Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Independent” публікуе новыя падрабязнасьці забойства Гангадзэ і датычнасьці да справы ўкраінскага прэзыдэнта


Юрась Бушлякоў, Прага Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма чарговы раз апынуўся пад прэсінгам – пасьля таго, як у прэсу трапілі матэрыялы расьсьледаваньня зьнікненьня ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ. З сакрэтных дакумэнтаў, перададзеных у брытанскую газэту “Independent”, вынікае, што высокія прадстаўнікі ўкраінскай улады чынілі спробы перашкодзіць расьсьледаваньню справы Гангадзэ.

Журналіст Аскольд Крушальніцкі атрымаў дакумэнты ад службоўцаў украінскіх праваахоўчых органаў. “Independent” прыводзіць, у прыватнасьці, урыўкі допытаў міліцыянтаў, якія сачылі за Гангадзэ. Згодна з цьверджаньнямі міліцыянтаў, сачэньне вялося на загад аднаго з ключавых генэралаў Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Аляксея Пукача, якому, у сваю чаргу, адпаведнае распараджэньне даў тагачасны міністар унутраных справаў Юры Краўчанка. З матэрыялаў допытаў вынікае, што ў групы сачэньня за журналістам ўваходзіла каля 25 чалавек. Некалькі супрацоўнікаў МУС прызналіся, што генэрал Пукач загадаў ім пазьней, насуперак статутным інструкцыям, зьнішчыць сьпісы з прозьвішчамі тых, хто сачыў за Гангадзэ. У публікацыі брытанскай газэты з спасылкамі на вынікі допытаў фактычна ўпершыню названае прозьвішча чалавека, які, магчыма, меў беспасярэдняе дачыненьне да забойства Георгія Гангадзэ. Гэта супрацоўнік украінскага МУС Аляксандар Музыка.

Людзі, якія перадалі сакрэтныя матэрыялы ў “Independent”, абураліся тым, што ўкраінскія ўлады перашкаджаюць іхнаму расьсьледаваньню. Аўтар публікацыі Аскольд Крушальніцкі прыводзіць словы тых людзей. Яны гавораць, што былы дзяржаўны пракурор Сьвятаслаў Піскун быў блізкі да выстаўленьня абвінавачаньняў у справе зьнікненьня Гангадзэ, калі яго зьнялі з пасады. Паводле словаў выкрывальнікаў, прызначаны Кучмам наступнік Піскуна Генадзі Васільеў заявіў, што папярэдняе расьсьледаваньне нічога ня выявіла, і пачаў згортваць пошукі. “Васільеў, – цытуе газэта сваіх інфарматараў, – выпусьціў з-пад варты высокапастаўленага супрацоўніка міліцыі, які, на думку генэральнай пракуратуры, зьнішчыў важныя дакумэнты ў справе Гангадзэ й, магчыма, адыграў ключавую ролю ў арганізаваньні забойства”.

Шмат якія з атрыманых брытанскай газэтаю дакумэнтаў – гэта сьведчаньні відавочцаў, сабраныя сьледчымі Генэральнай пракуратуры Ўкраіны. Украінскія службоўцы, якія кантактавалі з журналістам Крушальніцкім, не хавалі боязі, што Васільеў можа папросту зьнішчыць матэрыялы, спрабуючы схаваць праўду ў справе Гангадзэ. Імёны службоўцаў у публікацыі не названыя – зь меркаваньняў бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG