Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падатковая інспэкцыя судзіцца зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прадстаўніца падатковай інспэкцыі заявіла, што кіраўніцтва Беларускага Хэльсынскага камітэту бязьдзейнічала ў справе атрыманьня падатковых ільготаў, таму само вінаватае ў сваіх праблемах. Між тым, у БХК лічаць прэтэнзіі падатковай службы неабгрунтаванымі й спрабуюць даказаць гэта ў судзе.

1 чэрвеня ў Менскім гаспадарчым судзе пачаўся разгляд пазову Беларускага Хэльсынскага камітэту да падатковай інспэкцыі Маскоўскага раёну Менску, якая дамагаецца ад БХК выплаты падаткаў і штрафных санкцыяў больш як на 75 тысяч даляраў. Праваабаронцы лічаць гэтыя прэтэнзіі неабгрунтаванымі. Калі гэтага ня ўдасца даказаць у судзе, кіраўніцтва БХК сядзе на лаву падсудных. Нагадаю, пракуратура ўжо завяла крымінальную справу супраць старшыні БХК Тацяны Процькі й галоўнай бугальтаркі арганізацыі Тацяны Руткевіч. Ім за нявыплату падаткаў пагражае некалькі гадоў турмы і канфіскацыя маёмасьці.

Вядзе працэс у Менскім гаспадарчым судзе судзьдзя Аксана Міхнюк. Сёньня яна пачала з высьвятленьня пазыцыяў што да праблемы нявыплаты падаткаў. Адказчык — падатковая інспэкцыя Маскоўскага раёну — не аспрэчвае права БХК на льготы, але заяўляе, што кіраўніцтва арганізацыі ня выканала належнай працэдуры іх атрыманьня. “Яны маглі атрымаць вызваленьне ад падаткаў, але не атрымалі. Прычынай ёсьць іх бязьдзеяньне”, — заявіла суду прадстаўніца падатковай інспэкцыі. Яна прывяла прыклад, калі адно прадпрыемства з Горадні нават заднім чыслом аформіла льготу, і забраныя ўжо падаткі яму былі вернутыя.

У Беларускім Хэльсынскім камітэце лічаць такі шлях непрымальным і незаконным. У БХК спасылаюцца на дамову паміж Беларусьсю і ўрадам Эўрапейскага Зьвязу, якая прадугледжвае аказаньне грашовай дапамогі Беларусі на розныя мэты па праграмах ТАСІS пры абавязковай умове вызваленьня ад падаткаў. Сярод праграмаў — як пабудова мытных тэрміналаў на мяжы з краінамі Эўразьвязу, так і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Менавіта рэалізацыяй такіх грамадзянскіх праграмаў займаліся праваабаронцы з БХК. Яны заўважаюць, што калі цяпер суд вырашыць браць зь іх падаткі, гэта будзе фактычным скасаваньнем ранейшых міжнародных дамоваў і паставіць крыж на будучых праграмах дапамогі Беларусі. Гэтак лічыць старшыня БХК Тацяна Процька:

(Процька: ) “Я казала пра праграму “Новыя суседзі”, на якую цяпер Эўрапейскі Зьвяз выдзяляе 1 мільярд эўра. Гэта на чатыры краіны: Беларусь, Малдова, Украіна і Расея. Але ў чым прэцэдэнт? Калі мы цяпер будзем асуджаныя і нас вымусяць плаціць, такім чынам Беларусь страціць недзе 300 мільёнаў эўра”.

На сёньняшнім судовым паседжаньні таксама высьветліліся цікавыя тэхнічныя акалічнасьці канфлікту. У прыватнасьці, стала відавочна, што расейскі пераклад дамовы аб аказаньні дапамогі па праграмах ТАСІS, якім карысталіся ў падатковай інспэкцыі, істотна розьніцца ад ангельскага арыгіналу. Судзьдзя абвесьціла перапынак, каб было падрыхтаванае заключэньне адмысловага перакладчыка, а таксама быў зроблены пераклад іншых істотных дакумэнтаў. Паседжаньне адновіцца 9 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG