Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гарадзенцаў найлепшыя кідальнікі молату й стралкі, а самая вядомая алімпійская чэмпіёнка з Горадні – Вольга Корбут


Сяргей Астраўцоў, Горадня Колькасьцю спартоўцаў у алімпійскай зборнай Гарадзеншчына зазвычай займае другое месца пасьля сталіцы. Сёлета нашых будзе 21 чалавек. На мінулай Алімпіядзе ў Сыднэі гарадзенцы атрымалі чатыры мэдалі. На афінскіх гульнях улады ад іх чакаюць такога ж выніку. Мясцовыя спартоўцы зьбіраюцца выступіць у сямі відах спорту. Ды ня ўсё так добра ў тутэйшых алімпійцаў. На гэтую тэму – гутарка зь вядомым гарадзенскім спартовым журналістам Восіпам Папко.

Самай вядомай алімпійскай чэмпіёнкай з Горадні некалі стала гімнастка Вольга Корбут. Яна даўно жыве ў Штатах і сувязяў з гарадзенскімі спартовымі арганізацыямі не падтрымлівае.

(Папко: ) “На жаль, пазыцыі ў спартовай гімнастыцы як у Беларусі, так і – асабліва – у Гарадзенскай вобласьці страчаны. Некалі мы радаваліся посьпехам вялікай Вольгі Корбут, а цяпер на Алімпіядзе ў Афінах ня будзе ніводнай гімнасткі-прадстаўніцы Гарадзеншчыны. Напрыклад, у Атланце й Сыднэі нядрэнна выступала наша Наталя Жырганава, але яна не прайшла кваліфікацыі”.

Восіп Папко азначае, што дастаткова часта пасьля завершаньня кар’еры беларускія гімнасты, а таксама трэнэры едуць у ЗША, у Чыкага. Ёсьць там і былыя гарадзенцы.

(Папко: ) “Нашы надзеі пераважна зьвязаны зь лёгкай атлетыкай. Найперш з кідальнікам молату Іванам Ціханам – чэмпіёнам сьвету мінулага году й Вольгай Цандзер – таксама кідальніцай молату”.

На Алімпіяду, як вядома, не паедзе “зорка” ў кіданьні ядра Яніна Карольчык – чэмпіёнка апошніх Алімпійскіх гульняў: за ўжываньне забароненых прэпаратаў яе дыскваліфікавалі на два гады. Спадар Папко лічыць, што дыскваліфікацыя Яніны Карольчык – гэта страчаны мэдаль Беларусі. А таму паўстае пытаньне надзейнага кантролю з боку спартовых дактароў што да ўжываньня нашымі спартоўцамі розных лекавых прэпаратаў.

(Папко: ) “Можна купіць звычайныя пігулкі ад насмарку й у іх можа аказацца прэпарат, які нельга ўжываць. Кантроль патрэбен. Але на добрым узроўні гэта будзе мажліва толькі тады, калі ў Беларусі зьявіцца сучасная лябараторыя, якая будзе мець акрэдытацыю Міжнароднага алімпійскага камітэту. На ўсёй постсавецкай прасторы такая лябараторыя ёсьць толькі ў Маскве. Абсталяваць яе, вядома, вельмі дорага. Але раз мы ўдзельнічаем у Алімпіядзе й столькі грошай ідзе на падрыхтоўку, то, напэўна, належыць мець такую лябараторыю”.

Мой суразмоўца падказвае, што на Гарадзеншчыне таксама захаваліся традыцыі кулявой стральбы. У Афінах будзе выступаць неаднаразовы прызэр Алімпійскіх гульняў Ігар Басінскі, у якога ёсьць бронзавы й срэбны мэдалі й не стае толькі залатога. У жыцьці ж стралка Канстанціна Лукашыка цяперашняя Алімпіяда стане чацьвёртай. У 1992 годзе ў 16-гадовым узросьце ў Барсэлёне ён заняў першае месца, і цяпер маюцца спадзяваньні на мэдаль.

Дарэчы сказаць, што да афінскай Алімпіяды палепшыць спартовую базу ў Горадні не пасьпелі. Праўда, для барцоў нарэшце стварылі аднаўленчы цэнтар з саўнай, масажнымі кабінэтамі й трэнажорнымі залямі. Аднак адкрыць яго мяркуюць прыблізна празь месяц. Вядзецца таксама рэканструкцыя спартовага комплексу “Нёман”. Пад футбольнымі трыбунамі будзе лёгкаатлетычны манэж з аднаўленчым цэнтрам і невялікімі спартовымі залямі. Але збудуюць яго, бадай, не раней, чым праз два гады.
XS
SM
MD
LG