Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У межах праграмы барацьбы супраць п’янства віцебскія міліцыянты задарма раздавалі мінэральную ваду падлеткам


Браніслава Станкевіч, Віцебск Гэтай акцыяй міліцыянты меліся папярэдзіць маштабнае падлеткавае п’янства, якое стала за апошнія гады неад’емнай рысаю фэстывалю “Славянскі базар”, што распачнецца ў Віцебску 15 ліпеня.

За шэсьць дзён да фэстывалю “Славянскі базар” віцебскія міліцыянты паспрабавалі змагацца з падлеткавым п’янствам — яны набылі за ўласныя грошы дваццаць пляшак мінэральнае вады. Праблема гандлю алькагольнымі напоямі даўняя, гэта прыбыткова для крамаў і вельмі непажадана для супрацоўнікаў міліцыі, якія мусяць змагацца з наступствамі.

Адзінае, што робяць напярэдадні фэстывалю гарадзкія ўлады — абмяжоўваюць продаж сьпіртовых напояў у фэстывальным цэнтры. Але набыць алькаголь без праблем можна ў любым іншым месцы гораду. Менавіта падлеткавае п’янства, паводле словаў супрацоўніка міліцэйскай прэсавай службы Алега Чумакова, стала асобным клопатам віцебскіх міліцыянтаў у часе “Славянскага базару”.

(Чумакоў: ) “Гэта вельмі страшна! Аднойчы мы затрымалі 13-гадовага хлопчыка, які напіўся аж да каматознага стану! І мы ня хочам, каб нашыя прыгожыя маладыя людзі выглядалі па-сьвінску!”

Зрэшты, хвалюе міліцыянтаў ня столькі неэстэтычны выгляд п’яных падлеткаў, колькі рост падлеткавае злачыннасьці ў дні фэстывалю. Але ці можна прадухіліць усё гэта з дапамогаю дваццаці пляшак мінэралкі?

(Дзяўчынка: ) “Ну, далі нам яны мінэралку. А чаго менавіта нам?! Тут дарослыя на “Славянскім базары” такія п’яныя ходзяць, што ў горад выйсьці страшна! Паглядзелі бы, колькі дарослых п’яных!”

Псыхолягі цьвердзяць, што падлеткі сталі больш ужываць алькаголю пад уплывам тэлевізійнае рэклямы, у прыватнасьці, рэклямы піва як выключна карыснага і прэстыжнага напою. Што да віцебскіх падлеткаў, то цягам “Славянскага базару” яны штогод назіраюць бесьперапынную рэкляму алькаголю самых розных гатункаў, да таго ж санкцынаваную дзяржавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG