Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добраахвотна здаць зброю абыходзіцца вельмі дорага


Уладзімер Глод, Менск Пры разглядзе Палатай прадстаўнікоў зьмяненьняў да закону "Аб зброі" высьветлілася, што на сёньня за адпаведныя даведкі пры добраахвотнай яе здачы насельніцтву даводзіцца плаціць вялікія грошы за розныя даведкі. Часам гэтая сума нават перавышае ўзровень дзяржаўнай кампэнсацыі за перададзеныя пісталеты, ружжы, гранаты.

Сёньня супрацоўнікі Баранавіцкага райаддзелу ўнутраных спраў доўжаць дазнаньне, адкуль да 39-гадовага непрацуючага мясцовага жыхара трапіла вінтоўка з аптычным прыцэлам. Міліцыянты спынілі яго аўтамабіль два дні таму ў вёсцы Серабрышча. У "Мэрсэдэсе" і знайшлі незарэгістраваную зброю. Гэта адзін з апошніх фактаў, які спраўджвае наяўнасьць у жыхароў Беларусі “падпольнай”, так бы мовіць, зброі. І яна ў іх ня толькі ад часоў другой усясьветнай вайны, цьвердзіць былы начальнік міліцыі Віцебскай вобласьці, генэрал, экс-сьпікер Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) "Шмат зброі апынулася на руках пасьля распаду Савецкага Саюзу, пасьля распаду савецкай арміі, калі многія пачалі гандляваць ёю. Асабліва, што тычыцца пісталетаў, аўтаматаў, гранатаў, патронаў... Зразумела, і капальнікі таксама нешта маюць. Яны выкопваюць яе да сёньняшняга дня, прыводзяць у патрэбны стан і прадаюць".

Цікаўлюся, чаму людзі не трымаюць яе легальна:

(Грыб: ) "Шмат зброі незарэгістраванай таму, што каб цяпер мець легальную зброю і яе ўтрымліваць, патрэбна вельмі-вельмі шмат плаціць. Падвяргацца кантролю і плаціць-плаціць грошы".

А колькі канкрэтна, высьвятлялі ў Палаце прадстаўнікоў дэпутат Міхаіл Паплаўскі і намесьнік міністра ўнутраных спраў Віктар Філістовіч:

(Паплаўскі: ) "Як вызначалі кошт рэгістрацыі і перарэгістрацыі зброі? У нас да чаго даходзіць -- паставіць пячатку і расьпісацца каштуе даражэй, чым сама зброя".

(Філістовіч: ) "Сёньня, атрыманьне дазволу -- адна базавая велічыня, рэгістрацыя -- чатыры і перарэгістрацыя -- дзьве".

(Паплаўскі: ) "270 тысяч. Прабачце, зброя ў нас каштуе таньней".

(Філістовіч: ) "У нас ні адна зброя 270 тысяч не каштуе -- ні паляўнічая, ні вайсковая".

(Паплаўскі: ) "Мне асабіста вярнулі 130 тысяч за пісталет ТТ, новенькі, у смазцы".

Міністэрства ўнутраных спраў і КДБ рэгулярна заклікаюць жыхароў краіны добраахвотна здаваць зброю, боепрыпасы ды выбуховыя прыстасаваньні, праводзяць нават адпаведныя месячнікі. Прыкладам, летась за два апошнія месяцы году ў краіне добраахвотна здалі 1250 адзінак рознай зброі, прынамсі -- 300 зь іх незарэгістраванай, амаль 27 тысяч патронаў і 36 выбуховых прыстасаваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG