Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэнсі Рэйган супраць Джорджа Буша: ці маральна стрымліваць у імя маралі распрацоўку лекаў?


Ганна Соусь, Прага Удава Роналда Рэйгана Нэнсі Рэйган разам зь дзецьмі пачынае кампанію супраць прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Яны выступаюць за экспэрымэнты з камлёвымі клеткамі, атрыманымі з чалавечых эмбрыёнаў. Пра гэта піша амэрыканскі часопіс “NEWSWEEK”.

Найперш пра тое, што сабой удаюць камлёвыя клеткі й чаму яны сталіся падставай для палітычных дэбатаў паміж удавой 40-га прэзыдэнта ЗША і цяперашнім амэрыканскім лідэрам Джорджам Бушам. Камлёвыя клеткі, атрыманыя з чалавечых эмбрыёнаў, могуць даць пачатак любому органу ці тканіне. Навукоўцы лічаць іх пэрспэктыўнымі для лячэньня многіх хваробаў, такіх як хвароба Паркінсона, хвароба Альцгэймера, дыябет, інсульт, інфаркт ды іншыя. Аднак многія, у тым ліку й прэзыдэнт Джордж Буш, бачаць у выкарыстаньні камлёвых клетак вялікую этычную праблему, бо такім чынам зьнікае чалавечая сутнасьць, што гэта супярэчыць нормам маралі.

Амэрыканскі часопіс “NEWSWEEK” піша, што ўжо два гады таму Нэнсі Рэйган мела дакладнае ўяўленьне пра экспэрымэнты з камлёвымі клеткамі і пра тую ролю, якую яны маглі бы адыграць у лячэньні пэўных хваробаў, у тым ліку й хваробы ейнага мужа Роналда Рэйгана. Месяц таму яна вырашыла публічна выступіць у падтрымку дасьледаваньняў камлёвых клетак. Нэнсі Рэйган заявіла, што “навука падаравала нам надзею – экспэрымэнты з камлёвымі клеткамі, якія дапамогуць навукоўцам знайсьці адказы на пытаньні, якія так доўга былі па-за межамі нашага ўсьведамленьня. Мы ўжо згубілі столькі часу, і я сапраўды не магу больш заставацца ўбаку, бо мы можам згубіць яшчэ больш”, кажа Нэнсі Рэйган. Сьмелы выступ Нэнсі Рэйган супраць Рэспубліканскай партыі й палітыкі Джорджа Буша ў справе дасьледаваньняў камлёвых клетак даў новы імпульс ня толькі прыхільнікам гэтых дасьледаваньняў, але й іхным апанэнтам.

“NEWSWEEK” адзначае, што на цяперашні момант няма прыкметаў таго, каб прэзыдэнт Джордж Буш зьбіраўся зьмяніць сваё адмоўнае стаўленьне да экспэрымэнтаў з камлёвымі клеткамі. “Ніякі драматычны прагрэс, ніякія навуковыя дасьледаваньні ня зьменяць этычных прынцыпаў” – так выглядае пазыцыя Джорджа Буша. Празь некалькі дзён пасьля пахаваньня Роналда Рэйгана Буш заявіў, што “жыцьцё створанае Богам: гэта не матэрыял, які выкарыстоўваецца чалавекам.” Нягледзячы на тое, што наўпрост ён не казаў пра дасьледаваньні камлёвых клетак, але з гэтай заявы прынамсі зразумела, чым матываваная ягоная пазыцыя ў гэтым пытаньні.

“NEWSWEEK” адзначае, што дасьледчыкі маглі ўжо прадукаваць з камлёвых клетак дапаміны, якія здольныя змагацца з хваробай Паркінсона. Ці азначае гэта, што навукоўцы маглі б таксама вырабіць зь іх здаровыя нэйроны й перасадзіць іх у чалавечы мозг замест тых, што былі разбураныя ў выніку хваробы Альцгэймера? Ніхто ня ведае. Праўда тое, што хвароба Альцгэймера настолькі складаная, што нават цудоўныя камлёвыя клеткі ня здольныя вылечыць яе. Аднак многія вераць, што ў патэнцыяле гэта магчыма.

Лекар Лэры Голдштэйн з каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега выкарыстоўвае камлёвыя клеткі, каб разьвіваць тыя клеткі чалавечага мозгу, што мутавалі ў выніку хваробы Альцгэймера. Замест таго, каб аналізаваць хваробу на больш позьняй стадыі, ён мае намер назіраць, як яна разьвіваецца напачатку. Голдштэйн спадзяецца, што такім чынам можна стварыць лекі, якія могуць спыніць разьвіцьцё хваробы на самым пачатку. “Яны ня толькі цудоўным чынам лечаць хваробы, але й дапамагаюць зразумець, як зьяўляецца жыцьцё”, гаворыць дасьледчык камлёвых клетак Рон МакКэй з Нацыянальнага інстытуту здароўя. Паводле яго, камлёвыя клеткі – гэта будучае мэдыцыны.

Аднак палітычнае будучае мэдыцыны камлёвых клетак застаецца нявырашаным. Яшчэ да сьмерці Роналда Рэйгана Нэнсі Рэйган і яе дачка Пэці Дэйвіс выступілі супраць палітыкі Джорджа Буша ў дачыненьні да дасьледаваньняў камлёвых клетак. У мінулую пятніцу, падчас разьвітаньня з Рэйганам, ягоны сын Рон Рэйган выступіў з прамовай, у якой прагучала крытыка ў адрас палітычных лідэраў, што выкарыстоўваць рэлігію дзеля таго, каб атрымаць палітычную перавагу. Гэты камэнтар інтэрпрэтаваўся ў Вашынгтоне як ня вельмі тонкі выпад у бок Буша.

“Жахлівая вайна, якая сталася непадкантрольнай, можа вырашыць вынік наступных выбараў”, напісала ў Newsweek дачка Рэйгана Пэці Дэйвіс пасьля сьмерці бацькі й дадала, што вынікі выбараў таксама павінны вырашыць лёс дасьледаваньняў “цуду камлёвых клетак”, якія адміністрацыя Джорджа Буша зьбіраецца заблякаваць.

Цяпер у Белым Доме спрабуюць вырашыць нязгоды між Нэнсі Рэйган і Джорджам Бушам у гэтым пытаньні. Нэнсі Рэйган разумее, што адразу яна ня здолее дасягнуць жаданага выніку, аднак захады ў гэтым кірунку працягвае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG