Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа беларускага Інтэрнэту – 29 лістапада


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту.

На форумах парталу Tut.by кіпіць абмеркаваньне нядаўняга інцыдэнту з расейскімі журналістамі, якія адмовіліся асьвятляць сустрэчу кіраўнікоў СНД, на знак салідарнасьці са сваімі калегамі, якіх не пусьцілі ў залю паседжаньняў. Вось некаторыя з водгукаў наведнікаў:

“Не пусьцілі, значыць, палічылі гэта мэтазгодным. У чужы манастыр са сваім статутам ня ходзяць, а ў госьці ходзяць па запрашэньні”.

“Лукашэнка пачаў дапускаць недаравальныя тактычныя памылкі”.

“Артыкулы газэты “Маскоўскі Камсамолец” пра Лукашэнку шчэ больш жорсткія, чым у прадстаўнікоў апазыцыйнай прэсы ў Беларусі.”

“Каб быць такім драбязьлівым! Жах!”

Блогер macsim_by разважае ў інтэрнэт-суполцы by_politics пра магчымыя наступствы ад пагаршэньня беларуска-расейскіх адносінаў, і як вынік —эканамічныя праблемы, і верагодныя выступы незадаволеных грамадзянаў. Аўтар мяркуе, што спадзявацца трэба на такіх актыўных грамадзянаў, як тыя, што спантанна выйшлі на Плошчу. macsim_by перакананы, што інструмэнтаў, якія б маглі паўплываць на сытуацыю, няма ані ў сыстэмнай апазыцыі, ані ў новапаўсталых грамадзянскіх ініцыятываў. Аўтар піша, што ў выпадку зьмяшчэньня Лукашэнкі з пасады, уладу пастараюцца ўзяць бліжэйшыя памагатыя. Блогер падсумоўвае: “Так што нам, людзям без інструмэнтаў наўпроставага ўзьдзеяньня на сытуацыю, трэба актыўнымі дзеяньнямі падымаць градус напругі ў грамадзтве.”

На сайце “Нашыя Дзеткі” поўнай хадой рыхтуюцца да Калядаў. Сумесна з Таварыствам беларускай школы сайт абвясьціў “Конкурс сцэнароў дзіцячага навагодняга сьвята” ў наступных намінацыях:

1. Ялінка ў дзіцячым садку

2. Ранішнік у пачатковых клясах

3. Навагодняя вечарына ў сярэдняй школе

4. Агульнагарадзкія сямейныя Каляды

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца неабыякавыя беларусы любога веку, незалежна ад расы, полу, веравызнаньня, партыйнасьці і адукацыі”, - пазначаецца на сайце.

У інтэрнэт-суполцы by_mova карыстальнік l0gin зьмясьціў спасылку, дзе можна спампаваць файл, які беларусізуе інтэрнэт-браўзэр Mozilla Firefox і паштовы кліент Thunderbird, а таксама пакет праграмаў OpenOffice. l0gin піша: “Спадар Alex Buloichik зрабіў слоўнікі для Mozilla Firefox/Thunderbird і OpenOffice 2.0 на падставе электроннага слоўнікаў (як клясычны так і наркамаўскі варыянты). У сваю чаргу, электронны слоўнікі ёсьць нішто іншае, як слоўнікі праграмы Litara 1.0, якая створана на замову ТБМ.

А на сайце “Беларуская палічка” зьявіўся дакумэнтальны фільм пра адноўленую газэту “Наша Ніва”. Стужка пад назвай “Віленскі сшытак” здымалася ў 1994 годзе. Тут можна пабачыць як выглядала тагачасная рэдакцыя па адрасе Жыгімонта, 12, пабачыць першы склад рэдакцыі адноўленага выданьня – Сяргея Дубаўца, Сяргея Харэўскага, Андрэя Антонава ды іншых.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG