Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э.Браніцкая: “Гэтыя людзі павінны адказваць за тое, што яны робяць”


Любоў Лунёва, Менск Прозьвішчы яшчэ двух судзьдзяў і двух супрацоўнікаў пракуратуры папоўнілі сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Гэтым разам у сьпіс унесьлі прозьвішча судзьдзі Ленінскага раённага суду Менску Аляксея Рыбакова, які пакараў Аляксандра Казуліна пазбаўленьнем волі, а таксама супрацоўніка пракуратуры Ленінскага раёну – Сяргея Бортніка, які выступаў абвінаваўцам на працэсе.

Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Леанід Ясіновіч і супрацоўнік пракуратуры Андрэй Мігун, удзельнікі працэсу над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, таксама ня змогуць наведаць краіны Эўразьвязу.

Распаўсюджанае 23 кастрычніка Радай Эўразьвязу ў Бруселі паведамленьне аб тым, што судзьдзі Аляксею Рыбакову і абвінаваўцы Аляксандра Казуліна Сяргею Бортніку забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, Ірына Казуліна ўспрыняла як належнае.

(Казуліна:) “Я не адчула, наогул, ніякіх эмоцый – ні радасьці, ні злосьці. Потым я падумала, што гэта правільна робіцца, бо ніяк не рэагаваць на такія рэчы нельга. Думаю, што іншыя судзьдзі, пракуроры, якім будуць даваць заданьне самымі неправавымі мэтадамі асуджаць невіноўных людзей, можа, хоць крыху задумаюцца”.

Аляксандра Казуліна затрымалі 25 сакавіка падчас разгону шэсьця на праспэкце Дзяржынскага салдатамі ўнутраных войскаў. Яго абвінавацілі ў хуліганстве і парушэньні грамадзкага парадку. Судзьдзя Аляксей Рыбакоў пакараў былога кандыдата на прэзыдэнта зьняволеньнем на пяць з паловай гадоў. На працэсе судзьдзя выдаліў Казуліна з судовай залі за дзень да спрэчак, пазбавіўшы яго магчымасьці выступіць з апошнім словам. Ад 20 кастрычніка Аляксандар Казулін трымае бязтэрміновую галадоўку на знак пратэсту супраць “беззаконьня, якое чыніцца ў Беларусі”.

Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Леанід Ясіновіч з удзелам абвінаваўцы Андрэя Мігуна пакараў актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” пазбаўленьнем волі. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Эніра Браніцкая і Аляксадар Шалайка адбылі шэсьць месяцаў зьняволеньня. Мікола Астрэйка і Цімафей Дранчук дагэтуль за кратамі. Міколу далі два гады, а Цімафею – год.

Эніра Браніцкая мае юрыдычную адукацыю. Яна лічыць, што ў сістэме правасудзьдзя адбываецца дысрэдытацыя прафэсіі юрыста, і санкцыі Эўразьвязу ёсьць сігналам для супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў падумаць аб адказнасьці.

(Браніцкая:) “Гэтыя людзі павінны адказваць за тое, што яны робяць. Я не прыхільніца такіх мер, але мы ня маем іншых рычагоў, каб паўплываць на судовае рашэньне. У нашай краіне адбываецца так, што юрысты перастаюць быць юрыстамі. Судзьдзі, пракуроры, сьледчыя выконваюць загад. Судовыя рашэньні ніхто не кантралюе”.

Раней судзьдзя Леанід Ясіновіч пакараў абмежаваньнем волі з адбыццём пакараньня на “хіміі” Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца. Іх абвінавацілі ў арганізацыі вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004.



Нагадаем, 10 красавіка на паседжаньні міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу было прынята рашэньне аб увядзеньні санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі і трыццаці беларускіх дзяржчыноўнікаў. Гэты крок выклікалі правядзеньне і вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка. Паводле кіраўніцтва Эўразьвязу, беларускія ўлады спрычыніліся да парушэньня правоў чалавека і дэмакратычных свабод, а таксама перасьледу апазыцыі. Пазьней да санкцый далучыліся ЗША ды іншыя краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG