Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомы Васіль Быкаў у Менску й Маскве


Валянціна Аксак, Менск У маскоўскім выдавецтве “Мартин” выйшла кніга выбраных твораў Васіля Быкава. Гэтае выданьне, ажыцьцёўленае пры дапамозе Беларускага ПЭН-цэнтру і адкрытага акцыянэрнага таварыства “Радыёла-плюс”, выкліканае ня толькі жаданьнем складальнікаў пазнаёміць расейскага чытача з апошнімі творамі Майстра, але і неабходнасьцю процідзеяньня некаторым несумленным расейскім выдаўцом.

За час пасьля таго, як ня стала Васіля Быкава, у маскоўскіх выдавецтвах выйшла з паўдзясятка пірацкіх кніг ягоных твораў. Аўтара выдаўцы прадстаўляюць, пазбаўляючы нацыянальнага радаводу й сьветапогляду. Вось што паведаміў нашаму радыё знаны беларускі літаратуразнаўца прафэсар Міхась Тычына.

(Тычына:) “Выдаўцы не пыталі згоды спадкаемцаў, друкавалі, карыстаючыся сытуацыяй, павышанай цікавасьцю да Васіля Быкава… Вынішчаецца ўсё, што сьведчыць пра тое, што Быкаў – беларускі пісьменьнік. Яго называюць “русским советским писателем”, хаця вядома, што Быкаў пісаў па-беларуску, а потым ужо залежна ад акалічнасьцяў – ці сам перакладаў, ці, калі падабаліся яму пераклады іншых прафэсійных перакладчыкаў, то зь імі згаджаўся… Вядома, што яго найлепшыя рэчы друкаваліся ў былой сталіцы вялікай дзяржавы толькі таму, што ўсё ішло праз Маскву і ад Масквы залежала, ці будуць яны апублікаваныя і на роднай мове ў Беларусі, у Менску”.

Таму ўзьнікла вострая патрэба прадставіць расейскаму чытачу кнігу Васіля Быкава, падрыхтаваную людзьмі, якія добра ведалі пісьменьніка. Склаў том празаік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў, а разгорнутую прадмову напісаў Міхась Тычына. У гэтае першае пасьмяротнае легальнае маскоўскае выданьне спадчыны беларускага Майстра ўвайшлі невядомыя яшчэ расейскаму чытачу аповесьці “Ваўчыная яма” і “Балота”, апавяданьні “Жоўты пясочак”, “Палкаводзец” ды іншыя, а таксама некалькі прытчаў, якія могуць быць неадназначна ўспрынятыя чытачамі суседняй краіны. Дарэчы, дзьве зь іх – “Свабода” і “Абаронка” – яшчэ нідзе не друкаваліся. Гаворыць Міхась Тычына.

(Тычына:) “З прыпавесьцяў увайшлі рэчы нават рызыкоўныя, як на мой погляд, для расейскага ўспрыманьня. Напрыклад, прыпавесьць “Кошка і мышка”, у якой паралелі і алюзіі відавочныя, відаць, пра каго ідзе гаворка. Але таму і прыпавесьць, што яе алегорыі, іншасказаньні можна штораз разгадваць па-свойму”.

Сказаў Міхась Тычына з нагоды маскоўскага выданьня кнігі выбраных твораў Васіля Быкава.

Перакладзеная на расейскую мову Валянцінам Тарасам, хутка пабачыць сьвет кніга ўспамінаў Быкава “Доўгая дарога дадому”. Па-беларуску яна вытрымала ўжо чатыры выданьні. Да 80-годзьдзя пісьменьніка плянуецца выдаць кнігу ўспамінаў пра яго, якую рыхтуе сябра Быкава паэт Генадзь Бураўкін.

А зямляк і сябра Майстра паэт Рыгор Барадулін і фатограф Сяргей Шапран рыхтуюць да гэтае даты фотаальбом пра Быкава.

Нагадаем, што сёлета ў залатой сэрыі выдавецтва “Беларускі кнігазбор” выйшаў вялікі том выбраных твораў клясыка, а днямі была прэзэнтаваная кніга ягонае радыёпубліцыстыкі “Быкаў на Свабодзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG