Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарошкаў: “Мая хата — гэта ваша хата”


Зьміцер Бартосік, Гарошкаў Новая перадача сэрыі "Палітычная геаграфія".

Пагодным восеньскім днём, на бясконца доўгай і незвычайна шырокай вуліцы тыповай палескай вёскі я размаўляю з шасьцігадовай Таняй.



(Карэспандэнт: ) “Ты жывеш у вёсцы Гарошкаў. А ты ведаеш, як называецца твая краіна?”

(Таня: ) “Не”.

(Карэспандэнт: ) “А слова “Беларусь” ты чула?”

(Таня: ) “Беларусь — гэта такі горад”.

(Карэспандэнт: ) “Ён вялікі?”

(Таня: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “А што ты яшчэ ведаеш, што ёсьць у сьвеце?”

(Таня: ) “Нічога”.

(Карэспандэнт: ) “А ты чула пра дзядзьку Лукашэнку?”

(Таня: ) “Чула”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта харошы дзядзька?”

(Таня: ) “Харошы”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Таня: ) “Ён усякі”.

(Карэспандэнт: ) “А ты памятаеш такога дзядзьку, Анатоля Сыса?”

(Таня: ) “Так. У мяне ў кніжцы, у буквары ён. Ён быў харошы. Усё ён расказваў”.

Недарэмна кажуць, што вуснамі дзіцяці гаворыць ісьціна. У перакладзе на дарослую мову дзяўчынка сказала наступнае. Беларусь пакуль яшчэ ня стала краінай. Бо яе замяніў сабою ўсялякі дзядзька Лукашэнка. Але пройдзе час, і сваімі кнігамі ўсё раскажа знакаміты сусед. І пра Беларусь, і пра сьвет.

Пакуль жа ў Гарошкаве Анатоль Сыс вядомы ня столькі як паэт, колькі... Зрэшты, пагрукайцеся ў першую ж хату, дзе за пляшкай адпачываюць Анатолевы сябры. Былыя аднаклясьнікі Ваня, Вася і Сярожа. Прамоўленае прозьвішча “Сыс” гучыць тут як пароль. Вам імгненна прапануюць чарку “за Толікаву памяць”, і пацякуць успаміны.

(Вася: ) “Колькі разоў сядзім, я кажу: Анатоль, ты як залезеш у гэтыя дзебры — Бацькаўшчына! Яны дастаюць, гэтыя вершыкі. У іх удумвацца трэба. А я кажу — элемэнтарна: “Траўка зелянее, солнышка блясьціт”. Ня хоча са мной размаўляць нават. “Ты што, хворы?” Сьмешны, спэцыфічны хлопец быў”.

(Сярожа: ) “Вёска на вёску ідзе. І Жмураўка пачынае перамагаць нашую вёску. Ён што робіць? Ён адбягае. Бярэ вядро. І самаму завадатару… Бярэ навоз — і яму на галаву. Біцца не любіў, а вось такія жарты ўставіць — гэта без пытаньняў. Усе па баках разьбегліся. Падысьці ня могуць. Яно ж плыве. І гаворыць: “Ну, што? Розных колераў відаць на табе?” І ўвесь натоўп за ім”.

(Ваня: ) “Машынай да самога клюбу я пад’яжджаю. Ён недзе знайшоў вяроўку. Тую вяроўку прывязаў да ёлкі ў клюбе. І да машыны прывязаў, да бампэра. Гаворыць: “У Засьпе, у клюбе свая ёлка, а мы ў Гарошкаве сваю паставім”. “А дзе мы возьмем яе?” Я ж ня ведаў, што ён ужо прывязаў яе. Яна ўжо прывязаная, гэтая ёлка. Сядаем. Па газам — і пайшоў. І ў Гарошкаве паставілі гэтую ёлку. Хараводы, чугункоў нацягалі. Яму гэта падабалася”.

Ніхто ня мае права біць Паэта, Ён нават сам ня вольны над сабой, Магчыма, ён адзіны на паўсьвета, А вы за ім нібыта за гарой.

Такія радкі міжволі прыгадаеш, слухаючы показкі пра “вясёлага п’яніцу”.

Вёска Гарошкаў працягнулася з поўначы на поўдзень амаль на пяць кілямэтраў. Яна пачынаецца могілкамі. Могілкамі ж, толькі засьпенскімі, і сканчаецца. Міжволі ў такой геаграфіі знойдзеш кепскую прыкмету, калі паблукаеш гарошкаўскімі кладамі. Столькі магілаў маладых хлопцаў і дзяўчат мне яшчэ, здаецца, бачыць не прыходзілася. 17—20-гадовыя. Ахвяры матацыклетнага ліхацтва, наркотыкаў і проста самазабойцы.

(Вася: ) “Тут у пачатку амаль адныя маладыя хлопцы ляжаць”.

(Карэспандэнт: ) “Матацыклы і п’янства?”

(Вася: ) “Матацыклы. Дзе што. Дзе сам па сабе. Дзе па дурасьці. Як маладыя сыходзяць? Вунь і Анатоль. Магіла ўся кветкамі закладзеная”.

Мае правадыры дасталі пляшку, каб выпіць за спакой сябра. Напэўна, самога Сыса такія енкі не зьбянтэжылі б.



(Вася: ) “Адпачывае”.

(Сярожа: ) “А, можа, ён там жывы?”

(Вася: ) “Анатоль! Па сотцы. Пад’ём! Ты бачыш, хто прыйшоў?”



Хата Сысоў, дом нумар 127, знаходзіцца за кілямэтар ад гомельскай трасы. Унутры дамка ствараецца ўражаньне, што гаспадар сышоў ненадоўга. Ляжаць кнігі Анатоля, адзеньне, фотаальбомы. Увагу прыцягвае руская печ, з кафляй у выглядзе сэрца ды стары даваенны буфэт. Хату даглядае сястра паэта, Тамара. Яна старэйшая за брата на дзевяць гадоў. Працуе ў Рэчыцы загадчыцай дзіцячага садка. У Гарошкаў прыяжджае заўжды, як здарыцца вольны дзень. Мы п’ем гарбату за вялікім сямейным сталом. Малады і сьветлы Сыс усьміхаецца нам са здымка на сьцяне. Побач — фатакарткі бацькоў.

(Тамара: ) “Яны ўдваіх былі творчыя натуры. Маці была настаўніцай, бацька быў шафёрам. Прайшоў усю вайну, вельмі любіў прыгожую вопратку. Прыгожа прайсьціся, каб на яго зьвярнулі ўвагу. А маці любіла вытанчанае, больш далікатнае. У нашай хаце заўсёды маглі пабачыць розных людзей. І жабракоў, якіх ён мог накарміць, і шофэры, у якіх зламалася машына, начавалі ў нас. І многія іншыя людзі, якім не было куды ісьці, яны маглі прыйсьці да нас, і іх прывячалі і бацька і матка”.

Вёска Гарошкаў — гэта перш за ўсё Сыс. Але ня толькі. Людзі тут пасяліліся, страшна сказаць, у IV стагодзьдзі да нашай эры. Старажытнае гарадзішча, куды мы пайшлі з Тамарай на шпацыр, знаходзіцца за пяць хвілінаў хады ад Сысовай хаты.



(Тамара: ) “Тут знаходзілі касьцяныя вырабы й гліняныя вырабы. Толя лічыў, што Беларусь пачыналася з Гарошкава. Вось з гэтага паселішча. У сваіх кнігах падпісваўся — “горад-герой Гарошкаў”. Таму што людзі пайшлі адсюль”.

Блукаючы па вёсцы я натрапіў на дзьвюх традыцыйных нашых бабулек. Анатоля яны паважаюць. Не за вершы. А за тое, што ў людзі выбіўся. Галоўны крытэр жыцьцёвага посьпеху для бабулек ня кніга, а тэлевізар.

(Старая: ) “Па тэлевізары мы яго бачылі заўжды. І мама сядзела, і брат сядзеў. Па тэлевізары паказвалі. Як ён быў яшчэ нармальны. Ня сьпіўся зусім”.

Загаварыўшы пра дзень сёньняшні, я быў падрыхтаваўся слухаць чарговы дыфірамб Лукашэнку. І чарговы ж раз зьдзівіўся багацьцю народнай фантазіі ў справе ўслаўленьня правадыра. Гэтым разам панэгірык атрымаўся з гастранамічным ухілам.



(Старая: ) “За Лукашэнку ўсе. Вельмі даражаць ім, Лукашэнкам. Мы за ім усяго паелі — і каўбас, і адзежы, і ўсё, усё за ім. Лукашэнка вельмі добра нас абуў і адзеў”.

Пажадаўшы старым смачна есьці, я завітаў у госьці да спадара Віталя. Працуе Віталь на фэрме вартаўніком. Атрымлівае 400 тысяч. Жыцьцём задаволены цалкам. Як і многія гарошкаўцы, Віталь — паэтычны гурман, заўжды гатовы дэклямаваць любімага аўтара. Для мяне было адкрыцьцём тое, што для сваіх Сыс пісаў на трасянцы.



(Віталь: ) "Аднажды сын сілоснай ямы ішоў зь цялятніка дамой. Ішоў ён важна, хоць і п’яны. І за сьпіною мех з мукой. Вось паўстрачаўся яму Дзюбчык, казаў мяшочак вараціць. Сынок нагой прыгладзіў чубчык і стаў начальніка прасіць. Ну, дзядзя Коль, пусьці дурнога, я ненарокам сьвіснуў мех…"

(Карэспандэнт: ) “На яго не крыўдавалі?”

(Віталь: ) “Ён бы гудзеў на ўсё СНГ б гэта нашае”.

Не пагаджуся я зь Віталём. Наўрад ці будзе Анатоль Сыс гудзець на “ўсё наша СНГ”. Але тое, што ў Гарошкаў ён яшчэ вернецца са сьвятлом і музыкай, не сумняюся. Бо вёска Гарошкаў — ужо мэмарыяльны пункт на мапе Беларусі. Гаворыць спадарыня Тамара.



(Тамара: ) “Калі Толя памёр, мы яго пахавалі і ў першую ноч ляглі спаць. Сплю. Сплю і бачу сон. Бачу, як прыцемнавата вугал хаты. І многа рэчаў накідана. Не ў чамаданах, а ў такіх. Баулы такія. І Толя сядзіць над адным такім баулам, прысеў. Штосьці з баулам тым робіць. Я так стаю, гляджу. Потым ён да мяне так паварочваецца і гаворыць: “А ты возьмеш мае паперы”. І ўсё зьнікла. Ён мне наказаў у першую ж ноч. Ува сьне, каб я ўзяла яго паперы. Я думаю, што гэта быў яго запавет, каб я памяць ягоную трывала і штосьці рабіла для яго”.

У хаце Аанатоля Сыса сястра паэта марыць абсталяваць музэй. Калі-небудзь тут будуць праводзіцца літаратурныя чытаньні. На гарадзішчы, магчыма, будзе адбывацца паэтычны фэст. А Анатоль Ціханавіч Сыс застанецца для сучасьнікаў і нашчадкаў найперш Паэтам. Як сам і напісаў.

Мая хата — гэта ваша хата, Асьвяцілі мы яе сьлязьмі, Бо паэзія ў гэтым вінавата, Так што, ні пры чым зялёны зьмій...

Сваякі і сябры Анатоля Сыса зьбіраюць сродкі на выданьне поўнай паэтычнай спадчыны паэта. Далучайцеся.

“Філіял №305 АСБ “Беларусбанк”, г. Ветка МФО 151501663 Рахунак 3819382102987 УНП 400048193 Для залічэньня на рахунак № 000000002 на імя Раманавай Ларысы Дзьмітрыеўны, у адзяленьні № 305/163 АСБ “Беларусбанк” г. Веткі. Для выданьня кнігі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG