Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША знаходзіцца ў Магілёве з афіцыйным візытам


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Адбываецца афіцыйны візыт у Магілёў амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джорджа Крола. Сёньня амбасадар Крол сустрэўся з кіраўніцтвам вобласьці і гораду, наведаў абласную бібліятэку і Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, а ўвечары возьме ўдзел у адкрыцьці фэстывалю “Магутны Божа”.

Гэта першы афіцыйны візыт Джорджа Крола на Магілёўшчыну ў якасьці амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі. Ён пачаўся ўчора ўвечары наведваньнем у Магілёве мэмарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. Амбасадар усклаў кветкі, ушанаваў памяць людзей, якія загінулі пры абароне Магілёва ў 1941 годзе.

Галоўная мэта афіцыйнага візыту Джорджа Крола — удзел ва ўрачыстым адкрыцьці 12 міжнароднага музычнага фэстывалю “Магутны Божа”.

(Крол: ) “Я быў запрошаны сюды, каб прыняць удзел у фэстывалі, знакамітым фэстывалі, дзе будзе нават знакамітая амэрыканская сьпявачка Кока Ёрк, якая будзе выступаць сёньня ўвечары”.

Дзесяць гадоў таму спадар Крол наведаў Магілёў, калі працаваў у амбасадзе ЗША часовым павераным у справах Беларусі. Ён заўважыў разьвіцьцё Магілёва за час, які мінуў, і адзначыў рэстаўрацыю гістарычных вуліцаў.

Сёньня амбасадар Крол наведаў Магілёўскую абласную бібліятэку імя Леніна і падараваў яе чытачам матэрыялы для вывучэньня ангельскай мовы і гісторыі ЗША, а таксама тэхніку — тэлевізары і відэамагнітафон.

Джордж Крол сустрэўся са старшынём Магілёўскага аблвыканкаму Барысам Батурам. Пасьля сустрэчы амбасадар сказаў журналістам, што ён правёў цікавую размову пра сытуацыю на Магілёўшчыне.

(Крол: ) “Канечне, гэта вельмі добра для мяне, бо галоўная мая задача — гэта як мага болей і аб’ектыўна даведацца пра сытуацыю, абстаноўку ў краіне, таму што гэта дапамаге мне растлумачыць у Вашынгтоне, што адбываецца ў Беларусі й як мы можам супрацоўнічаць зь беларусамі”.

Сёньня амбасадар Крол сустрэўся таксама з кіраўніком Магілёва Віктарам Шорыкавым, потым выступіў зь лекцыяй перад ангельскамоўнымі студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

(Крол: ) “Гэта першы візыт у якасьці амбасадара, але напэўна не апошні. Я бы хацеў бы працягваць нашыя кантакты”.

Заўтра, паведаміў Джордж Крол, ён будзе кантактаваць з прадстаўнікамі розных грамадзкіх арганізацыяў і сродкаў масавай інфармацыі. Вынікі афіцыйнага візыту на Магілёўшчыну амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі падвядзе заўтра на прэсавай канфэрэнцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG