Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Меншасьць ня выжыве”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Беласточчыны “Ніва”. З найбольш цікавымі публікацыямі гэтага нумару нас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.

“Права на праўду” – такі назоў мае артыкул Віктара Сазонава, прысьвечны Дню дзіцяці, які будзе адзначацца першага чэрвеня. У сваім матэрыяле, спадар Сазонаў піша: “Зараз маладым беларусам ізноў чапляюць гальштукі. Гэтым разам з вузенькай зялёнай палоскай. Ізноў ствараюцца піянэрскія арганізацыі. Трошкі пазьней – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, яшчэ пазьней – расейскамоўнае войска. Далей – працоўнае мейсца, на якім ізноў зьявіліся ідэалягічныя работнікі, якіх у народзе ўжо завуць “зампалітамі”. А што далей?”

“Калі ад самога маленства іх пазбаўляюць права на альтэрнатыву, ці змогуць яны змагацца за свае дарослыя правы, як вырастуць? А можа і ставіцца такая мэта, каб не змаглі”, – піша Віктар Сазонаў.

“Меншасьць ня выжыве” –такім загалоўкам падпісанае інтэрвію Віктара Буры з Міхасём Андрасюком – старшынём беларускага самаўрадавага форуму ў Польшчы – арганізацыі, зь сядзібай у Гайнаўцы. У размове з журналістам, спадар Андрасюк, сярод іншага, кажа:

“Я рэаліст і разумею, што беларуская меншасьць у Польшчы на дапамогу ад Беларусі разьлічваць ня можа. У Беларусі цяпер свае праблемы. А да мяне прыяжджаюць беларусы і пытаюцца, а які ў цябе пашпарт – польскі ці беларускі? Зьдзіўляюцца, што мы тут ніякія не палітычныя ці эканамічныя ўцекачы, але папросту спакон вякоў жывем на зямлі продкаў. Праўда напярэдадні пра беларусаў Беласточчыны была даволі вялікая праграма па беларускім тэлебачаньні. На расейскай мове, а беластоцкія дзеці чыталі там вершы па-беларуску”, – адзначае Міхась Андрасюк.

Акрамя гэтага, у сёньняшнім нумары “Нівы” шмат матэрыялаў пра жыцьцё беларускіх вёсак на Беласточчыне, пра беларускіх імігрантаў у Чэхіі і беларусаў Віленшчыны, а таксама пра навучэнцаў ліцэяў з дадатковай беларускай мовай на Беласточчыне, якія паказваюць добрыя вынікі ў вучобе і спорце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG