Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Падгол: “Людзі жывуць ня розумам, а старажытнымі інстынктамі”


(Эфір ад 11 жніўня) Запісаў Аляксандар Уліцёнак Палітоляг Уладзімер Падгол адказвае на тэлефанаваньні слухачоў.

“Сёньняшнія лідэры апазыцыі “ніхто” ў сэнсе праявы намераў узьняць народ на барацьбу”

(Спадарыня, Горадня: ) “Добры вечар, спадар Падгол. Калісьці ў Горадні Вы гаварылі, што ў першыя прэзыдэнцкія выбары беларусы паказалі: яны зусім не рахманыя і памяркоўныя, а, наадварот, рашучыя і нават часам ваяўнічыя, бо напорыста выступалі за свайго цяперашняга прэзыдэнта. Мне прыблізна так гэта запомнілася. Скажыце, калі ласка, дзе сёньня тыя рашучасьць і ваяўнічасьць?”

(Падгол: ) “Сучасныя СМІ цягам некалькіх месяцаў могуць сфармаваць ці агрэсіўныя настроі, ці рахманыя, памяркоўныя. Зразумела, сёньня яны працуюць зусім не на грамадзкую актывізацыю. Па-другое, у 1994-м Лукашэнка быў увасабленьнем своеасаблівага тэрмінатара, абаронцы простага люду. І ён натхніў людзей на агрэсіўныя дзеяньні супраць кебічаўскай улады.

Сёньня ў апазыцыі мы ня маем такога лідэраў – дык за кім тады ісьці? Яны “ніхто” ў сэнсе праявы намераў узьняць народ на барацьбу. Узгадайце заклікі Мілінкевіча ні ў якім разе не хадзіць на штурм прэзыдэнцкага палацу, ціхенька паводзіць сябе, кіравацца мэтадамі Гандзі і гэтак далей, і гэтак далей...

Людзям проста ня быў прапанаваны сцэнар праявы імі агрэсіўнасьці ў абароне дэмакратычных каштоўнасьцяў. Абароны волі!”

(Спадарыня: ) “Замежнікі зьдзіўляюцца: чаму ў Беларусі ня маюць посьпеху паліттэхналёгіі, што дзейнічаюць ва ўсіх іншых краінах? Як Вы думаеце – чаму так: народ застаецца па-ранейшаму самым савецкім ці ўлада занадта спрытная і спрактыкаваная?”

(Падгол: ) “На мінулых выбарах наагул лідэры апазыцыі не выкарыстоўвалі аніякіх тэхналёгіяў. Пасьля кампаніі Мілінкевіч сабраў аналітыкаў, і мы задалі пытаньне: “Хто аўтар сцэнару, па якім вы працавалі?” Карніенка, адзін з кіраўнікоў штабу, адказны й вопытны палітык заяўляе: “Дык мы ж дзейнічалі проста і прымалі рашэньні на падставе сваёй інтуіцыі...” Гэта ўвесь адказ.

А калі ня бачаць імпэту, гарэньня, шчырасьці, тады й людзі не раскрываюцца, не ідуць “на барыкады” – вось і ўся тэхналёгія! Тут сутнасьць, а на яе, на гэтае душэўнае памкненьне, жаданьне мець уладу, жаданьне палепшыць жыцьцё потым і накладваецца тэхналёгія!”

(Андрэй, Магілёў: ) “Вы мелі адносіны да адной зь першых грунтоўных канцэпцый дэмакратаў – так званай “пяціпальцавай”. Што зь ёй сталася, ці ўвасобілася яна ў нешта іншае, больш якаснае?”

(Падгол: ) “Ніводная канцэпцыя, распрацаваная беларускімі навукоўцамі, не была рэалізаваная. Ніводная! Бо кожны лідэр апазыцыі лічыў сябе самым разумным і дзейнічаў проста па інтуіцыі. Не патрэбныя ім і сусьветна вядомыя тэхналёгіі... Вось тыповы лёс навуковых прапаноў. Не давалі этэру апазыцыйным лідэрам – у мяне зьявілася ідэя так званага “Народнага тэлевізара”. Зьвярнуўся да Мілінкевіча, Казуліна, Калякіна – дайце мне альтэрнатыўныя лукашэнкаўскім цытаты: зьвяду іх у адной кніжыцы з пэрламі Рыгоравіча, хай народ ацэньвае! “О, шыкоўна! О, цудоўна!” – пазахапляліся і нічога не далі, хоць часу да выбараў было яшчэ аж два месяцы. І толькі Лябедзька пайшоў насустрач. Я ўмомант выпусьціў “тэлевізар”...

(Андрэй: ) “Дык што – працаваць з нашымі палітыкамі гэта губляць час?”

(Падгол: ) “Гледзячы зь якімі. Мне напрыклад, вельмі прыемна сачыць за маладым Карніенкам, калі ён у Гомелі так шыкоўна паласуе сьвядомасьць “совков” і мясцовых уладаў. Маладыя схопліваюць зь лёту!”

“Лукашэнка перастаў быць шаманаў – ён страціў ірацыянальны імідж. Гэта для яго трагедыя”

(Клаўдзія Сямёнаўна, Менск: ) “Вы столькі напісалі і сабралі пра першага прэзыдэнта Беларусі, што, мяркую, маеце свой погляд на тое, хто мог бы скласьці канкурэнцыю Лукашэнку ў далёкім 1994-м? Упэўнена, ня зьвязвалі тады свае спадзяваньні ні з Пазьняком, ні з Шушкевічам...”

(Падгол: ) “І Пазьняк, і Шушкевіч, і Калякін, і Мілінкевіч, і вы, паважаная спадарыня, – вы ўсе маеце шанец праявіць сябе, выступіць супраць Лукашэнкі! Другое: змагацца трэба бесьперапынна, толькі ў змаганьні вы намацваеце слабыя бакі свайго апанэнта.

У Лукашэнкі наступіла вялікая трагедыя. Да гэтых выбараў ён ехаў на ірацыянальных іміджах. Актуалізаваў у душах людзей той пласт веры, які быў у нашых продкаў стагодзьдзі таму. Ён быў сапраўдным шаманам, шаманства якога рэтрансьліравалася электроннымі сродкамі масавай інфармацыі.

А сёньня Лукашэнка ўжо ня можа трыньдзіць пра барацьбу з карупцыяй – дванаццаць год “змагаецца”, а выніку няма! Атрымліваецца – балбатун!

Таму й перайшоў у новы для сябе, рацыянальны імідж: гаспадар, эканаміст і да т.п. Такім чынам для чалавека з моцнай ірацыянальнай энэргетыкай вызвалілася вялікае поле”.

“Беларускае тэлебачаньне дало мне мажлівасьць прычытаць лекцыю пра нэагітлерызм на ўсю Беларусь!”

Алесь Белы: ) “Спадар Уладзімір, што такое “беларускія архетыпы?”

(Падгол: ) “У мазгах кожнага з нас хаваецца, сьпіць некалькі моцных вобразаў дзейнасьці продкаў, хоць мы нават і не здагадваемся пра тое. Аднак калі трапляем у стрэсавую сытуацыю, яны абуджаюцца. Якія менавіта сустракаюцца вобразы? Ваяра, маці, абаронцы, паляўнічага і гэтак далей. Адначасова ў памяці кожнага сьпяць такія ж самыя вобразы дзеяньня нашых паганскіх багоў: Дажджбога, Перуна, Хіхітуна – іх сотні проста!”

(Cпадарыня: ) “Памятаеце, спадар Уладзімер, як вы камэнтавалі пралукашэнкаўскі сэрыял на БТ, “Найноўшую гісторыю? Так расхвалілі заслугі Рыгоравіча, што кожны хоць з меншага дасьведчаны чалавек пачуваў сябе ніякавата. І пасьля вас доўга называлі квазіпалітолягам... Вас папрасілі даць такі салодзенькі камэнтар ці патрапілі пад харызму “ўсенароднаабранага”?

(Падгол: ) “Вы хлусіце! І хлусьня вашая ў тым, што прыпісалі мне тое, чаго я не казаў! У гэтым фільме проста падкрэсьліў унікальную здольнасьць Лукашэнкі да абуджэньня ў сваёй душы архетыпу, да яго ўтрыманьня... І я расказаў, як ён гэта рабіў і які менавіта ўплыў меў у выніку на выбарцаў.

Дарэчы, тое ж самае зрабіў Карл Густаў Юнг адносна Гітлера! Ён вельмі падрабязна прааналізаваў вось гэты мэханізм захопу сьвядомасьці людзей.

Караце кажучы, афіцыйнае беларускае тэлебачаньне дало мне мажлівасьць прычытаць лекцыю пра нэагітлерызм на ўсю Беларусь!

Не, даражэнькая, я рабіў вельмі грунтоўны аналіз на падставе сусьветна вядомых тэхналёгіяў!”

(Спадарыня: ) “Дзякуй за абгрунтаванае тлумачэньне...”

(Падгол: ) “Званіце, спрачайцеся: мой тэлефон 231 94 44 ці 750 93 72. Магу сустрэцца з вамі ў любы час, хоць сёньня ў ночы! Кавай пачастую, яшчэ каньяку крышку ёсьць...”

(Спадарыня: ) “Гм, было б дынамічна... Дзякуй!”

“Я вырос среди животных и растений”… Гэтая няўклюдная цытата зь інтэрвію НТВ – калька з нашага “Я вырас у лесе”!

(Адам Зыль: ) “Чаму ўлады так ня любяць старажытны бел-чырвона-белы сьцяг?”

(Падгол: ) “Існуючы рэжым вельмі падобны на той, які ўсталёўваўся напачатку мінулага стагодзьдзя. Памятаеце: “Кто был никем, тот станет всем”? Наша новае чынавенства ўтварае свой новы сьвет, і са старога ім не патрэбна анічога! Выкарыстоўваюць новую сымболіку дзеля замацаваньня сваёй улады. Беларусь у 1995 годзе магла адзіная ў сьвеце захаваць абсалютна хрысьціянскі сьцяг: белы колер – чысьціня Хрыстовай душы, чырвоная – кроў, пралітая за грахі чалавецтва. Але пра тое патрабавалася людзям казаць, казаць і казаць! Каб у мяне тады былі грошы, я б зрабіў фотаздымкі Філярэта, Алексія таго ж самага калі яны стаяць у сьвяточнай вопратцы зь бел-чырвона-белымі стужкамі... І тлумачыў бы: гэта хрысьціянскія сымбалі, а ніякія там не нацыяналістычныя... Дарэчы, ці ведаеце вы, што падчас тых падзеяў Лукашэнка моцна выгаворваў Філярэту за тыя “нацыяналістычныя” стужкі на адзеньні?..”

(Зыль: ) “Што, усё беларускае зьнішчаецца на замову Масквы? Сказаў жа Пуцін: мы – адна нацыя! Як ён так лічыць, хай пачытае барадулінскія “Ксты”... Не зразумее? А як жа тады можа быць адна нацыя на дзьвюх мовах?”

(Падгол: ) “Лукашэнка здольны размаўляць па-беларуску. Узгадайце хоць бы славутую цытату зь інтэрвію НТВ: “Я вырос среди животных и растений”… Гэта ж калька з нашага “я вырас у лесе”! Бачыш, сядзіць у падсьвядомасьці!

Калі Лукашэнка зьнішчае нашую мову й культуру ды праводзіць русыфікацыю, ён абараняе сваю ўладу – даказвае праз тое Крамлю, што ён такі ўжо прарасейскі! Памятаеце яго словы: “Беларусы – гэта рускія, толькі са знакам якасьці”? Ён проста зрабіў беларускую культуру закладніцай, шчытом ад Крамля для абароны сваёй улады”.

(Спадарыня: ) “Я чытала вашую кнігу “Куля для прэзыдэнта” – вельмі нейкая змрочная... Няўжо ў канцы тунэля так і ня зьявіцца сьвятло?”

(Падгол: ) “Я перапісаў яе, разьбіў на тры і калі прачытаеце, то пераканаецеся: аптымізму там хоць адбаўляй!”

“Хоць існуе сьвет рацыянальны, каля 80 працэнтаў людзей успрымаюць рэчаіснасьць па-іншаму”

(Мікалай Васільевіч, Салігорск: ) “Чым дыктатары прывабліваюць народ? Гітлер прываражыў немцаў тым, што яны нібыта чысьцюткія арыйцы і павінны кіраваць усім сьветам... А на чым іграе наш, сучасны беларускі дыктатар? Людзі ж слухаюць яго, разявіўшы рот...”

(Падгол: ) “Не, вяршыня Лукашэнкі засталася ззаду, у сакавіку 1996-га. Тады мы з сацыёлягам Андрэем Вардамацкім выявілі, колькі беларусаў сапраўды разяўляюць рот, як вы кажаце, вельмі шырока, у каго сківіца толькі зьлёгку адвальваецца і хто проста шырока расплюшчвае вочы? Мы канкрэтныя лічбы ў выніку дасьледаваньня атрымалі! Тады вось гэты ірацыянальны рэйтынг Лукашэнкі складаў 84 працэнты. Нагадаю, Гітлер захапіў нацыю праявай менавіта ірацыянальнага старажытнага архетыпу бога Вотана – Бога штурму, буры, націску, лідэра ваяроў і адначасова Бога паэзіі.

Рэдкія людзі валодаюць такімі ірацыянальнымі штучкамі. Дарэчы, той жа Сяргей Антончык езьдзіў па ўсёй краіне ў час піку папулярнасьці Лукашэнкі і меў вялізны посьпех. Таму яго й напалохаліся ўсе апазыцыйныя лідэры, Пазьняк тады заявіў: “Нам не патрэбен другі Лех Валенса!” І паездкі Антончыка не атрымалі падтрымкі ад дэмакратаў... Шкада, ён вельмі псыхалягічна таленавіты чалавек! І сам Зянон незвычайная асоба, прымушаў верыць людзей пры сустрэчах у самыя цудадзейныя рэчы...

Хоць існуе сьвет рацыянальны, каля 80 працэнтаў людзей успрымаюць рэчаіснасьць па-іншаму, у тым ліку і ў Злучаных Штатах. У тым ліку і ў сучасных Францыі зь Нямеччынай. Людзі не жывуць розумам! Яны жывуць старажытнымі інстынктамі... І сродкі масавай інфармацыі дапамагаюць сучасным дыктатарам, калі яны манапалізуюць СМІ.

Уся бяда лідэраў нашай апазыцыі ў тым, што падчас апошняй, напрыклад, прэзыдэнцкай кампаніі яны працавалі толькі на разумных людзей. Яны працавалі толькі рацыянальнымі мэтадамі. На справе, хочуць таго ці не, сёньня такім чынам яны проста расчышчаюць поле для зьяўленьня нейкага новага Лука-Жырыка. Бо сам ППРБ страціў таксама здольнасьці ўзбуджаць ірацыянальныя памкненьні”.

(Будзіловіч, Берасьце: ) “Чаму Лукашэнка, які пры Гарбачоўскай перабудове вызначыўся рэфармаратам, а за сваім дэпутацтвам запомніўся антыкарупцыянэрам, урэшце рэшт стаў заснавальнікам найноўшай карупцыйнай сыстэмы і рэстаўратарам дагарбачоўскай эканомікі?”

(Падгол: ) “Вельмі просты адказ. Па псыхатыпу Лукашэнка – садамазахіст. Што гэта такое? Калі адчувае, што ёсьць больш моцныя перад ім, ён прагінаецца. Нагадаю: “Ради интересов своего народа я готов пожертвовать собственным разумом”, “Ради интересов своего народа я на коленях готов ползти в Россию” – клясычны мазахім... А садызм – гэта памкненьне ўладарыць абсалютна ўсім. Зноў цытаты. 96 год, жнівень, сэлектарная нарада падчас бітва за ўраджай, Лукашэнка зьвяртаецца да берасьцейскага губэрнатара Заламая: “Ты три раза жаловался мне на засуху – я тебе дождь дал!”

Такім чынам садамазахім – сутнасьць ягонага характару. Усё астатняе – рэфарматарства так званае, ці яшчэ што проста сродкі, крокі да ўлады. Імітуючы рэфарматарства ён змог апынуцца ля Гарбачова і нават сказаць з трыбуны: “Так, Міхаіл Сяргеевіч? “А таму што, кіўнуў у адказ галавой... Усё! Проста імітацыя дзеля атрыманьня ўлады!

Такім жа сродкам была і так званая барацьба з карупцыяй. Узгадайце, што ў славутым антыкарупцыйным дакладзе ключавымі фігурамі былі Мясьніковіч, Кебіч... І дзе яны потым апынуліся?”

“На мой погляд, сёньня для нас праблема нумар адзін – выжываньне”

(Спадар, Віцебск: ) “Як вы ацэньваеце неадназначную дзейнасьць спадара Плешчанкі для нашага гораду?”

(Падгол: ) “Гэта вельмі сумленны і самаахвярны чалавек. Прыклад для моладзі. Такія людзі папросту бясцэнныя. Не было б майдану на Кастрычніцкай плошчы сталіцы бязь віцебскага майдану ля Сіняга дому, які цягнецца каля дзесяці год! Плешчанка з Хамайдам кожны дзень у любое надвор’е выходзілі туды, гэта былі жывыя помнікі! Сёньня Хамайда адзін стаіць... А ў Менску – не! Нікога... А ён – стаіць!”

(Гарбовіч, Лунінец: ) “Які твар у беларускага капіталізму: сацыялістычны, народны, зьвярыны?..”

(Падгол: ) “Былы камсамольскі лідэр і пралукашэнкаўскі дэпутат, бізнэсовец Раман Ананьеў заявіў неяк амаль даслоўна наступнае: “Вось нас абвінавачваюць у тым, што мы “ляглі” пад існуючую ўладу... А што, нам пад апазыцыю, гэтых палітычных імпатэнтаў “класьціся”? Мы “ляглі” пад моцную ўладу!” Ну дык які твар? А такі вось!”

(Спадарыня: ) “Спадар Падгол, хто ваш любімы пісьменьнік?”

(Падгол: ) “Гэта перакладчык Васіль Сёмуха. Усім, хто хоча атрымаць асалоду ад мовы, ад пісьменьніцтва, я раю чытаць менавіта яго. Ці “Парфуму” Зюскінда, ці “Біблію” – калькавана такое ніколі не перакладзеш. Так што Сёмуха. Васіль Сяргеевіч, мой любы пісьменьнік і чалавек”.

(Спадарыня: ) “Як на ваш погляд адаб’ецца на будучых пакаленьнях вывучэньне гісторыі Беларусі на расейскай мове?”

(Падгол: ) “Будучыя пакаленьні проста вымруць. І ў нас ужо не стаіць так востра пытаньне, якое цікавіць вас. Аўтарытэтныя амэрыканскія дасьледчыкі на падставе афіцыйнай беларускай статыстыкі зрабілі выснову, што празь пяцьдзесят год на Беларусі застанецца ад чатырох да пяці мільёнаў, а праз сто – усяго мільён. Астатнія вымруць. Таму, на мой погляд, для нас праблема нумар адзін – выжываньне”.

(Спадар: ) “Станаўленьне беларускай грамадзянскай супольнасьці ідзе зараз эвалюцыйным ці рэвалюцыйным шляхам?”

(Падгол: ) “Дзяржава з грамадзтвам рухаюцца па шляху таталітарызыцыі. Яе парасткі заўважаюцца ў тым ліку і ў апазыцыі”

(Алег Гаркуша, Касьцюковічы: ) “Таталітарны рэжым трымаецца на беларускім спадзяваньні ўладкаваць сваё жыцьцё праз чыюсьці волю?”

(Падгол: ) “Таталітарны рэжым трымаецца перш-наперш на страху ў душах. Гэта тая пуга, якая прымушае людзей сядзець, як мыш пад венікам”.

“Зачем мне партия? Тереться будут о президента – вдруг искра какая!” (Галіна Асіпчук, Ворша: ) “Якія выказваньні Лукашэнкі ўяўляюцца вам сапраўднымі пэрлінамі?”

(Падгол: ) “Я даўно адсочваю прамовы, выказваньні ППРБ, сыстэматызую іх і выдаю. Дык вось, самыя цікавыя тыя, дзе ў рафінаваным, у чыстым выглядзе ён праяўляе архетып. Пачытаю вам сёе-тое з апошняга “Народнага тэлевізара”. Ну, напрыклад вось гэта: “Нам такая демократия с гвалтом не надо. Нам демократия надо, когда человек работает, получает хоть какую-то зарплату, чтобы и хлебушка купить, молочка, сметаны, творожка... Иногда кусочек мяса, чтобы накормить ребенка и так далее... Ну, с мясом... Может давайте летом много есть не будем?”... Такая мадэль дэмакратыі!

“Зачем мне нужна партия? Кто в нее вступит? Подхалимы разные… Тереться будут о президента – вдруг искра какая пойдет?”

Яшчэ: “Если мы с руководителями областей поплачем вместе, то наплачем 209 тонн солярки!”

Вам трэба ўзяць гэты “Народны тэлевізар”, пачытаць і ашалееце!”

(Ганна Сільвярстовіч, Жлобіна: ) “Хіба ці ня ўсе беларускія палітыкі і палітолягі папярэджваюць расейцаў: выпусьціце “нашага” на тэлеэкраны, ён умомант узначаліць рэйтынгі народных сымпатый!”

(Падгол: ) “У мяне ёсьць дакладныя зьвесткі з Акадэміі навук: абсалютна ва ўсіх рэгіёнах сацыёлягі зафіксавалі перамогу Лукашэнкі над Пуціным па рэйтынгах. Разрыў сягаў ад 2-3 да 15-20 працэнтаў”.

“Хай пазмагаюцца, хай дакажуць людзям, хто больш самаахвярны, хто лепшы баец!”

(Спадар: ) “Ці прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, якія фальшавалі дакумэнты супраць дэмакратычных апанэнтаў, каб тыя трапілі за краты?”

(Падгол: ) “Абавязкова! Матэрыялы гэтыя зьбіраюцца. Хутка вы пачуеце пра пачатак грамадзкіх судовых працэсаў. Гэта будуць міжнародныя працэсы”.

(Драцянюк, Іванава: ) “Чым, на ваш погляд, завершыцца сёньняшняе бязладзьдзе ў стане нібыта аб’яднаных дэмакратаў?”

(Падгол: ) “Ды няма ніякага бязладзьдзя! Усе лідэры – разумныя людзі, праяўляюць сваю пазыцыю, свае меркаваньні... І кожны зь іх, спадзяюся, зараз разумее, што толькі ад дзейнасьці і ад учынкаў іхніх залежыць сапраўднае лідэрства. Хай пазмагаюцца, хай дакажуць людзям, хто больш самаахвярны, хто лепшы баец!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG