Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бершты: “Хачу проста, каб вёска не памерла”


Віталь Сямашка, Бершты, Шчучынскі раён Новая перадача сэрыі "Палітычная геаграфія".

Падставаў для вандроўкі на беларуска-літоўскую мяжу, у вёску Бершты Шчучынскага раёну, шукаць не давялося. Назва вёскі чуваць з канца лета, калі ў перадачы “Ў цэнтры ўвагі” тройчы абразілі былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча ды ягоную сям’ю. У тэлесюжэтах паведамлялася, што старэйшы Мілінкевічаў сын, таксама Аляксандар, “за грошы Захаду” скупляе хаты ў радавой вёсцы Мілінкевічаў, каб ладзіць у іх “апазыцыйныя сходы”.

Акурат напярэдадні маёй вандроўкі спадар Мілінкевіч падаў пазоў з нагоды зьнявагі гонару ды годнасьці на Першы нацыянальны тэлеканал. Перад ад’ездам ён жа сказаў мне:

(Мілінкевіч: ) “Я лічу, суды ў нас несправядлівыя. Але я мушу адстойваць сваю годнасьць і паказаць усім, што гэта хлусьня”.

Яшчэ Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што “ўдар па ім празь Бершты — як удар проста ў сэрца”.

(Мілінкевіч: ) “Я нарадзіўся ў Горадні, але кожнае лета ехаў не ў піянэрскі лягер, а да дзеда. Там пахаваныя і дзяды, і прадзеды, увесь род Мілінкевічаў адтуль. Там паўстанцамі яны былі. Там дзед мой змагаўся за беларускія школы, потым два гады сядзеў у польскай турме у Картуз-Бярозе.

Месцы, зьвязаныя з маім станаўленьнем як беларуса і з пачуцьцём радзімы. І вельмі прыгожыя! Гэта цэнтар пушчы вялікай, возера, рака. На шчасьце, да сёньняшняга дня прырода ня зьнішчаная. Сёньня рэчы адбываюцца сумныя. Няма калгасу, сельсавету, бальніцы, пад пагрозай школа. Землі цяжкія, пяшчаныя. Там можна было б рабіць рыбную, грыбную гаспадарку. Турызм вельмі добра разьвіваўся б там, але краіна закрытая”.



Вандроўка мела быць ня самая бясьпечная. Ня толькі таму, што непадалёк мяжа. На плоце ля клюбу прачытаў просьбу-ўльтыматум: вяскоўцы мусяць “паведамляць памежнікам пра ўсіх незнаёмых ды асобаў каўкаскай нацыянальнасьці”. 30-гадовы бяршцянец Аляксандар Будзько расказаў:

(Будзько: ) “Уладзімеравіч патэлефанаваў, што “Комсомольская правда” хоча сфатаграфаваць дом, бо перадавалі, што харомы стаяць невядома якія. Вось яны прыехалі да крамы — і празь пятнаццаць хвілін былі пагранцы. Не далі нічога зьняць, напісалі пратакол і вывезьлі зь Берштаў”.

Мілінкевіч-малодшы, якому за трыццаць, сапраўды купіў дзьве занядбаныя сядзібы ў Берштах. У адной зь іх засталося давесьці да ладу саламяную страху, пасьля тут на дабрачынных пачатках разьмесьціцца этнаграфічны музэй. Але БТ цікавіла іншае, кажа мой суразмоўца.

(Будзько: ) “БТ, калі прыехала, не паказвала, што купіў старыя, разваленыя хаты, што зьбіраецца рамантаваць, а паказвалі толькі дом Мілінкевіча, таму што ён прыстойна выглядае. З усёй вёскі бэтэшнікі знайшлі тых, хто ня любіць Мілінкевіча — трох чалавек. Барташук, былы дырэктар саўгасу. Барташука гэтага потым выгналі, перадалі саўгас Хваську, які разваліў яго канчаткова, толькі піларама засталася. І бабка — Саша ў яе дом хацеў купіць на беразе возера.

У тых жа, хто за Мілінкевіча, яны інтэрвію ня бралі! Як толькі па тэлевізары паказалі, назаўтра было ўсё начальства са Шчучына — і санстанцыя, і архітэктар. Ім далі ўказаньне, каб да чагосьці дакалупаліся. Дык сказалі, каналізацыю нельга капаць каля хаты, і яму штраф за гэта выпісалі”.



Між іншым, Будзько падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі ў вёсцы ды навакольлі, дзе жыве да чатырох соцень жыхароў, сабраў за Мілінкевіча да двухсот подпісаў. Аднак я наўмысна сустрэўся з тымі жыхарамі Берштаў, што за Мілінкевіча не галасавалі ды не падпісваліся. Гэтага 33-гадовага дзецюка сустрэў ля школы, дзе ён працуе рабочым.

(Спадар: ) “Сямашка Павал Мікалаевіч”.

(Карэспандэнт: ) “Сямашка Віталь Канстанцінавіч. За Мілінкевіча падпісваўся?”

(Павал: ) “Я — не, у мяне ня бралі. Я мала зь ім сустракаўся. А па гутарках неблагі чалавек”.

70-гадовая спадарыня Ганна Ількевіч ішла парадкаваць магілу мужа. Галасавала за Лукашэнку. Дарэчы, пэнсіянэраў у Берштах дзьве траціны.

(Карэспандэнт: ) “А як вы ставіцеся да Мілінкевіча?”

(Ількевіч: ) “Чаго мы да яго дрэнна?! І да яго, і да брата, вунь прыяжджае — хай жывуць людзі. Яны тут гадаваліся”.

(Карэспандэнт: ) “А чулі — Мілінкевіч памешчыкам хоча стаць?”

(Ількевіч: ) “Ай, што хочуць, тое скажуць — язык бяз косьці, што з гэтага хвосьця. Ня слухайце! І міліцыю нейкую выклікалі, што ён дамы накупляў. Хай купляе, калі мае грошы! Кажаце, Мілінкевіч кепскі. Я во дваццаць пяць гадоў у калгас хадзіла. Па дзевяць быкоў у стойле стаяла. Раптам усё змылілі-прадалі, ды ўсё ў кішэні, як перастройка пайшла. Во табе і камуністы — трактары пахавалі ў лесе, божа міленькі. А пэнсію — во сёньня перадавалі, на 9 % падвысілі — гэта на дзьве тысячы. І на каго казаць, што дрэнна?”

Зрэшты, да пагрозьлівых надпісаў пра пошук “ненадзейных” жыхары Берштаў ставяцца па-філязофску: маўляў, у нас і свой шпіён ёсьць. Так з усьмешкай казалі мне пра 65-гадовага былога саўгаснага зваршчыка спадара Леўту. Калі падчас сустрэчы нагадаў яму пра гісторыю 45-гадовай даўніны, Гэнрык Дзянісавіч адразу павесялеў. Адчувалася, што расказвае неаднаразова — і ня мне першаму.

(Гэнрык: ) “Я на станцыі рабіў. І сэпаравалі малако да дванаццаці ночы. Заяжджаюць удвох нейкія хлопцы зь Вільні. Таксіст, у яго рамень вэнтылятара лопнуў. Кажа, хлопцы, каб новы рамень. Юзік пайшоў і паставіў яму. Той на бутэльку даў. Ну выпілі мы й забылі пра ўсё. Прайшло тыдні два, панаяжджала нейкіх “волгаў” чорных — кадэбісты! І польскія былі.

А яны, аказваецца, заехалі ў Берасьце, кінулі таксоўку й перайшлі мяжу. Шпіёны былі. Гэты рабіў сакратаром гаркаму камсамолу Вільні. Відаць, засьвяціўся і рашыў, што пара змотвацца. Гэты сакратар уцёк, а кіроўцу прыпуталі. Ну і нас давай — “сувязі ёсьць у вас!” Кажу: не, хлопцы, прыедзеш ты, дасі мне бутэльку, я і табе прадам! Капітан разы тры прыяжджаў — мо таго ведаеш, мо гэтага. Ну я пазыцыю ўзяў — нікога, пайшлі вы ўсе! Бо зь імі зьвяжыся, мог і схлапатаць”.

35-гадовы сын спадара Леўты Віктар тры месяцы таму кінуў працу ў каапэратыве “Навадворскі”, дзе карміў цялят на фэрме. Прашу патлумачыць — чаму.

(Віктар: ) “180 тысяч заробак. Ну то нашто такая праца патрэбная — за капейкі й на кагосьці?! Зь сямі раніцы пойдзеш, у дзесяць дахаты прыйдзеш. А потым у гадзіну — і ўжо ў пяць вечара. А калі ўзяцца падсьцілаць, цэлы дзень будзеш. Як Лукашэнка 250 даляраў сама менш абяцаў, а тут хоць бы 50 атрымаць! А ўзяць іншую працу — яшчэ меней будзе. Каб добра мець, у Берштах ня знойдзеш”.

Пытаюся ў Віктаравага бацькі:

(Карэспандэнт: ) “Дзядзька Гэнюсь, а добра, што калгас разваліўся?”

(Гэнрык: ) “З такой сыстэмай іх толькі раскідаць было! Як раскідалі Саюз — кралі, прапівалі. У асноўным, трактары заганялі, сеялкі. Было 120 трактароў, 27 камбайнаў, касілак нямецкіх сем. А цяпер, я бачыў, тры швэндаюць, але даяжджаюць. Ім дваццаць гадоў — трактарыст маладзейшы за трактар. Прыходзілі на нарад 120 жанчын, цяпер няма ніводнай. На фэрмах, як панапіваюцца, начальнік мусіць карміць. Нічога зь імі ня зробіш — два дні бываюць цяляты някормленыя”.

(Карэспандэнт: ) “Сьняжана, назаві сябе”.

(Дзяўчына: ) “Хвайніцкая Сьняжана”.

Дзяўчына вучыцца ў сёмай клясе, прыйшла ў клюб займацца на фартэпіяне. У гуртку восем чалавек.

(Карэспандэнт: ) “Сьняжана, хацела б у Берштах застацца?”

(Сьняжана: ) “Так. Тут вельмі прыгожае возера, шмат птушак, лес — ягады зьбіраю з мамай і татам . Гэтым летам 30 тысяч зарабіла — дзесяць кіляграмаў сабрала”.

(Пасечнік: ) “Толькі на гэтым і жывуць Бершты — ад сэзону да сэзону”.

Гэта далучыўся адзіны тут прадпрымальнік, 35-гадовы Андрэй Пасечнік. Ужо чатыры гады ён прымае ад насельнікаў пару тонаў лісіцаў, чарніцаў ды баравікоў — балазе, незабруджаныя. Тым часам падышоў 59-гадовы загадчык клюбу, музыкант з адукацыі, стараста па сумяшчальніцтве Аляксандар Павідайка, якога ўсе тут завуць Сан Санычам. Натуральна, абрынуў на нас справы гаспадарскія.

(Павідайка: ) “І платы трэба рабіць, нарыхтоўка дроваў — просяць прывезьці. Лясьніцтва ў нас трымаецца — адзіны надзейны ўчастак, што можна мець паліва. Робіць ФАП, крама. І кожны трымае парася, курэй, ёсьць некалькі коней — неяк выкручваемся. У нас у школе 29 вучняў. Працуе школа — жывуць Бершты. Паколькі ёсьць дзеці, амалоджваньне вёскі будзе. Ня будзе — нічога ня будзе!”

Як я казаў, старэйшы ды малодшы Мілінкевічы разам з настаўнікамі ды вучнямі Бяршцянскай школы шмат гадоў зьбіралі экспанаты да этнаграфічнага музэю, які разьмесьціцца ў адной з набытых хатаў. Самая адданая іхная паплечніца і будучая загадчыца — настаўніца гісторыі, 32-гадовая Марыя Будзько. Апавяла мне пра тое цікавае, што адбылося ў часе сумеснага збору ўжо дзьвюх соцень экспанатаў.



(Марыя: ) “Знайшлі барану старажытную, засунулі ў машыну — не выцягваецца. Кажа, буду расьпілоўваць машыну — плакала я… Прыехалі да маці, залезьлі пад страху, там перачніца была старая гліняная старажытная. А потым кажа: бяры “сабачку”. Дык гэта ж дошка! Аказалася, боты так здымалі. Дзеці шмат дапамаглі, на роварах аб’езьдзілі ўсіх. Уладзімеравіч, канечне, з мужам маім аб’езьдзілі ўсе вёскі. З ранку да вечара толькі й размаўлялі. Аляксандар Уладзімеравіч знайшоў з крэмня праколку старажытную. Посуду шмат набралі, маслабоек, ложак, стол ручной працы. Адкрыцьцё, я думаю, да наступнага лета зробім”.

Пры канцы зноў гамана пра асабіста балючае, пра лёс радавой вёскі з Аляксандарам Мілінкевічам.

(Мілінкевіч: ) “Самая цікавая гісторыя Берштаў, што там, у дзень Сьвятога Бэнэдыкта ў 1496 годзе вялікі князь літоўскі Аляксандар надаў Горадні магдэбурскае права. Першыя сто гадоў даў Ягайла, а ўжо поўнае — Аляксандар. Гэта мясьціна, дзе заўжды былі каралеўскія драўляныя паляўнічыя палацы. Яны туды прыяжджалі, палявалі, гулялі, добра выпівалі, а тады ўжо давалі вольнасьць гарадам — вось Горадні пашэнціла менавіта ў Берштах.

Хачу проста, каб вёска не памерла. Для мяне б гэта была вялікая страта асабістая. Сын набыў хаты даваенныя, хоча зрабіць так, як яны былі перад вайной. І зробіць гэта! І будуць людзі прыяжджаць адпачываць. А гэта рабочыя месцы, прыбытак, прыгажосьць. І захаваньне вёскі! І мы б з сынам хацелі адрадзіць і ганчарства, кавальства, ткацтва. І на ўсё гэта ёсьць магчымасьці, бо людзі яшчэ жывыя, якія гэта ўмеюць. Патрэбныя інвэстыцыі, а інвэстыцыі ў краіну не ідуць. Таму на свае сродкі, сьціпла, але робім. Мы ж ня будзем чакаць, калі ўлада стане больш разумная ці зьменіцца. Трэба рабіць сваю справу. Адраджэньне рамёстваў, культуры — такая цікавая справа! Я, калі хаджу па старых хатах, зьдзіўляюся іхнаму майстэрству, розуму. Сапраўды гэта дае духу людзям”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG