Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд Маладога Фронту быў сарваны яго дэлегатамі


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску 23 траўня праходзіў пяты Сойм Маладога фронту. Шматгадовы лідэр гэтай арганізацыі Павал Севярынец не балятаваўся на пасаду старшыні. Барацьба двух кандыдатаў на лідэрства ў Маладым фронце Зьмітра Дашкевіча і Сяржука Бахуна прывяла да сутычак паміж групамі іх прыхільнікаў і ўрэшце да зрыву працы Сойму.

Сваю працу пяты Сойм Маладога фронту, які праходзіць у малой залі менскага Палацу культуры “Сукно”, пачаў амаль з паўтарагадзінным спазьненьнем, бо ня ўсе дэлегаты (а іх прыехала больш за 240 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі) мелі належныя мандаты, а бязь іх маладафронтаўская дружына адмаўлялася прапускаць людзей у залю.

У пэўны момант справа дайшла да лаянкі паміж групамі падтрымкі кандыдатаў на старшыню Зьмітра Дашкевіча і Сяржука Бахуна. Першыя абвінавачвалі другіх у махінацыях на карысьць свайго кандыдата.

Госьці маладафронтаўскага Сойму Станіслаў Шушкевіч, Валеры Фралоў і Мікола Статкевіч заклікалі дэлегатаў падпарадкоўвацца свайму статуту і не давесьці да расколу арганізацыі.

Тым часам, кандыдаты на пасаду старшыні Маладога фронту дэманстравалі, што ніякага канфлікту ў іх арганізацыі няма.

Кіраўнік Менскай гарадзкой арганізацыі Маладога фронту 23 гадовы Зьміцер Дашкевіч ёсьць лідэрам больш радыкальным, які аддае перавагу вулічным мэтадам барацьбы. Вось, што ён прапаноўвае як кандыдат на пасаду старшыні:

(Дашкевіч: ) “Я маю прапанаваць сваім сябрам рэальную стратэгію разьвіцьця Маладога фронту. Гэта дзейсная арганізацыя. Малады фронт заўсёды быў самай дзейснай моладзевай структурай. Самым дэмакратычным рухам, які змагаўся за Беларусь. Які адстойваў дэмакратычныя й хрысьціянскія нормы. Такім Малады фронт павінен застацца, і мы павінны яшчэ больш разьвіць гэтую стратэгію”.

Кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Маладога фронту 28-гадовы Сяржук Бахун чалавек больш памяркоўны:

(Бахун: ) “Калі мяне абяруць, глябальных зьменаў ня будзе. Карабель Маладога фронту будзе рухацца ў тым кірунку, у якім і быў задуманы. Будуць тактычныя зьмены – павялічэньне дысцыпліны, большая адказнасьць, актыўны выхад на міжнародныя стасункі. Маладафронтаўцы будуць займацца ня толькі вулічнай палітыкай, але мусяць мець права займацца тым, чым захочуць”.

Канфлікт паміж групамі падтрымкі двух кандыдатаў выліўся ўрэшце ў зрыў працы Сойму. Пасьля таго як слова ў залі самастойна ўзяў сябра групы падтрымкі Зьмітра Дашкевіча, дэпутат Мастоўскага райсавету Алесь Зарамбюк, старшыня паседжаньня Павал Севярынец паставіў на галасаваньне пытаньне аб перанос працы Сойму на больш позьні тэрмін. Большасьць дэлегатаў падтрымала яго прапанову.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Каманды двух прэтэндэнтаў былі вельмі наструненыя й у такіх умовах мы вырашылі абвесьціць першую сэсію пятага Сойму Маладога фронту завершанай. Другая сэсія пройдзе ў больш спакойных умовах, з больш грунтоўнай арганізацыйнай падрыхтоўкай. Паўсталі некаторыя пытаньні ў справе мандатнай камісіі, пэўныя недакладнасьці. Яны былі выкарыстаныя для распальваньня канфлікту”.

Павал Севярынец сказаў, што ніхто ня думаў, што на Сойме можа адбыцца канфлікт, таму аргкамітэт зробіць усё магчымае каб пазьбегнуць такой сытуацыі ў будучыні. Дату другой сэсіі Сойму вызначыць Цэнтральная рада Маладога фронту.

Дэлегаты Сойму аднак пасьпелі прыняць дзьве ўхвалы. “Аб стасунках зь іншымі дэмакратычнымі сіламі”, у якой Малады фронт вызначае сябе як самастойны суб’ект беларускай палітыкі. І “Аб выбарах у палату прадстаўнікоў і прэзыдэнцкіх выбарах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG