Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 30 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск

У беларускім сеціве не абыходзяць увагай Дзень нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі. Адзін зь нямногіх паліткарэктных водгукаў можна знайсьці на форумах парталу TUT.BY, дзе ўдзельнік камэнтуе словы кіраўніка прэсавай службы галавы дзяржавы Паўла Лёгкага, што яму “невядомыя падрабязнасьці такіх асабістых пытаньняў, як віншаваньні на адрас прэзыдэнта”. Карыстальнік Gofur пытаецца: “А каму тады мусяць быць вядомыя віншаваньні на адрас галавы прэзыдэнта, як не ягонаму прэсаваму сакратару?”

А ўдзельнік інтэрнэт-суполкі Minsk_by пад псэўданімам hedinthedark публікуе сатырычны верш пад назвай “Спасіба цібе, народ!”. Вось пачатак:

“шлёть народзец паздрауленья, шлёт аткрыткі и цвяты, паздрауляюць с днём ражденья усе чыноунічьі пасты.

усе жэлают мне здароу''я, усе хатят штоп долга жыу, штобы с іскрынней любоую вечна я рукавадзіу.”

Блогер парталу дзёньнікаў “Жывы Журнал” Кірыла зьвяртаецца да тэмы будучых зьменаў афіцыйнага правапісу, і праводзіць паралель з 1933 годам, калі клясычны правапіс замянілі на “наркамаўку”. Кірыла цытуе прадмову Інстытуту мовазнаўства Беларускай акадэміі навук да правапісу ўзору 1933 году:

“Беларуская контррэволюцыйная нацдэмаўшчына, якая ў свой час кінула была галоўныя сілы на мовазнаўчы фронт, у сваёй шкодніцкай рабоце на гэтым участку імкнулася ад-сунуць пролетарыят ад удзелу ў справе стварэньня літара-турнай мовы; таму, зразумела, нацдэмы марудзілі са справай вырашэньня правапісу. Калі-ж яны і ставілі пытаньне аб ім, напр., на так званай Акадэмічнай конфэрэнцыі 1926 году, дык імкнуліся даць такі правапіс, які быў-бы адарваны ад шырокіх рабочых і бядняцка-серадняцкіх сялянскіх мас, пры-тупляў-бы мову, як зброю клясавай барацьбы”.

На сайце “Беларуска-Швайцарскага банку” зьмешчаная інфармацыя пра тое, што ў 2007 годзе пачнецца глябальная барацьба зь пірацтвам. Сярод іншага, на рынку мае зьявіцца ліцэнзійная апэрацыйная сыстэма “Windows XP Light”. Слова “Light” – альбо “лёгкая” ў назьве азначае, што ў сыстэмы ня будзе шмат якіх функцыяў прафэсійнай апэрацыйнай сыстэмы. За кошт гэтага праграмны прадукт будзе таньней, а на думку экспэртаў, шараговы беларус не карыстаецца ўсімі функцыямі сучасных праграмаў (цытата з паведамленьня):

“На сёньня кошт паўнацэннай Windows XP Professional у Менску каля 160 даляраў. Home edition прадаўцы гатовыя аддаць удвая таньней. Зрэшты, нават самы танны варыянт не па кішэні многім беларусам. Калі перамовы з Microsoft’ам пройдуць удала, можна будзе казаць пра зьяўленьне ў Беларусі апэрацыйнай сыстэмы Light за 20-30 даляраў”.

На інфармацыю зьявіліся першыя водгукі. Напрыклад, на сайце газэты “Наша Ніва” . Карыстальнік Ізбіратель К. напiсаў:

“А цяпер уявіце, што будзе, калі такая вінда з''явіцца? Яна адразу будзе лічыцца ламерскай а называць яе будуць не інакш, як беларускай! Як у іх годнасці хапае так ганьбіць само паняцце "беларускае”.

На адказ … піша: “Ганьбяць "беларускае" ламеры ды іншыя неадукаваныя людзі. Калькулятар таксама беларускую годнасьць ганьбіць? Я ужо не кажу пра тое, што красьці – злачынства.

А на сайце блогаў “Жывы Журнал” працягваецца абмеркаваньне нядаўняга выступу швэдзкіх рок-поп зорак “The Сardigans”, якія на завяршэньне выступу ў Менску 27 жніўня разьвіталіся з гледачамі воклічам “Жыве беларусь!”. Блогер Найця піша:

“Народ нядоўга прыбываў у шоку, у адзіным парыве закрычаў што ёсьць моцы ў падтрымку гэтым словам. Прайшло даволі шмат часу, а людзі ўсё радаваліся, гудзелі, вішчалі і скандыравалі КАР-ДЫ-ГАНС! І тады я падумала: вечар удаўся. І нават не з-за музыкі, і нават не з-за шоў, а з-за гэтага адзінства, з-за веры і надзеі. З-за Свабоды”. Паслухаць легендарны ўжо фінал канцэрту можна на старонцы “Радыё ТУТ”:

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG