Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая ў Беларусі спроба групы грамадзянаў ажыцьцявіць права заканадаўчай ініцыятывы не дала плённага выніку


Уладзімер Глод, Менск Цэнтрвыбаркам Беларусі не зарэгістраваў ініцыятыўную групу грамадзянаў, якія хацелі скарыстацца сваім законным правам і вынесьці на разгляд Палаты прадстаўнікоў падрыхтаваны імі законапраект. Аўтары законапраекту хочуць, каб парлямэнт прыняў закон, згодна зь якім у пашпартах грамадзянаў Беларусі адмяняецца асабісты ідэнтыфікацыйны нумар. На якой падставе ініцыятары ўзгаданай акцыі зьвярнуліся ў ЦВК і чаму ім адмовілі ў рэгістрацыі?

Перадусім – пра тое, які шлях мусяць прайсьці ініцыятары законапраекту, незалежна ад зьместу прапанаванага імі закону. Летась у лістападзе быў прыняты закон пра парадак рэалізацыі права грамадзянаў Беларусі на заканадаўчую ініцыятыву. У ім дакладна акрэсьлены ўвесь мэханізм гэтай няпростай справы. Перадусім, грамадзяне мусяць стварыць ініцыятыўную групу і падрыхтаваць свой праект пэўнага закону. З гэтымі дакумэнтамі яны зьвяртаюцца ў Цэнтрвыбаркам. ЦВК накіроўвае законапраект на экспэртызу ў Міністэрства юстыцыі. Міністэрства цягам аднаго месяца мусіць даць адказ, наколькі праект закону адпавядае юрыдычным нормам – а Цэнтрвыбаркам тым часам вывучае, ці не было парушэньняў пры стварэньні ініцыятыўнай групы.

Што ж адбылося ў нашым канкрэтным выпадку? Цэнтрвыбаркам атрымаў аж два адказы з Мін’юста, прычым з парушэньнем месячнага тэрміну, але ні ў першым, ні ў другім лісьце няма галоўнага – заключэньня. Як патлумачыла на паседжаньні ЦВК прадстаўніца міністэрства, пытаньне надзвычай складанае і патрабуе вывучэньня праваслаўнай літаратуры, якой быццам бы ў Беларусі не хапае.

І вось тут самы раз сказаць, чаго дамагаюцца кіраўнік ініцыятыўнай групы Валеры Ярчак і ягоныя аднадумцы. Яны лічаць, што асабісты ідэнтыфікацыйны нумар у пашпарце ёсьць сатанінскім кляйном, і таму яго патрэбна ліквідаваць.

Былі зьвесткі пра тое, што міністэрства юстыцыі быццам бы самастойна рыхтуе нейкі прававы акт, які дазволіць атрымліваць пашпарты бяз ідэнтыфікацыйнага нумару. На паседжаньні Цэнтрвыбаркаму гэтую інфармацыю афіцыйна пацьвердзілі. Таму старшыня ЦВК спадарыня Ярмошына зьвярнула на гэта ўвагу спадара Ярчака.

(Ярмошына: ) “Ініцыятыўная група – гэта клопаты: патрэбны і сродкі, і падпісныя лісты патрэбна рэгістраваць. І нават калі гэтая ініцыятыва будзе падтрыманая, няма гарантыяў, што яна будзе рэалізаваная праз парлямэнт”.

А вось як на гэта адрэагавалі ініцыятары акцыі:

(Ярчак: ) “Мы яшчэ ў лістападзе накіравалі прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь пытаньне пра адмену асабістага ідэнтыфікацыйнага нумару – гэта была ягоная інтэрнэт-канфэрэнцыя. І атрымалі дакладны адказ, што бліжэйшым часам будзе дадзенае даручэньне ўраду распрацаваць гэтае пытаньне. Але ж зь лістапада да сёньняшняга дня нічога ня зроблена”.

Застаецца толькі дадаць, што спадарыня Ярмошына на паседжаньні некалькі разоў казала пра тое, што пастановы ЦВК, у тым ліку і тыя, што тычацца запытаў, мусяць абавязкова выконвацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG