Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўспрымаюць менчукі дзень 3 ліпеня як асабістае сьвята? Ці адзначаюць ў сям’і гэтае сьвята?


Альгерд Невяроўскі, Менск Што гаворыць вам гэтая дата — 3 ліпеня? Ці адзначаеце вы і вашая сям’я гэтае сьвята? Такія пытаньні напярэдадні дня вызваленьня Менску задаваў людзям наш карэспандэнт.

Многія апытаныя мною людзі лічаць 3 ліпеня вялікім сьвятам і адзначаюць яго зь сям’ёй і сябрамі:

(Ветэран: ) “Я сам беларус, хаця цяпер і жыву ў Расеі на Кубані. Але я тут ваяваў, для мяне гэта вялікае сьвята”.

(Дзяўчына: ) “60 гадоў з Дня перамогі. Адзначаем разам зь сябрамі, пойдзем на канцэрт на стадыён “Дынама”. Гэта ўсё ж такі сьвята, нашыя продкі ваявалі, каб мы добра жылі”.

(Яе сяброўка: ) “Дзяды, прадзеды ваявалі, мая бабуля ваявала. Нейкі патрыятызм, я думаю, яшчэ застаўся ў сэрцах”.

(Спадарыня: ) “Дзень вызваленьня і незалежнасьці. Мы не мясцовыя, з Рэчыцы, прыехалі паглядзець на сьвята. Прыехалі да дачкі ў Менск у госьці. У нас бацька ваяваў, і таму гэта для нас сьвята”.

(Вэтэран: ) “3 ліпеня? Ну я ж ваяваў, абараняў. Быў у партызанах, потым на фронце, быў паранены. Цяпер інвалідам вайны 2-й групы застаўся. Вельмі цяжка гаварыць”.

(Дзяўчына: ) “Гэта дзень вызваленьня нашай краіны ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. У мяне дзядуля і бабуля ваявалі, гэта сьвята для нас. Зь сябрамі пойдзем у горад, будзем глядзець салют”.

(Спадар: ) “Сьвята чарговае. Нешта ва ўспамінах ёсьць. Дзень вызваленьня Беларусі, але цяпер называецца Дзень Незалежнасьці.Ад каго, ад чаго — ня ведаю, але пра вайну помніцца па расповедах, па фільмах і г.д. Я думаю сьвята будзе добрае, асабліва для вэтэранаў”.

(Спадарыня: ) “Дзень вызваленьня Беларусі — сумнае і радаснае сьвята. Я сама мянчанка. У мяне ўсе загінулі, я ў дзіцячы дом трапіла. У 1946 годзе дадому вярнулася — адныя руіны, разваліны былі. Для ўсёй Беларусі важнае сьвята”.

(Хлопец: ) “Гэты дзень вельмі важны — Дзень Незалежнасьці Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму гэты дзень для вас вельмі важны і як вы яго адзначаеце?”

(Хлопец: ) “Я прыехаў здаваць уступныя іспыты і хачу застацца на гэтае сьвята ў Менску”.

Але ёсьць нямала людзей, для якіх 3 ліпеня ня ёсьць ніякім сьвятам, і яны яго не адзначаюць:

(Хлопец: ) “Я разумею, што гэта сьвята, але для мяне яно нічога ня значыць. Хіба што толькі выходны і нагода сустрэцца зь сябрамі”.

(Спадар: ) “Шчыра кажучы, ніколі не адзначаў, ведаю толькі, што гэта дзень перамогі, вызваленьня Менску альбо Беларусі. Нешта такое. Ведаеце, страшна, бо самалёты над галавой лётаюць — вельмі страшна”.

(Спадар: ) “Нічым гэты дзень для мяне ня ёсьць. Дзень вызваленьня Беларусі — ні больш, ні менш”.

(Карэспандэнт: ) “А гэта для вас сьвята ці не, вы яго неяк адзначаеце?”

(Спадар: ) “Не, не адзначаю, я да гэтага не прызвычаены”.

(Хлопец: ) “Гэта як бы дзень свабоды. Мне дык гэта сьвята ня вельмі, але маім дзядулі й бабулі дык чамусьці вельмі. Неяк так для душы”.

(Дзяўчына: ) “Сказаць, што так сьвяткуем — нельга. Выходзім у горад. Але я не лічу тое, што адбываецца ў нас штогоду, адное і тое ж — сьвятам. Сьвята павінна быць для кожнага чалавека ўнутры сваё”.

(Дзяўчына: ) “Гэта сьвята”.

(Карэспандэнт: ) “А што гэта за сьвята?”

(Дзяўчына: ) “Я ня памятаю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG