісія, якая расьсьледуе абставіны тэрактаў 11 верасьня 2001 году, сёньня абнародуе канчатковае заключэньне. Чакаецца, што ў ім будуць прааналізаваны хібы ў сыстэме нацыянальнай бясьпекі ў часе кіраваньня Біла Клінтана і Джорджа Буша, у выніку якіх тэрарысты “Аль-Кайды” 11 верасьня 2001 году ажыцьцявілі тэракты, тады загінулі каля 3 тысячаў чалавек. Як чакаецца, у справаздачы будзе ўтрымлівацца крытыка ФБР і ЦРУ, якія ня здолелі сваечасова раскрыць пляны нападаў. Гэтаксама, як паведамляецца ў справаздачы, тэрарысты пасьля навучаньня ў Аўганістане пэўны час мелі прытулак у Іране. Аднак Белы Дом сьцьвярджае, што няма ніякіх сьведчаньняў пра тое, што Іран папярэдне ведаў пра плянуемыя тэракты.