Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьяўляецца цэнтралізаванае тэставаньне аб''ектыўным?


Радыё Свабода Пачынаецца прыём дакумэнтаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы па выніках цэнтралізаванага тэставаньня. На некаторыя факультэты студэнтам давядзецца здаваць яшчэ адмысловы пісьмовы іспыты па спэцыяльнасьці. А пры паступленьні на самыя прэстыжныя факультэты БДУ, накшталт эканамічнага, філязофскага, юрыдычнага факультэтаў, факультэту міжнародных адносінаў, улічваюцца толькі вынікі тэстаў. Таму цяпер абітурыенты занятыя падлікамі ўласных балаў, прагнозамі – які будзе прахадны бал, куды падацца са сваімі адзнакамі.

Сёлета вынікі тэстаў аказаліся значна горшымі за мінулагоднія. Да прыкладу, сярэдні бал тэставаньня па расейскай мове – 33 са 100 магчымых. Палова абітурыентаў набрала менш за 30 балаў, сумы ад 70 балаў і вышэй – толькі ў 7%. Атрымаць максымальную колькасьць балаў па расейскай мове ўдалося толькі чацьвярым з 95-ці тысяч абітурыентаў. А па беларускай мове наагул гэтага не ўдалося нікому. На тэсьце па фізыцы амаль палова пакінула аўдыторыю праз паўгадзіны – гадзіну пасьля пачатку (на іспыт адводзілася 3 гадзіны) – тэст быў вельмі складаны. Па гісторыі Беларусі трэба было выбраць з трох варыянтаў адзін правільны. Многія пытаньні былі папросту некарэктнымі, у адзін голас кажуць і абітурыенты, і выкладчыкі. Пісьмовы тэст не дае магчымасьці паказаць грунтоўныя веды, уменьне разважаць, што тычыцца гісторыі, кажуць абітурыенты.

(Юнак: ) "Калі ты ведаеш гісторыю, трэба ўмець супастаўляць, разважаць. Вось так суха адказваць на пытаньні, як на тэставаньні, можна назваць нядобрым словам "халява для троечніка".

(Хлопец: ) "Іспыт быў бы больш аб''ектыўным, бо калі выкладчык прымае экзамэн і бачыць, што ты ня вельмі добра арыентуесься ў адным з пытаньняў, ён пачынае найбольш дасканала высьвятляць, што ты ведаеш па другім пытаньні. Іспыт якраз прадугледжвае, што калі чалавек ведае, да прыкладу, гісторыю Беларусі, ён яе асэнсоўвае. А зараз ідзе такі падыход, што чалавек, які будзе паступаць ў ВНУ, павінен "вызубрыць" толькі падручнікі".

Выкладчык Унівэрсытэту культуры Алег Трусаў наконт цэнтралізаванага тэставаньня выказаў такое меркаваньне.

(Трусаў: ) "Я абавязкова б вярнуў вусныя іспыты, а тэставаньне можна было б зрабіць як дадатковы бал. Таму што на тэставаньні можна проста ўгадаць. Па-другое, яны не ўмеюць размаўляць. Вось два гады мы набіраем студэнтаў пасьля гэтых тэстаў – гэта жах! Яны ня ўмеюць разважаць. Я ніколі ня бачыў такіх бездапаможных студэнтаў, якія ня могуць выказаць сваю думку. Яны могуць толькі зазубрыць. Я за тое, каб вярнуць ва ўсіх ўнівэрсытэтах істыты, як і былі: каб цягнуў студэнт білет, і выкладчык мог зь ім пагаварыць. Мне здаецца, што тэставая сыстэма сябе дыскрэдытавала, і чым хутчэй мы яе зьменім, тым лепш".

Якім будзе прахадны бал ў ВНУ сёлета, пакажа час. І ці жыцьцяздольнай акажацца сама сыстэма цэнтралізаванага тэставаньня – таксама.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG