Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая мода ў Японіі – татальнае захапленьне электроннымі іянізатарамі паветра


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”.

Да закрыцьця “Bic Camera”, найбуйнейшага ў Токіё магазыну бытавых электрапрыладаў, застаецца ўсяго дзесяць хвілінаў, і Масаёсі Эгава пачынае хвалявацца. Ягоны сын Іёкіё цяпер напружана рыхтуецца да ўступных іспытаў ва ўнівэрсытэт, а для падтрыманьня сілаў яму неабходная іённая настольная лямпа – упэўнены бацька. Эгава ўгаворвае адміністратарку крамы, каб яму прадалі апошнюю лямпу, выстаўленую на вітрыне. Ён баіцца гневу жонкі, калі прыйдзе дамоў з пустымі рукамі. Жонка Эгавы перакананая, што посьпех Іёкіё цалкам залежыць ад настольнай лямпы, якая іянізуе паветра, і гэтакім чынам нібыта паляпшае разумовыя здольнасьці.

Жонка Эгавы далёка не адзіная японка, апантаная гэтай навязьлівай ідэяй. Занепакоенасьць станам здароўя, якая балянсуе на мяжы з сапраўдным нэўрозам, ахапіла бадай усю Японію, і людзі гатовыя заплаціць любыя грошы за найноўшыя дасягненьні навукі, каб справіцца з гэтай праблемай. У японскіх офісах рэкамэндуецца ўсталёўваць перагародкі зь фільтрам з драўлянага вугалю паміж сталамі супрацоўнікаў. Усё абсталяваньне офісаў, пачынаючы зь пісьмовых прыладаў і канчаючы клямкамі ў дзьвярох, пакрытыя спэцыяльнымі антыбактэрыяльнымі плеўкамі. Шматмільярдная электронная індустрыя Японіі пачала масавую прадукцыю сумнеўных прыладаў, якія нібыта спрыяюць добраму здароўю.

У аснове гэтай новай маніі ляжыць тэорыя, згодна якой на арганізм чалавека карысна ўплываюць адмоўна наладаваныя іёны. І апошнім часам у Японіі вырабляецца мноства розных прыладаў для аздараўленьня арганізму, такіх як іённыя ачышчальнікі паветра, электронныя стымулятары галаўнога мозгу і нават стымулятары страваваньня. Найбуйнейшыя кампаніі краіны, такія як “Hitachi”, “Matsushita”, “Toshiba” і “Sharp” мадэрнізуюць свае вырабы, каб яны поўнасьцю адпавядалі усеагульнаму захапленьню іянізатарамі й “аздраўляльнай” тэхнікай.

Сетка магазынаў “Bic Camera” прадае больш як 20 мадэляў пральных машынаў, якія нібыта наладоўваюць адмоўнымі зарадамі звычайную бялізну ў часе мыцьця, і зьнішчаюць любыя бактэрыі, якія могуць знаходзіцца ў ёй.

Уздоўж цэнтральнага праходу гандлёвай залі стаяць шэрагі лядоўняў, якія таксама эмітуюць адмоўныя іёны. Прадавец кажа, што цяпер большасьць кліентаў найперш цікавяцца, наколькі гэтыя лядоўні забясьпечваюць сталую іянізацыю паветра. У інструкцыях некаторых мадэляў лядоўняў напісана, што ў маразільных камэрах можна падрыхтаваць іянізаваныя кубікі лёду.

Для людзей, асабліва заклапочаных сваім здароўем, створаная мадэль лядоўні “Plasmacluster” зь іённым выпрамяненьнем. Вытворца – кампанія “Sharp” – даказвае, што сыстэма распыленьня адмоўных і станоўчых іёнаў дазваляе зьнішчыць усе вірусы і бактэрыі. Цяпер практычна ўсе бытавыя тавары фірмы “Sharp” маюць убудаваны іянізатар. На кандыцыянэрах і прыладах для распыльваньня вільгаці адмыслова ставіцца значок з выявай забітага вірусу.

“Я нават ня ўпэўнены ў тым, што тэхналёгія нэгатыўна зараджаных іёнаў дае такі добры эфэкт, пра які яны гавораць, але я проста адчуваю, што я абавязкова павінен набыць такую прыладу”, – кажа Норыка Іта, які параўноўвае цэны дзьвюх параў чаравікаў фірмы “Bio Shoes Clinic”. Гэтыя чаравікі маюць мініятурную электрычную прыладу, якая усю ноч пампуе іянізаванае паветра ў сярэдзіну і ачышчае ад бактэрыяў. “Цяпер, калі ўсе навокал набываюць прылады для падтрыманьня добрага здароўя, неяк не выпадае не рабіць, як усе”, – кажа Норыка Іта.

Японцы традыцыйна напаўняюць свае дамы самымі рознымі электроннымі прыладамі. Гэта і адмысловыя фільтры для ачысткі вады, і пыласосы, і спэцыяльныя ванны. Цяпер да ўсіх гэтых прадметаў дадаюцца складаныя прылады, якія выпраменьваюць іёны, што нібыта мае бактэрыцыдны эфэкт і стымулюе работу галаўнога мозгу.

У аддзяленьні кандыцыянэраў прадаюцца прылады, якія ачышчаюць паветра ва ўсёй хаце. Яны перапрацоўваюць вуглякіслы газ у кісларод – прылада карыстаецца вялікай папулярнасьцю ў жыхароў вялікіх гарадоў. Цяпер жа некаторыя японцы кажуць, што іхныя кватэры такія ж чыстыя і насычаныя кіслародам, як быццам яны жывуць у лесе побач з вадаспадам.

Найбольшы выбар электронных прыладаў, здольных задаволіць бадай любы капрыз, прапануецца жанчынам. Для прыкладу, японкам рэкамэндуецца абвяваць твар прыладай “Photo Ion”, якая нібыта ліквідуе ня толькі бактэрыі, але і зморшчыны. Перш чым прыняць душ або ванну, да галавы трэба прымацаваць лічбавы канвэртар, а да душавога шлянгу – спэцыяльны фільтар, які вітамінізуе ваду.

Канцэрн “Hitachi” выпусьціў нават адмысловы грэбень, у інструкцыі да якога напісана: “кожны раз, калі расчэсваеш валасы гэтым грэбнем, ты адчуваеш далікатную апёку іёнаў”.

А зараз – мэдычныя парады “Real Age”.

– Калі вы часта бываеце раздражнёныя, у вас праблемы з канцэнтрацыяй і схільнасьць да інфэкцыяў, магчыма вашаму арганізму не хапае магнію. Магній кіруе мэтабалізмам у клетках, пастаўляе ім кісларод, а таксама стымулюю спальваньне тлушчу. Багатымі крыніцамі магнію зьяўляюцца цэльназерневыя прадукты, салата, зялёная гародніна, авакада, арэхі, а таксама морапрадукты. Аптымальная колькасьць магнію – 400 міліграмаў удзень для жанчын, і 333 міліграмы для мужчын.

– Здаровы сон ня толькі дае адчуваньне сьвежасьці і бадзёрасьці, але можа дапамагчы захоўваць аптымальную вагу цела. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, неадпаведны сон парушае псыхалягічны рытм, а гэта ў сваю чаргу спрыяе атлусьценьню. Спэцыялісты рэкамэндуюць рабіць перад сном фізычныя практыкаваньні, напрыклад, прабежкі або, прынамсі, шпацыр. Перад сном варта пачытаць кніжку, паслухаць музыку. Трэба абавязкова праветрыць спальню, не пераядаць перад сном, ня піць кавы і ў меры магчымасьці класьціся спаць у адпаведнасьці з нашым біялягічным гадзіньнікам. Даросламу чалавеку дастаткова ад 6 да 8 гадзінаў сну.
XS
SM
MD
LG