Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Гомеля выказваюць сваё стаўленьне да пахаваньняў нямецкіх салдатаў у Беларусі


Казімер Яноўскі, Гомель У вайну Гомель больш як два гады знаходзіўся пад акупацыяй фашыстоўскіх захопнікаў. Адступаючы, немцы пакінулі ў цэнтры гораду, на цяперашнім пляцы Леніна і ў парку па-над Сожам, вялікія могілкі сваіх загіблых салдатаў. Акурат ў парку і на пляцы наш карэспандэнт задаваў гамельчукам пытаньне тыдня.

(Карэспандэнт: ) “Ці лічыце вы, што могілкі нямецкіх салдатаў у Беларусі павінны быць дагледжаныя і ўпарадкаваныя”?

(Мужчына: ) “На гэты конт, здаецца, ёсьць пагадненьне паміж дзяржавамі і пагадненьне павінна выконвацца. Калі мы прэтэндуем на тое, каб магілы нашых загіблых былі дагледжаны і даглядаліся, трэба, мусіць, тым жа і адказваць і паказваць у гэтым прыклад”.

(Жанчына: ) “Я не асаблівая верніца. Але я лічу, што магіла любога чалавека, нягледзячы на нацыянальнасьць, павінна быць дагледжанай, мець годны выгляд. Не важна, каму ён служыў, каму падпарадкоўваўся. Гэта ягоная трагедыя. Перад жыцьцём і Богам мы ўсе аднолькавыя”.

Прыкладна так адказвала большасьць гамельчукоў на пытаньне тыдня. Аднак што рабіць з парэшткамі салдатаў вэрмахту, закатаных пад асфальт?

Паводле зьвестак вайскова-мабілізацыйнай управы аблвыканкаму, на цяперашнім пляцы Леніна і ў парку былі пахаваны 2,5 тысячы салдатаў вэрмахту. Ніякіх знакаў, што яны ляжаць тут, няма. Але людзі памятаюць пра нямецкія могілкі.

Распавядае вэтэран вайны Міхаіл Мармалюкоў:

(Мармалюкоў: ) “Памятаю, памятаю. Тут шмат пахавана немцаў. Крыжы, каскі – звычайныя могілкі. Зраўнялі. Мы зраўнялі”.

(Карэспандэнт: ) “А што рабіць з плошчай, з гэтымі пахаваньнямі?”

(Мармалюкоў: ) “Цяжкае пытаньне. Навошта капаць ужо? Там ужо і костак няма. Яны тут ляжаць спакойна і нікому не перашкаджаюць. Ну ходзім мы тут і будзем хадзіць, пакуль жывыя”, – кажа вэтэран.

Працягваю высьвятляць стаўленьне гамельчукоў да нямецкіх пахаваньняў у парку па-над Сожам.

Гаворыць удзельнік вайны Марк Зелянчонак:

(Зелянчонак: ) “Тут ужо нічога зрабіць нельга. Во тут былі могілкі італьянцаў, дык італьянцы прыехалі, выкапалі і забралі парэшткі сваіх салдатаў. У гэтай частцы парку былі і нямецкія могілкі. Ну што цяпер рабіць? Узрываць усё? Тут ужо, як кажуць, згубіўшы галаву, ня плач па валасах. Тут ужо нічога не зробіш”.

Маладзейшыя гамельчукі таксама выказвалі сваё стаўленьне да пахаваньняў нямецкіх салдатаў.

(Дзяўчына: ) “Я лічу так: калі ёсьць каму могілкі даглядаць, ёсьць нейкія сваякі, няхай даглядаюць. А нашы дзяды, якія з немцамі змагаліся, не павінны даглядаць нямецкія магілы”.

(Хлапец: ) “Калі нямецкі бок хоча як-небудзь увекавечыць пахаваньні, то няхай яны вырашаюць з нашым гарадзкім савеце, як гэта зрабіць. Паставяць на ўсенароднае галасаваньне – захочуць гараджане бачыць тут памятныя знакі, ці не”.

Сярэдняга веку жанчына прапанавала наступнае:

(Жанчына: ) “Лепей было б так зрабіць: раскапаць і вывезьці парэшткі. Тут, я лічу, хаваць ня трэба. За іхнія сродкі раскапаць і вывезьці на іх радзіму, у Нямеччыну, ці ў нас недзе ў асобным месцы, але ня ў парку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG