Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 4 ліпеня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Афіцыйнае сьвята Дзень Незалежнасьці/Дзень Рэспублікі стала папулярнай тэмай на форумах TUT.BY. Карыстальнікі выказваюцца:

“У мяне пасьля гэтых “празьнікаў” такое адчуваньне, што мы рыхтуемся да вайны з усім сьветам: усё неяк патасна і карыкатурна. Можа гэта толькі ў мяне такое адчуваньне, але АБСАЛЮТНА ЎСЕ сьвяты ў РБ прысьвечаныя Вялікай айчыннай вайне”.

“Калі лічыць 3 ліпеня Днём Незалежнасьці, то 3 ліпеня – гэта ня дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, а дзень незалежнасьці гораду Менску ад Трэцяга Рэйху”.

А на сайце гістарычнага віртуальнага клюба "OLD HETMAN CLUB" (www.probelarus.ru)пра дату 3 ліпеня 1944 году разважаюць з фактамі ў руках:

“…Сьведкi i ўдзельнiкi падзей кажуць, што насамрэч у той памятны дзень усё было iнакш. Камандаваньне Чырвонай Армii мела дакладныя зьвесткi, што ўжо 2 лiпеня ў Мiнску не было нiводнага немца. … А вось навошта 3 лiпеня, якое сёньня адзначаюць як усенароднае сьвята, савецкая авiяцыя нанесла па Менску (дзе, нагадаю, немцаў ужо не было) масiраваны бомбавы ўдар? Гiсторыкi патлумачыць такі факт ня могуць, i з гэтай прычыны маўчаць”.

Юры Юркавец (yurkovets.livejournal.com) у сваім блогу піша пра здарэньня 3 ліпеня:

Заказалі ў бары “Лёндан” грэйпфрутавы сок са льдом. У соку кіславаты прысмак. Прыяцель нахвальваў: клясны сок! Клясны сок! Прыбягае афіцыянтка: оё, выбачайце, мы прынесьлі вам сок з гарэлкай… А мы абодва за стырном… Давялося гадзіну блукаць па праспэкце, расьсякаючы натоўпы п’яных пэтэвэшнікаў ды іхных сябровак”.

У інтэрнэт-дзёньніку карыстальніка (ubeschur) выкладзеная кніга сучаснага расейскага пісьменьніка, які выступае пад габрэйскім псэўданімам Эргалі Гер. Кніжка завецца “Беларускае люстэрка: занатоўкі нелегала”. Вось як маскоўскі пісьменьнік, які жыў у Вільні, піша пра беларускую мову, якая чуецца яму “прыгожай і архаічнай”: пявучая сумесь паланізмаў і расейскай мовы ХVI; адчуваньне патраснае.”

У каго ёсьць жаданьне паслухаць баянную музыку ў выкананьні Аляксандра Лукашэнкі, раім зазірнуць на неафіцыйную старонку зачыненай газэты “Навінкі” (www.navinki.narod.ru). Тут захоўваецца спасылка на музычны ўрывак, узяты з праграмы расейскага каналу “РТР”, з праграмы “Адзін дзень з Першым прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь”:

(Лукашэнка сьпявае і грае: ) “ Жду, што ты прыдзёш, а быць можэт нет, стоіт мне цібя увідзець о-о-о-о-о!”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі, да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG