Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэісты і іх бацькі штодня стаяць ля брамы зачыненага будынка ліцэю


Любоў Лунёва, Менск Ля брамы зачыненага будынку Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа працягваецца вахта ліцэістаў і іх бацькоў. Штодня ля брамы стаяць трое дарослых і некалькі ліцэістаў. У двор іх не пускаюць.

Штодня бацькі і дзеці стаяць ля брамы зачыненага будынку. На асфальце каляровай крэйдай напісана: “Жыве ліцэй!”, “Ліцэй наш!”

Натальля Раковіч перайшла на другі курс. Яна патлумачыла сваю прысутнасьць:

(Раковіч: ) “Прыйшлі, каб памяталі пра нас, каб ведалі, што мы ліцэю не пакінулі, што мы пакуль вучымся ў ім, што ліцэй жыве”.

(Карэспандэнтка: ) “Да вас выйшаў вартаўнік ці прадстаўнік адміністрацыі?”

(Раковіч: ) “Мы самі падыходзілі, дык вахцёрка сказала, што выклікае на нас нарад міліцыі… Але я падумала, што мне іх нарад не падыдзе, што мне маё адзеньне больш падабаецца за іхнае”.

У Марыны Варачаевай у ліцэі вучыцца дачка Анастасія. Пакуль дачка здавала экзамэн, маці была на вуліцы Кірава, 21:

(Варачаева: ) “Вельмі хочацца, каб наш родны будынак, у якім мы пачыналі навучаньне, дастаўся нам. Хочацца, каб нам яго вярнулі, каб нашы дзеці вярнуліся ў сваю родную хату, у свае родныя сьцены і вучыліся толькі тут. Вярніце нам наш будынак!”

Ліцэіст Мікола Тоўсьцік дадаў:

(Тоўсьцік: ) “Я лічу, што ліцэй стаў бяз нас нейкі сумны, што ў яго зьнікла душа. Але я спадзяюся, што не назаўсёды, што мы сюды яшчэ вернемся і душа ліцэя сюды вернецца, ён ня будзе такі”.

Мінакі выказвалі падтрымку і дзецям, і іх бацькам:

(Мастак: ) “Я лічу, што на сёньняшні момант гэта вельмі важная акцыя для Беларусі, а таксама для мастацтва. Гэта ж наша будучыня. Я сам мастак, як кажуць, майстар народнай творчасьці. Канечне, трэба нам гадаваць нашу будучыню. Сталыя людзі адыходзяць, а моладзь падымаецца. Ва ўсіх краінах усё робяць для будучых пакаленьняў”.

Маладая жанчына на плячах несла маленькае дзіця. Яна падышла да пікетоўцаў:

(Жанчына: ) “Я лічу, што дзецям павінны вярнуць памяшканьне. Яны мусяць вучыцца так, як хочуць”.

(Карэспандэнтка: ) “У вас такое маленькае дзіця на плячах сядзіць. Хочаце, каб сынок вывучаў беларускую мову?”

(Жанчына: ) “Я жадаю, каб мой сын жыў у такой краіне, дзе можна вывучаць родную мову. Я сама, на жаль, ня ведаю беларускай мовы, але жадаю, каб мой сын ведаў беларускую мову. Наогул, я лічу, што большасьць школьнікаў у Беларусі павінны вучыцца на беларускай мове навучаньня”.

Вартаўнік ліцэю чакаў прыезду нейкіх чыноўнікаў. Сапраўды, праз гадзіну прыехалі людзі, якім адразу адчынілі ліцэйскую браму. Адзін зь іх на пытаньне бацькоў адказаў, што яны зь Белдзяржунівэрсытэту, але зь якой нагоды прыехалі ў будынак, тлумачыць адмовіўся. Бацькі лічаць, што гарадзкія чыноўнікі шукаюць новых гаспадароў для былога будынка ліцэю. Яны вырашылі дзяжурыць і ў выходныя дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG