Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі парушае правы беларускамоўных школьнікаў


Галіна Абакунчык, Менск Напярэдадні ўступных іспытаў у вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы Міністэрства адукацыі абвесьціла пра захады, скіраваныя на захаваньне роўных умоваў паступленьня для ўсіх абітурыентаў. Аднак адмыслоўцы канстатуюць, што правы выпускнікоў беларускіх школаў парушаюцца яшчэ на стадыі цэнтралізаванага тэставаньня, якое сёлета праводзіцца на расейскай мове.

Сёлета абітурыенты будуць здаваць тры ўступныя іспыты: абавязковы пісьмовы іспыт па беларускай альбо расейскай мовах, а таксама два профільныя ў выглядзе тэставаньня. Паводле чыноўнікаў Міністэрства адукацыі, гэта дазволіць пазьбегнуць суб’ектывізму ацэнкі ведаў і забясьпечыць роўныя магчымасьці для паступленьня ўсім абітурыентам. Акрамя таго, 20 тысяч выпускнікоў беларускіх школаў, гэтаксама, як і 80 тысяч іх расейскамоўных аднагодкаў, атрымаюць магчымасьць здаваць уступныя іспыты па-беларуску — пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук.

(Жук: ) “У ВНУ ўсё зроблена для таго, каб кожны мог на ўступных іспытах адказваць на той мове, на якой ён вызначаецца, у тым ліку на беларускай мове. У тэхнікумах таксама — то бок, пытаньняў тут няма”.

Аднак адмыслоўцы заяўляюць, што моўныя правы сёлетніх абітурыентаў парушаюцца яшчэ на ўзроўні школы. Гаворыць намесьнік кіраўніка грамадзкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Сяржук Кручкоў:

(Кручкоў: ) “Нам стала вядома, што тэсты для цэнтралізаванага тэставаньня падрыхтаваныя толькі на расейскай мове. Мы спачатку гэтаму не паверылі й накіравалі запыт у Інстытут кантролю ведаў. Адтуль шчыра адказалі, што ўсе заданьні падрыхтаваныя па-расейску, і, на жаль, перакладаў на беларускую мову яны не зрабілі. Мы скіравалі пратэсты ў шэраг вышэйшых дзяржаўных установаў аб парушэньні лінгвістычных правоў школьнікаў. Аднак адтуль адказалі, што ніякіх парушэньняў няма”.

Заявы пра эфэктыўнасьць тэставых іспытаў таксама крытычна ацэньвае выкладчык беларускага ліцэю Лявон Баршчэўскі. Вось што ён сказаў у інтэрвію нашаму радыё:

(Баршчэўскі: ) “Тэсты — яны маюць пэўную эфэктыўнасьць, калі ёсьць празрыстасьць і грамадзкі кантроль, як і на выбарах. Пакуль няма празрыстасьці, пакуль няма свабоднай прэсы — тэсты застануцца полем для махінацыяў. Я ўпэўнены, што гэтыя махінацыі будуць, бязь іх не абыдзецца, бо ў закрытым грамадзтве інакш быць ня можа. Ну, а наконт таго, што абітурыенты ня могуць здаваць тэстаў па-беларуску, то гэта відавочны факт дыскрымінацыі, і гэта падсудная справа, бо моўная дыскрымінацыя — гэта парушэньне Канстытуцыі, гэта ня жарт. Іншае пытаньне, што сёньняшняе міністэрства адчувае сябе беспакарана. Але, як кажуць, ня вечна гэтыя людзі будуць кіраваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG