Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты “Зубру” паспрабуюць спыніць перасьлед уладаў


Любоў Лунёва, Менск Каб спыніць перасьлед сваіх сяброў, актывісты моладзевага руху “Зубр” будуць праводзіць вулічныя акцыі. Апроч таго, яны падрыхтавалі скаргі ў пракуратуру на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

Сябры руху “Зубр” у зьвязку з апошнімі падзеямі — крымінальнымі справамі супраць Кацярыны Клімко і Максіма Громава, затрыманьнем і запалохваньнем Аляксея Ляўковіча, спробамі ўварвацца ў жытло Любові Кучынскай, ціскам на бацькоў сяброў руху “Зубр” — прынялі рашэньне арганізаваць юрыдычную дапамогу і правесьці шэраг вулічных акцыяў.

Прэсавы сакратар руху “Зубр” Аляксандар Атрошчанкаў паведаміў Радыё Свабода:

(Атрошчанкаў: ) “Відавочна, што ўлады пачалі кампанію сілавога і псыхалягічнага ціску на сяброў руху “Зубр”. Таму мы будзем прадстаўляць нашым сябрам юрыдычную абарону і праводзіць акцыі пратэсту. Улада парушае нават тое заканадаўства, якое сама для сябе стварыла. Усе гэтыя людзі ад 18 да 20 гадоў, таму ўлада абапіраецца на іх невялікі ўзрост, каб зламіць іх маральна. Мы не пакінем гэтых фактаў. Мы будзем супрацьстаяць гэтаму — скаргі ў пракуратуру і ў суды, так і, канечне, мы будзем дэманстраваць нашу салідарнасьць зь імі, каб яны адчувалі, што ў іх ёсьсь падтрымка і сябры іх не пакінуць”.

Аляксандар Атрошчанкаў паведаміў, што бацькам некаторых сяброў тэлефануюць дахаты і пагражаюць праблемамі на працы, калі іх дзеці не спыняць сяброўства ў моладзевым апазыцыйным руху. 18-гадовага Аляксея Ляўковіча міліцыянты затрымалі на працы, адвезьлі спачатку ў Заводзкі райаддзел міліцыі, а потым у Савецкі. Там тры гадзіны трымалі ў дзяжурнай частцы, а потым павялі на допыт да сьледчага крымінальнага вышуку. Аляксей распавёў пра тое, што зь ім адбылося:

(Ляўковіч: ) “Ён пачаў мяне пужаць, што калі я адмоўлюся даваць паказаньні, то яны адвязуць мяне ў сьледчы ізалятар і пратрымаюць там трое сутак. Я спытаў у іх, які ў мяне статус. Яны мне казалі, што я ў іх у якасьці сьведкі і як сьведка абавязаны адказваць на ўсе іх пытаньні. Сьледчы мне казаў, што я мушу распавесьці ўсё, што ведаю наконт справы затрыманых раней сяброў руху “Зубр”, але пытаньні былі самыя розныя. Я прасіў у іх, каб мне далі магчымасьць патэлефанаваць адвакату і выклікаць яго ў РУУС. Замест гэтага ў адказ я пачуў грубую лаянку. Апроч таго, у мяне забралі мабільны тэлефон, каб нікому ня мог патэлефанаваць”.

Хлопца восем гадзінаў трымалі ў міліцэйскім пастарунку. Сьледчы ўзяў з Аляксея падпіску аб неразгалошваньні ў мэтах захаваньня таямніцы сьледзтва і папярэдзіў яго, каб той нічога не казаў журналістам. Аляксей Ляўковіч распавёў, што ніякіх матэрыялаў сьледзтва ня бачыў.

Мы патэлефанавалі сьледчаму крымінальнага вышуку Дзянісу Яцыну наконт падпіскі аб неразгалошваньні.

(Яцына: ) “Ён затрыманы ня быў. Папросту пагутарылі зь ім… Я маю на ўвазе ягоныя паказаньні. Сваіх паказаньняў ён ня мае права разгалошваць, згодна з КПК. Я маю права яго аб гэтым папярэдзіць, калі палічу патрэбным. Ня ведаю, хто там каго забіраў. Мне сказалі, што ён ёсьць, я яго і дапытаў”.

Аляксей Ляўковіч будзе падаваць скаргу ў пракуратуру на супрацоўнікаў міліцыі. Сябры “Зубру” спадзяюцца, што, магчыма, гэта паўзьдзейнічае на міліцыянтаў і яны будуць прытрымлівацца нормаў закону ў дачыненьні да апазыцыйнай моладзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG