(Сідарэнка: ) “Будынак – гэта, вядома, важна. Але я шмат аналізавала, думала: чаму мы дагэтуль усе разам? Мяркую, што галоўнае нават і не будынак, а атмасфэра. Нашая атмасфэра трымаецца на прынцыпах, закладзеных у канцэпцыю ліцэю. Гэта – салідарнасьць, узаемадапамога, супрацоўніцтва, гэта ўзаемная падтрымка, калегіяльнасьць. Прычым гэтыя прынцыпы тычацца адносін ня толькі паміж намі – выкладчыкамі ці адміністрацыяй...”
Пра асаблівыя адносіны кажуць і самі навучэнцы. Ня толькі першакурсьнікі, але і старэйшыя дзеці, уражаныя перадусім арганізацыяй навучальнага працэсу і згаданымі спадарыняй Сідарэнкай стасункамі паміж выкладчыкамі і вучнямі.
(Ліцэістка: ) “Розьніца ў параўнаньні са звычайнай школай у станоўчы бок. Тут настаўнікі больш кваліфікаваныя, матэрыял яны выкладаюць значна лягчэй і больш даступна. Апроч таго, мне вельмі падабаецца праграма, таму што яна таксама адрозьніваецца ад звычайнай: мы амаль не працуем па дапаможніках. Настаўнікі самі ўсё цудоўна ведаюць і нам даносяць”.
(Ліцэіст: ) “Нават першага месяца хапіла, каб пераканацца, што наш выбар аказаўся правільны. Мае бацькі спачатку крыху сумняваліся, ці трэба рызыкаваць, паступаючы ў ліцэй. Цяпер мяне ніхто не пераканае, што ліцэй – гэта штосьці часовае ці несур’ёзнае”.
(Ліцэіст: ) “Вельмі падабаецца, як выкладаюць настаўнікі. Гэта ня толькі грунтоўнае веданьне самога прадмета, але тут у пэўнай ступені яшчэ імправізацыя, адступленьне ад правілаў, прыдуманых нейкімі чыноўнікамі. Таму і веды тут атрымліваеш куды больш шырокія, чым у звычайнай школе. Я ўжо не кажу пра багацьце ўнутранага жыцьця ў ліцэі”.
Дарэчы, адной з праяваў багацьця ўнутранага жыцьця ліцэістаў – так бы мовіць, пазаклясная творчасьць. У актыве ліцэістаў тры музычныя дыскі, запісаныя супольна зь вядомымі музыкамі: “Я люблю ліцэй”, “Веру ў цябе” і “Партызанская школа”.
Гісторык Анатоль Трусаў, які выкладае ў ліцэі, канстатуе: “партызаніць” даводзіцца й дагэтуль, але экстрэмальныя ўмовы не ўплываюць на якасьць ведаў ліцэістаў. Пра гэта мы гутарылі ў Гданьску, дзе праходзіў другі этап летняй сэсіі.
(Трусаў: ) “Трэці год ліцэю ў выгнаньні, ці “падземнага ліцэю”, як палякі гавораць, сьведчыць аб тым, што зноў у Беларусі да ліцэю вялікая цікавасьць. Сёлета быў вялікі конкурс, шмат ахвочых – усіх не прынялі. І цяпер людзі наймаюць рэпэтытараў, каб трапіць у ліцэй. Пасьля леташніх паездак усе ўбачылі: нічога страшнага няма, дзеці здаюць іспыты бліскуча. Я выкладаю на трэцім курсе, дык 16-гадовыя дзеці ведаюць гісторыю на ўзроўні 20-гадовых студэнтаў! Пры гэтым дзеці зразумелі вялікую адказнасьць: яны ня проста дзеці, а прадстаўнікі краіны – са сваёй мовай, сымболікай. І вельмі імкнуцца размаўляць па-беларуску. Бо калі размаўляць па-расейску, той жа паляк адразу ж адрэагуе: “маскаль” прыехаў. А быць “маскалямі” ня хочуць”.
Апошнім часам менавіта Польшча стала для ліцэістаў адной са сталых вучэбных пляцовак. За год яны бываюць тут некалькі разоў, спалучаюць навуку з экскурсіямі і адпачынкам. Заснавальнік ліцэю Ўладзімер Колас удакладняе, што такая мадэль навучаньня вымушаная:
(Колас: ) “Гэта вялікая нагрузка на настаўнікаў у першую чаргу. Дзеці таксама стомленыя, але гэта карысная стома. І тое, што яны ў сябе ўвабралі, безумоўна, будзе працаваць; гэта, вядома ж, іх узбагачае. Таму мы гэта будзем практыкаваць пры любой магчымасьці, а магчымасьці будуць. Мэр Гданьску Адамовіч, дырэктар экалягічнага каледжу Нагуцкі зноў паўтарылі свае запрашэньні наведаць Гданьск у наступным годзе. Гэтаксама, як і Клюб каталіцкай інтэлігенцыі ў Варшаве. Тут быў і кіраўнік сельскагаспадарчага каледжу, які месьціцца ў гарах, у Карпатах, дык ён таксама хоча запрасіць наш ліцэй да сябе. Думаю, ліцэістам і такі досьвед будзе вельмі карысны”.
Пра навучаньне ў новых умовах расказвае намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі.
(Баршчэўскі: ) “Безумоўна, існаваньне ў неафіцыйных умовах складанае. Не хапае лябараторыяў. І калі заняткі па інфарматыцы мы можам праводзіць паўнавартасна, то па фізыцы, біялёгіі, хіміі працэс забясьпечаны яшчэ ня цалкам. Але самае галоўнае, што патрэбна – гэта вера ў тое, што мы не дарма ўсё гэта пачалі. Галоўнае, каб гэтая вера не пахіснулася. Бо, разумееце, калі штосьці пачынаецца, ёсьць эўфарыя. Але потым ідзе штодзённая праца: няма выходных, няма адпачынкаў, бо даводзіцца займацца гэтай працай”.
Лійцэйскі багаж маюць у сваім актыве шмат якія вядомыя людзі. Дзясяткі выпускнікоў праявілі сябе як таленавітыя паэты, журналісты, рэжысэры, акторы, мастакі, літаратура- і мастацтвазнаўцы. Абазнаным людзям добра вядомыя імёны колішніх ліцэістаў: паэтаў Ільлі Сіна, Міхася Баярына, Сяргея Патаранскага, філёзафа Паўла Баркоўскага, палітоляга Алеся Міхалевіча, актораў Веры Шыпілы, Рамана Падалякі, мастака Антона Крыштаповіча... Дарэчы, да сярэдзіны 1990-х ліцэй закончылі дзеці некаторых цяперашніх высокіх чыноўнікаў.
За 15 гадоў існаваньня ліцэй набыў шмат прыхільнікаў. Пра гэта сьведчыць і невялікае апытаньне на менскіх вуліцах.
(Спадар: ) “Капялюш трэба перад імі зьняць – я кажу і пра дзяцей, якія там вучацца, і пра выкладчыкаў, якія столькі гадоў працуюць у такім надзвычайным рэжыме. А ўладам сорам, што яна давяла ўсё да такога жаху”.
(Спадарыня: ) “Два сыны маёй знаёмай скончылі ліцэй гадоў пяць таму. Тады яшчэ не было, як мне падаецца, на ліцэй такога ціску... У любым выпадку дзеці вельмі годныя, беларускамоўныя, адметнасьць адукацыі адчуваецца”.
(Спадарыня: ) “З задавальненьнем аддала б сваю дачку ў ліцэй, але вельмі шмат няпэўнасьці. Іх жа нездарма называюць “партызанамі”. А нам пакуль што важней гарантаваная сярэдняя адукацыя”.
(Спадар: ) “Маёй дачцэ да ліцэйскага ўзросту год, яна пойдзе ў 8 клясу. З досьведу знаёмых, чые дзеці ўжо адвучыліся ці вучацца, думаю, будзем спрабаваць паступаць менавіта ў ліцэй. Адтуль дзеці выходзяць зусім іншыя – маю на ўвазе, такія, якія і патрэбныя будучай Беларусі”.
Штогод ліцэйская сям’я пашыраецца. І ня толькі коштам новых навучэнцаў. Прыходзяць выкладчыкі, якія гэтаксама мусяць прызвычайвацца да незвычайных рэаліяў “партызанскай школы”. Летась сюды прыйшоў малады настаўнік Сяргей Русецкі. Сёлета на ім адказнасьць двайная – даручылі кляснае кіраўніцтва адной з групаў першакурсьнікаў.
(Русецкі: ) “Для іх усё гэта новае, новыя выкладчыкі, у кожнага зь якіх свае патрабаваньні, у кожнага свае мадэлі выкладаньня і г.д. І я ведаю як клясны кіраўнік адной з групаў І курсу, што дзеці ў захапленьні. І яны вельмі баяцца “вылецець” адсюль, таму ўжо гэта пра нешта гаворыць”.
(Карэспандэнт: ) “Для падлетка ўсё ж лепш спрабаваць інтэгравацца ў ліцэйскую сям’ю зь першага курсу ці можна па-рознаму?”
(Русецкі: ) “Бясспрэчна, лепш зь першага. Калі чалавек тут прабудзе на два гады больш, ён лепш зразумее, што ёсьць ліцэй. Нават праз год да яго ўжо прыйдзе перакананасьць, што ліцэй – гэта агульная справа, што гэта справа, якую мы робім усе, што гэта цікава, што трэба ганарыцца, што ты ў ліцэі. Вядома, чым раней, тым лепш”.