Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст кааліцыі “5+” перадаў улёткі ў “няправільную” арганізацыю, і пільны вэтэран здаў яго ў міліцыю


Марыя Ўсьціновіч, Горкі У горадзе Горкі Магілёўскай вобласьці за распаўсюд улётак народнай кааліцыі “5+” аштрафаваны актывіст партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” Дзям’ян Франкоўскі. Падставай для гэтага стаў зварот да ўладаў старшыні раённай вэтэранскай арганізацыі.

Дзям’ян Франкоўскі распаўсюджваў у горадзе Горкі ўлёткі кааліцыі “5+” пра праграму “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Каля сотні ўлётак прызначаліся мясцовай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай. Горацкая ПКБ дзеліць офіс з раённым таварыствам вэтэранаў. Калі Дзям’ян прынёс туды ўлёткі, нікога з прадстаўнікоў партыі на месцы не было, і малады чалавек пакінуў улёткі на пісьмовым стале. Што было далей — распавядае Дзям’ян Франкоўскі:

(Франкоўскі: ) “Старшыня вэтэранаў Маркоўскі аднёс улёткі ў міліцыю і напісаў заяву: разабрацца, што гэта за партыі, ці зарэгістраваныя яны, што такое кааліцыя наогул”.

Міліцыянты склалі пратакол, і неўзабаве адміністрацыйная камісія Горацкага райвыканкаму аштрафавала Дзям’яна Франкоўскага на адну базавую велічыню — 19 тысяч рублёў. Фармулёўка — “за распаўсюд улётак, якія вырабленыя з парушэньнем устаноўленага парадку”.

(Франкоўскі: ) “Адзін чалавек, які быў у камісіі, патлумачыў гэта тым, што “5+” выступае супраць кантрактаў, а гэта як бы лінія дзяржавы. Значыць, мы выступаем супраць дзяржавы”.

Аднак больш за спагнаньне ўразіў маладога сацыял-дэмакрата дзіўны, як ён кажа, учынак Пятра Маркоўскага. Сам Маркоўскі пацьвердзіў, што ён быў ініцыятарам разбору з кааліцыйнымі ўлеткамі:

(Маркоўскі: ) “Я адпаведна: якраз зайшоў з аддзелу прапаганды, выхаваўчый работы. А я кажу: “Глядзіце, што за ўлёткі”.

Пётар Маркоўскі, дырэчы, былы сябра КПСС, сказаў, што абавязак і сумленьне прымусілі яго паступіць такім чынам.

(Маркоўскі: ) “Я тут якраз сяджу і адказваю за гэта, гэта па-першае. Калі б гэтыя ўлёткі мелі выходныя зьвесткі, я б іх не здаваў. А так гэта проста нейкая падлянка”.

Зусім іншае меркаваньне на гэты конт мае Дзям’ян Франкоўскі:

(Франкоўскі: ) “Ён павінен быў проста не чапаць чужых рэчаў. Яму, напэўна, нешта не спадабалася ва ўлётцы. Можа, што яна беларуская. Можа, тое, што супраць “бацькі”, і ён вырашыў зрабіць такі “грамадзянскі” жэст”.

Горацкі сацыял-дэмакрат Дзям’ян Франкоўскі, які распаўсюджваў ўлёткі з заклікамі да лепшага жыцьця, ня лічыць сябе вінаватым і ўвогуле ацэньвае накладзенае на яго спагнаньне як пачатак выбарчай кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG