Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан здароўя Валерыя Фралова пагоршыўся, але дэпутат вырашыў працягваць галадоўку


Валеры Каліноўскі, Менск Адзін з галадоўнікаў Валеры Фралоў, у якога раней быў інфаркт, а цяпер пачалося падвышэньне ціску, быў абсьледаваны ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Кардыялёгія”. Лекары зафіксавалі адхіленьні ў працы сэрца, якія сьведчаць пра ішэмію, і парэкамэндавалі спыніць галадоўку. Аднак спадар Фралоў вырашыў працягваць сваю акцыю пратэсту разам з астатнімі галадоўнікамі.

На мінулым тыдні да Валерыя Фралова ўжо двойчы выклікалі хуткую дапамогу. Потым ягонае здароўе стабілізавалася, аднак учора быў зафіксаваны падвышаны ціск — 130 на 110. Сябры Валерыя Фралова ўгаварылі яго правесьці платнае абсьледаваньне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Кардыялёгія”. Лекары гэтага цэнтру зьнялі кардыяграму, правялі прыватнае абсьледаваньне і прызначылі неабходныя лекі. Аднак нешта казаць журналістам лекары кардыялягічнага цэнтру адмовіліся, спаслаўшыся на мэдычную таямніцу. Толькі адзін з кардыёлягаў недвухсэнсоўна зазначыў, што ў Фралова “ёсьць праблемы”.

Адзін зь сябраў Фралова Дзьмітры Міхнюк, які таксама зьяўляецца лекарам, прысутнічаў пры абсьледаваньні ў кардыялягічным цэнтры.

(Міхнюк: ) “На сёньня, на дзявяты дзень галадоўкі, я магу сказаць, што стан здароўя дэпутата Фралова пагоршыўся. Таму што пачаліся прыкметы кіслароднага галаданьня сэрца. Электракардыяграма таксама пагоршаная, таму трэба ўжо на сёньняшні дзень пачынаць лячэньне, прымаць адмысловыя мэдыкамэнты”.

Лекар Дзьмітры Міхнюк ацаніў хваробу дэпутата Фралова вельмі сур’ёзна і асабіста на адмысловай нарадзе галадоўнікаў выказаўся за спыненьне галадоўкі Валерыя Фралова:

(Міхнюк: ) “Гэта для сэрца самае горшае, для сэрца горш не бывае”.

(Карэспандэнт: ) “І што вы параілі генэралу Фралову?”

(Міхнюк: ) “Як лекар я параіў бы падумаць аб тым, каб спыніць галадоўку і пачынаць лячэньне. На сёньняшні дзень чыста па-мэдыцынску трэба думаць пра тое, што трэба спыняць”.

Дзьмітры Міхнюк паведаміў, што лекары Кардыялягічнага цэнтру афіцыйна зазначылі, што Фралову неабходнае лячэньне, але ўсё, што зьвязанае з галаданьнем, то тут рашэньне павінен прымаць сам пацыент. Валеры Фралоў прыняў сёньня адназначнае рашэньне — працягваць галадоўку.

(Фралоў: ) “Я перш за ўсё давяраю свайму адчуваньню — галадоўка працягваецца. Якія сумненьні? Сумненьні прэч!.. Ці мала што ў жыцьці бывае. Я ўжо не чакаю нейкага рэзкага паляпшэньня, я ж не такі маладзенькі. Рашэньне прынятае, гэта маё права”, — сказаў Валеры Фралоў пасьля абсьледаваньня ў кардыялягічным цэнтры.

Дзьмітры Міхнюк гэтак пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Міхнюк: ) “Цяжка сказаць, у мэдыцыне ўсяляк бывае. Можа стацца, што ён яшчэ будзе галадаць і дзесяць дзён, і ўсё будзе памаленьку пагаршацца. А можа і раптоўна зрабіцца”.

Лекар Дзьмітры Міхнюк запэўніў, што і надалей за станам здароўя Валерыя Фралова і іншых галадоўнікаў будзе належны кантроль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG