Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарсуд пацьвердзіў прысуд Аляксандру Казуліну (фота)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Калегія Менскага гарадзкога суду пакінула бязь зьменаў прысуд Аляксандру Казуліну — пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Палітыка на разгляд ягонай касацыйнай скаргі не прывезьлі.

Болей за пяцьдзесят чалавек, сярод іх сваякі Аляксандра Казуліна, вядомыя палітыкі, дыпляматы, проста звычайныя людзі, запоўнілі ўсе вольныя месцы ў залі Менскага гарадзкога суду. Пуставала толькі лава падсудных у жалезнай клетцы. Аляксандра Казуліна на разгляд ягонай скаргі не прывезьлі. Гэтак вырашыла калегія судзьдзяў у складзе Валера Камісарава, Людмілы Шапашнікавай і Сяргея Хрыпача. Яны ж прынялі канчатковае рашэньне, якое зачытаў Валер Камісараў:

(Камісараў: ) “Прысуд суду Маскоўскага раёну гораду Менску ад 13 ліпеня 2006 году адносна Казуліна Аляксандра Ўладзіслававіча пакінуць бязь зьменаў, а касацыйныя скаргі абвінавачанага і ягоных абаронцаў — без задавальненьня”.

Да гэтага абаронцы палітыка болей за гадзіну выказвалі свае аргумэнты на карысьць адмены прысуду. Адвакат Аляксандар Гарачка казаў пра неаб’ектыўнасьць суду і сьледзтва, а ў якасьці доказаў называў тое, што сьледзтва не падало поўнага запісу падзеяў, за якія судзілі Казуліна. Паводле адваката, гэта прадстаўнікі ўлады парушалі закон у дачыненьні да Казуліна, калі не пускалі яго ў Нацыянальны прэсавы цэнтар на прэсавую канфэрэнцыю як кандыдата на прэзыдэнта.

(Гарачка: ) “Трэба зразумець, чаму чалавек рабіў тыя дзеяньні, ці караюцца гэтыя дзеяньні законам і як гэта адпавядае паўнамоцтвам кандыдата на прэзыдэнта Беларусі”.

Прадстаўнік пракуратуры Андрэй Іванушкін заявіў, што закон мусіць ужывацца да ўсіх аднолькава, а хуліганскія дзеяньні Аляксандра Казуліна для яго відавочныя.

(Іванушкін: ) “Што адбывалася ў прэс-цэнтры? На касэце добра відаць, як ужытая сіла супраць пацярпелых міліцыянтаў Якімовіча і Салжанікіна. Можна шмат казаць, што запісы скарочаныя, але гэтыя моманты добра відаць”.

Адвакат Ігар Рынкевіч казаў пра працэсуальныя парушэньні. Паводле адваката, на гэта судзьдзю Рыбакову абарона неаднаразова ўказвала, але той не рэагаваў. Болей за пяцьдзясят хадайніцтваў абароны не былі задаволеныя, сказаў адвакат.

Сёньня ў Менскі гарадзкі суд прыйшоў бацька Аляксандра Казуліна Ўладзіслаў Казулін. У ліпені ён ня здолеў прысутнічаць на працэсе ў Маскоўскім райсудзе, бо хварэў. Казулін-старэйшы сказаў, што абураны рашэньнем гарадзкіх судзьдзяў і захапляецца сваім сынам:

(Казулін: ) “Я ганаруся маім сынам і веру, што прыйдзе час — і ўсе будуць ім ганарыцца. У яго ёсьць пэўная праграма, і ён ведае, як яе ажыцьцявіць”.

Адвакат Ігар Рынкевіч пасьля суду перадаў на словах зварот Аляксандра Казуліна. Палітык мяркуе, што з 21 верасьня прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі заканчваюцца і ў краіне трэба праводзіць новыя прэзыдэнцкія выбары без удзелу Аляксандра Лукашэнкі.

Што да прысуду, адвакат паведаміў, што абаронцы пададуць скаргу на імя старшыні Менскага гарадзкога суду, а калі гэта не дапаможа, зьвернуцца ў Вярхоўны суд Беларусі — а потым і ў міжнародныя судовыя інстанцыі. Гэтыя дзеяньні ўзгаднілі з Аляксандрам Казуліным 18 верасьня, сказаў адвакат.


За хвіліну да пачатку працэсу. Аляксандра Казуліна ў суд не прывезьлі


На разглядзе касацыйнай скаргі прысутнічаў бацька палітыка Ўладзіслаў Казулін


Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць Аляксандра Казуліна, — 80-гадовы Павал Іваненка


Адвакаты адказваюць на пытаньні журналістаў пасьля суду
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG