Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. Віктар Шматаў


Ганна Соўсь, Менск На 71-м годзе жыцьця, пяць дзён таму, пайшоў з жыцьця мастак, доктар мастацтвазнаўства Віктар Шматаў.

Нараджэнец Брагіншчыны, у дзяцінстве спазнаўшы горыч сіроцтва, Шматаў стварыў адзін з найлепшых эпічных вобразаў беларускай жанчыны — партрэт “Маці”. Шмат гадоў ён працаваў у Інстытуце мастацтва і этнаграфіі Акадэміі навук Беларусі, узначальваў Музэй старажытнабеларускай культуры. Пад яго кіраўніцтвам сабралі помнікі этнаграфіі й народнага мастацтва чарнобыльскай зоны. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктар Шматаў увойдзе ў гісторыю глыбокімі кнігамі пра беларускае мастацтва і мастакоў. Шматаў вядомы ў сьвеце як дасьледчык і знаўца беларускай гравюры сярэднявечча.

Унікальнай асобай, геніяльным навукоўцам, знаўцам і дасьледнікам Скарыніяны называе Віктара Шматава ягоны даўні сябра мастак Аляксей Марачкін.

(Марачкін: ) “Самае галоўнае, на мой погляд, у жыцьці Віктара Шматава, што ён быў Беларусам зь вялікай літары. Ён працягваў тое, што некалі заклаў Лявон Баразна. Ён, як і Лявон Баразна, пашыраў тэрыторыю нашай духоўнасьці, нашай беларускасьці. Безумоўна, ён і цярпеў. Нават ягонае пахаваньне адбылося не на афіцыйным узроўні. І гэта пры тым, што ён — доктар мастацтвазнаўства, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі. Ён адзін зь першых у той час яшчэ пры Шушкевічу атрымаў мэдаль Францішка Скарыны. Чыноўнікі, якія сядзяць у высокіх кабінэтах, не парупіліся нават, каб па тэлевізіі аб’явіць”.

Пахаваны Віктар Шматаў на Ўсходніх могілках у Менску побач з жонкай. У яго засталася дачка Марта, таксама мастачка, і ўнук. Разьвітацца зь Віктарам Шматавым сярод многіх іншых прыйшоў і мастацкі крытык Пётра Васілеўскі. Ён згадвае, як у свае 70 гадоў Віктар Фёдаравіч купаўся ў ледзяной вадзе. А ў творчасьці мастака Шматава спадар Васілеўскі асабліва вылучае чарнобыльскі цыкль.

(Васілеўскі: ) “Менавіта ён зрабіў мастацкую хроніку чарнобыльскай бяды. Ён ня толькі вынес з чарнобыльскай зоны ўзоры этнаграфіі, ён захаваў для нацыі гэты пласт этнаграфіі Палесься. Акрамя таго, ён зрабіў жывапісную хроніку таго, што адбывалася ў чарнобыльскай зоне пасьля перасяленьня. Уласна кажучы, гэта подзьвіг. Усё гэта мела рэзананс ня толькі ў Беларусі, гэтыя творы езьдзілі па Эўропе. Віктар Шматаў зрабіў работу за дзяржаўныя структуры проста як чалавек і як творца”.

Гэта быў чалавек, вельмі адданы сваёй справе і роднай зямлі, мяркуе мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч, якая шмат гадоў супрацоўнічала зь Віктарам Шматавым.

(Трыгубовіч: ) “Ён быў сірата, выхаванец дзіцячага дому. І ў такой цяжкай жыцьцёвай сытуацыі выйшаў у людзі, стаў доктарам навук. І ўвесь час у яго ляйтматывам была родная Беларусь, роднае Палесьсе. Яго партрэт “Маці” стаіць у шэрагу найлепшых жывапісных твораў, прысьвечаных гэтай тэме. Яго “Маці” — гэта эпічны вобраз беларускай жанчыны. Яна застанецца ў гісторыі мастацтва. А Віктар Фёдаравіч будзе доўга з намі”.

На фота: Віктар Шматаў (здымак з архіву Саюза мастакоў)

XS
SM
MD
LG