Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 8 лістапада


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу TUT.by сёньня можна знайсьці шэраг галінак, на якіх наведнікі абмяркоўваюць вынікі візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Іран. Сярод іншага – абмеркаваньне артыкула з інтэрнэт-газэты “Беларускія навіны” Як вядома, кіраўнік Беларусі прывёз зь Ірану дамоўленасьцяў на 350 мільёнаў даляраў і пэрспэктыву росту тавараабарачэньня да 1 мільярда даляраў.

Вось некалькі меркаваньняў:

“Іранская праблема з плютоніем для атамных бомбаў будзе вырашаная шляхам будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. То ўсё ў нас будзе добра цягам бліжэйшых пяці год за кошт нафтадаляраў зь Ірану. Вось толькі вельмі засьцерагаюся, што ЗША наробіць зьнішчальнікаў пятага пакаленьня, паляціць ды разбамбіць у Беларусі ўсе ваенныя аб’екты”.

“Расея прахалонула да яго й захацеў ён з дапамогай рэўнасьці зноў распаліць агонь былой любові, але… Ці дзейнічае Расея ў дачыненьні да Беларусі на ўзроўні эмоцыяў, пачуцьцяў, альбо тут толькі халодны палітычны разьлік? Калі апошняе, дык, здаецца, дарма стараўся – Расея нікуды не адпусьціць свайго малодшага брата…”

Сайт на свой лад адзначыў візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Іран. Каляж пад назвай “Шкада Галю” зьявіўся на сайце. Там здымак беларускага лідэра, які ідзе рука ў руцэ з прэзыдэнтам Махмудам Ахмадзінэжадам і подпіс: “Галя, ты губляеш мужа!”

Гомельскі літаратар даведаўся пра новы музычны праект тэлеканала ОНТ “Назад у СССР” і цяпер дзеліцца сваімі развагамі на гэты конт ва ўласным блогу. “Колькі год я гляджу музычныя спэцпраекты ОНТ, столькі год мяне катуе такое даймо, што для гэтых людзей, па ходу, ня тое, каб проста Беларусі, а нават БССР у мінулым не існавала. Іхныя мэнэджэры, прадусары, ідэолягі забаўляюцца рэактулізацыяй агульнасаюзнай савецкай музычнай спадчыны. Спачатку гэта выглядала сьмешна, бо тым жа самым займаліся іх калегі з Масквы. Заўсёды весела паглядзець на малпачак. Але цяпер малпачкі ўроілі сябе кінг-конгамі, каторыя ніякай разважнай крытыкі не ўспрымаюць наагул. А, як не ўспрымаюць, дык атрымліваюць лішнюю дозу пагарды. Можа быць Ягору Хрусталёву напляваць на маё пэрсанальнае меркаваньне, але я лічу чарговы праект ОНТ a priori непатрэбным і шкодным нават з пункту гледжаньня афіцыйнай беларускай ідэалёгіі”.

Vinah у сваім інтэрнэт-дзёньніку выкладвае ўласныя літаратурныя экзэрсісы. “Набыў Вова ў зоакраме грымучую зьмяю, прынёс яе дадому, а зьмяя не грыміць! Дзень не грыміць, два не грыміць. Затурбаваліся сямейнікі, выклікалі доктара. Сказаў доктар: зьмяя хворая, зьмяя грымець ня будзе. Вазьміце іншую зьмяю, а гэтую аддайце на досьледы. Не, адказаў Вова, мы прывязаліся да гэтай зьмяі, нават калі яны ня будзе грымець ніколі, мы ўсё адно любім яе. Ну як сабе хочаце, разьвёў рукамі доктар. Увайшоў у ліфт і спускаўся ў ім засяроджаны, ціхі, думаў пра нешта пра сваё. А калі вярнуўся дадому, папрасіў у сваёй донкі й дочак дараваньня за ўсё. Нешта надламіла ў ім гэтая чортава зьмяя”.

На сайце Радзіма майго духу – новыя здымкі беларускіх краявідаў, у тым ліку лебядзінае возера ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёну. На супрацьлеглым беразе возера захаваліся паркавыя прысады фальварка Царкавішча, які належаў калісьці Бжастоўскім.

На форумах Litara.net пісьменьнік Адам Глобус зьмяшчае новы нарыс з цыклю “Сучасьнікі” – пра Макдоналдс. “…Вось, напрыклад, я бачу Марыйку Мартысевіч, а яна пра тое і не здагадваецца. Яна бачыць Macdonald. Марыйка ў нерашучасьці: “Ісьці, не ісьці?” Марыйка вагаецца. На твары ў Мартысевіч сьвеціцца жаданьне есьці. Усё мэню адбіваецца пад густымі бровамі на маладым твары. Там: і фішмакі, і кола з каваю, і бульба з бігмакамі… Можа ў цябе склалася ўражаньне, што я супраць таго, каб у кавярню пад літарай М заходілі Мммарыйкі з Лізаветкамі? Не, не і не! І вось чаму… Калі 25.03.2006 ў дзень беларускай незалежнасьці людзі ў чорным пачалі выціскаць з праспэкту Незалежнасьці людзей у цывільным, менавіта гэты Macdonald схаваў дзяцей. У ім людзі ў цывільным хавалі сваіх дзяцей ад людзей у чорным”. Беларускія Марыі й Лізаветы зь дзецьмі на руках пахаваліся ў рэстарацыі…”

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG