Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле брытанскіх навукоўцаў курэньне скарачае жыцьцё ў сярэднім на 10 гадоў, але кінуць ніколі ня позна


Кастусь Бандарук і Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”.

Аб шкоднасьці курэньня вядома здаўна. Яшчэ 50 гадоў таму брытанская Рада мэдычных дасьледаваньняў апублікавала справаздачу, у якой упершыню даказвалася, што курэньне можа выклікаць рак лёгкіх. Пасьля дадатковых дасьледаваньняў многія дзяржавы прынялі законы, паводле якіх на кожным пачку цыгарэтаў вытворцы павінныя зьмяшчаць надпіс кшталту “Міністэрства аховы здароўя папярэджвае: курэньне шкоднае для вашага здароўя” або вельмі катэгарычна, як, напрыклад, у Чэхіі – “Курэньне можа вас забіць”. На жаль, пераважная большасьць курцоў ігнаруюць гэтыя папярэджаньні.

Нядаўна зьявілася ці ня самае грунтоўнае навуковае дасьледаваньне ў гэтай галіне, якое цягнулася 50 гадоў і адназначна пацьвердзіла шкоднасьць курэньня, а таксама той факт, што адмовіцца ад шкоднай звычкі можна практычна ў любы час, і гэта станоўча паўплывае на здароўе.

“Прынамсі палова, а можа нават дзьве траціны курцоў паміраюць з прычыны тытуню. На шчасьце, ёсьць і добрая навіна: можна падоўжыць жыцьцё, адмовіўшыся ад цыгарэтаў нават пасьля 40 гадоў курэньня”. Такая галоўная выснова справаздачы, апублікаванай у навуковым часопісе “British Medical Journal”. Дакумэнт зьяўляецца вынікам 50-гадовага дасьледаваньня, праведзенага брытанскімі вучонымі – лордам Рычардам Долам і Брэдфардам Гілам.

У гэтым беспрэцэдэнтным па сваіх маштабах праекце ўзялі ўдзел амаль 35 тысяч чалавек. Усе яны былі лекарамі і нарадзіліся ў пэрыяд паміж 1900 і 1930 гадамі. Сярэдні курэц пачынаў курыць у 18 гадоў і выкурваў 18 цыгарэтаў у дзень. Дарэчы, зь іх ліку да сёньняшняга дня жывуць усяго 5 тысяч 900 чалавек, і толькі 134 зь іх усё яшчэ кураць. Сам Рычард Дол, перастаў курыць у 1954 годзе пасьля апублікаваньня сваёй справаздачы, калі яму было 37 гадоў.

Цягам наступных гадоў дасьледчыкі сачылі, што адбываецца з курцамі, які стан іхнага здароўя, ці яны перасталі курыць, да якога ўзросту дажылі, а калі памерлі, дык зь якой прычыны. Канчатковая справаздача сьцвярджала бяз аніякага сумневу: той, хто курыў, паміраў прыблізна на 10 гадоў раней, чым той, хто ніколі не курыў.

У параўнаньні з тымі, хто ня курыць, курцы маюць у два разы меней шанцаў дажыць да 70 гадоў, і ў тры разы – дажыць да 90 гадоў.

Прывязанасьць да нікатыну забівае амаль палову курцоў, чвэрць зь іх ва ўзросьце, ад 35 да 69 гадоў. Галоўным забойцам, як і меркавалася, аказаўся рак лёгкіх, гартані, страваводу, але ў сьпісе прычынаў сьмерці зьвязаных з тытунём былі й сардэчна-судзінныя хваробы, у прыватнасьці, інсульт.

На шчасьце, іншая выснова, да якой прыйшлі брытанскія навукоўцы, болей аптымістычная. Яны пацьвердзілі, што кінуць будзе карысна ў любы момант, нягледзячы на “стаж” курца: як кажуць, лепш пазьней, чым ніколі. Тыя з удзельнікаў праграмы, якія перасталі курыць у 60 гадоў, выйгравалі 3 дадатковыя гады жыцьця. У тых, хто вырашыў адмовіцца ад тытуню ў 50, 40 і 30 гадоў, працягласьць жыцьця павялічвалася адпаведна на 6, 9 і 10 гадоў.

Інакш кажучы, калі кінуць курыць у 30 гадоў, дык можна пражыць практычна столькі ж, што і тыя, хто ніколі ў жыцьці не паліў. Аднак гэта ня значыць, што можна цалкам бясьпечна курыць да 30-40 гадоў, а потым кінуць – лічаць брытанскія вучоныя. Рызыка палягае ў тым, што з кожным дадатковым годам курэньня адмовіцца ад гэтай звычкі будзе ўсё цяжэй.

“У сьвеце з прычынаў хваробаў, зьвязаных з курэньнем, памірае ўсё болей людзей”, – нагадаў Рычард Пэто з Оксфардзкага ўнівэрсытэту, які супрацоўнічаў з Рычардам Долам і Брэдфардам Гілам. Сам ён пачаў курыць у 16 гадоў, аднак кінуў 7 гадоў пазьней.

У 1954 годзе курылі 80% брытанцаў, аднак пасьля апублікаваньня навуковых доказаў аб шкоднасьці нікатыну, ад тытуню адмовіліся многія брытанцы . У 2004 годзе, паводле ацэнак, кураць каля 26% жыхароў Вялікай Брытаніі. Наагул жа, за апошнія 50 гадоў з прычыны паленьня ў Вялікай Брытаніі памерлі 6 мільёнаў чалавек.

Дзякуючы розным абмежаваньням і антынікатынавым рэклямным кампаніям, курэньне паступова перастае быць праблемай ў Амэрыцы і Заходняй Эўропе, але стала павялічваецца колькасьць курцоў ў краінах трэцяга сьвету. У найбліжэйшай будучыні, штогод у сьвеце з прычыны тытуню будуць паміраць каля 6 мільёнаў чалавек – перасьцерагае Рычард Пэто.

Дасьледаваньне лорда Рычарда Дола іншыя мэдыкі й экспэрты назвалі “ашаламляльным дасягненьнем”. Сам лорд Дол, якому цяпер 91 год, гэтак пракамэнтаваў вынікі сваёй працы: “Я магу толькі сказаць людзям, што калі яны задаволеныя сваім жыцьцём, калі яны лічаць, што жыцьцё на гэтым сьвеце чагосьці вартае, дык курыць – гэта страшнае глупства, бо яны самі сабе не даюць пажыць па сапраўднаму”.

***

Адначасова з публікацыяй аб выніках брытанскага дасьледаваньня ў Бостане было зроблена сэнсацыйнае паведамленьне. Амэрыканскія мэдыкі знайшлі мэханізм, пры дапамозе якога нават тыя, хто кінуў курыць, хварэюць на рак лёгкага. Аказалася, што курэньне выклікае мутацыю пэўных генаў у клетках лёгкага. Пасьля таго, як людзі курыць кідаюць, паступова гены вяртаюцца да нормы, але не ва ўсіх. Зьмяняюцца гены, адказныя за рост новаўтварэньняў і за змаганьне з такімі новаўтварэньнямі. Калі чалавек кідае курыць, дык праз два гады яго генатып пачынае нагадваць генатып таго, хто ніколі не курыў. Калі ж чалавек кінуў курыць менш за два гады таму, гены ў клетках лёгкага ўсё яшчэ застаюцца зьмененыя.

***

А зараз – парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Рэалістычныя спадзяваньні ў адносінах з вашым партнэрам могуць зрабіць вас абодвух мацнейшымі і здаравейшымі. Вядома, высокія чаканьні могуць дапамагчы росквіту каханьня, але яны ж могуць прывесьці і да расчараваньня. Таму лепш сфармуляваць для сябе рэалістычныя спадзяваньні ў дачыненьні да вашага партнэра, прызнаючы яго вартасьці й слабасьці. RealAge сьцьвярджае, што доўгатэрміновыя любоўныя адносіны могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш як на 6 з паловай гадоў маладзейшым.

2. Пастарайцеся ў гэтым сэзоне болей есьці суніцаў, і вашае здароўе рэзка скокне ўгару. Багатая на вітаміны дыета памяншае рызыку хранічных хваробаў. Суніцы – адзін з самых багатых на вітаміны і іншыя карысныя рэчывы відаў садавіны. У дадатак да вельмі карыснага для сэрца вітаміну С, суніцы маюць у сваім складзе шмат фляваноідаў, якія пасьпяхова змагаюцца з ракам. У гэтай сувязі RealAge нагадвае, што багатая на карысныя рэчывы дыета, калі вы будзеце чатыры разы на дзень есьці садавіну і гародніну, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.

3. Мала хто ведае, што ключ да пахудзеньня – нармальная колькасьць сну. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што нармальны сон ня толькі робіць чалавека больш моцным і бадзёрым, але яшчэ і ўплывае на вагу цела. Страта сну разбурае нармальныя фізіялягічныя рытмы, і гэтыя разбурэньні адкрываюць шлях падвышанай вазе. RealAge прыпамінае, што падтрыманьне вашай вагі на нармальным узроўні можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG