Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальная справа супраць 13 берасьцейскіх мытнікаў зноў разглядаецца ў судзе


Алег Супрунюк, Берасьце

У Маскоўскім судзе Берасьця пачаўся новы разгляд гучнай крымінальнай справы, паводле якой у службовых злоўжываньнях абвінавачваюцца 13 супрацоўнікаў берасьцейскай мытні.

Мытнікаў падазраюць у тым, што восеньню 2002 году яны наўмысна пакінулі бяз мытнага афармленьня грузаў цягнік “Варшава–Масква”. Паводле сьледзтва, такім чынам з уладальнікаў грузу не было спагнана мытных пошлінаў прыблізна на 2 мільёны амэрыканскіх даляраў.

Паводле выраку суду Ленінскага раёну Берасьця, які першапачаткова разглядаў гэтую справу, галоўныя абвінавачаньні супраць мытнікаў не прызнаныя сапраўднымі, і яны выйшлі на волю. Аднак абласны суд адмяніў гэты вырак і накіраваў справу на новы разгляд.

У часе сёньняшняга паседжаньня высьветлілася, што на лаве падсудных апынуліся толькі два з трынаццаці мытнікаў (астатнія па-ранейшаму знаходзяцца на волі). Таму судзьдзя Іна Клышпач вырашыла перанесьці разгляд справы на 8 ліпеня.
XS
SM
MD
LG