Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 5 верасьня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

На форумах TUT.by абмяркоўваюць навіну пра тое, што Аляксандар Мілінкевіч зьбіраецца судзіцца з БТ. Падставай для судовых разбораў павінны стаць сюжэты ў праграме “У цэнтры ўвагі”. Вось такія меркаваньні на гэты конт можна знайсьці:

“…дзялка за 600 даляраў як доказ таго, што Мілінкевіч атрымлівае шалёныя грошы з Захаду выглядалі папросту сьмешна. Лаялі за разьвіцьцё экатурызму? Дык сам Лукашэнка столькі агітаваў за яго! Зусім БТ заблыталася”.

“…я мне спадабалася тая частка сюжэту, дзе пра стаўленьне мясцовых да Мілінкевіча. Гэта ж кім трэба быць, каб за цябе ў роднай вёсцы толькі 14 адсоткаў выбарнікаў прагаласавала”.

“…прачнецца нейкі вэтэран з раніцы, і тут яму думка – а ці злавіў нарэшце наш слаўны КДБ тэрарыстаў, якія замачылі пацука ў вядры… а тут яму й сюжэцік – сьпі спакойна, таварыш, барацьба ідзе”.

Вядомы беларускі палітоляг і філёляг-пушкініст Аляксандар Фядута завёў сабе на сайце www.livejournal.com уласны блог-дзёньнік”. Там можна знайсьці некаторыя рэфлексіі спадара Фядуты на актуальныя падзеі ў краіне, а таксама звычайныя жыцьцёвыя нататкі. Напрыклад, сёньня пачынаючы блогер прапануе абмеркаваць выказваньне Юрыя Сівакова. Былы міністар унутраных справаў на старонках часопіса “Спецназ” згадвае маральны кодэкс афіцэра, напісаны Адольфам Гітлерам, над якім нібыта варта задумацца “пры ўсёй адыёзнасьці асобы яго аўтара”. Вось, што піша Аляксандар Фядута: “Артыкул Сівакова, дзе адкрыта прапагандуецца фашызм, стаў яшчэ адным пацьверджаньнем таго, што захапленьне Гітлерам, выказанае Лукашэнкам у інтэрвію нямецкай газэце “Хандэльсблат”, не было выпадковым”.

А на сайце Міністэрства падаткаў і збораў можна прачытаць пра тое, што ў Беларусі ладзяць суботнікі, прымеркаваныя да дня ўтварэньня БРСМ. У такім суботніку 2 верасьня ўзялі ўдзел актывісты БРСМ з галіновага камітэту міністэрства. Суботнік адбываўся на Беларускай занальнай станцыі птушкагадоўлі.

Аўтарка сеткавага дзёньніку _katusha_ знайшла ў сеціве навіну беларускага шоў-бізнэсу: распадаецца папулярны гурт “Топлес”. Удзельніцы трыё пасварыліся са сваім прадусарам, які паводле кантракту забараняў ім цягам трох год выходзіць замуж. “Які кантракт? – абураецца _katusha_ ў сваім блогу. – Пра што гэтыя людзі гавораць? Што ў іх у галаве? З тым самым посьпехам можна ўлучыць у кантракт пункт пра тое, што… бляндынка абавязаная прышыць сабе сабачы хвост і выць на месяц у поўню… Чаму гэтыя людзі, ушчэнт аднолькава апранутыя нейкім адзіным на ўсю краіну дызайнэрам… увогуле гавораць пра невядомыя ім матэрыі? Яны ўяўляюць сябе на Бэвэрлі Хілз у панчохах Conte і станіках “Мілавіца”? Людзі, там іншыя правілы і іншыя кантракты! Там сапраўды можна забараніць выходзіць замуж, як гэта ні парадаксальна! І там дарэчы казаць слова “прадусар” – там, ня тут!”

vovansystems у сваім Жывым журнале нагадвае пра іншую падзею ў беларускім шоў-бізнэсе: гурт “Нейра Дзюбель” сёньня распачынае новы сэзон канцэртам у менскім клюбе “Графіці”. “Нейра Дзюбель” — бадай што адзіны панк-гурт, якія мне вельмі падабаецца… – піша vovansystems. – …і колькі б я Кулінковіча ні бэсьціў і ні лаяўся на яго, колькі б ён ні піў і як бы сябе ні паводзіў, за адны толькі “Скрыпку дрыгвы” і “Папараць-кветку” (на словы Уладзімера Караткевіча) яго трэба паважаць”. Песьню “Скрыпка дрыгвы” аўтар дзёньніка й прапануе паслухаць сваім чытачам.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG