Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін ладзіць рэтраспэктыву сваіх пэрформансаў


Севярын Квяткоўскі, Менск Імпрэза пад назвай “Пэрформансы Алеся Пушкіна” арганізаваная ў межах выставы “Дызайн-біржа’2006”, што працуе ў Нацыянальным выстаўным комплексе “БелЭКСПА”. Алесь Пушкін сабраў відэазапісы большасьці сваіх грамадзка-палітычных пэрформансаў, экшэнаў і хэпэнінгаў ад 1989 году і да нашых дзён.

Да імпрэзы Алесь Пушкін прымеркаваў прэзэнтацыю сваіх новых твораў: чатыры палотны памерам мэтар на мэтар, якія распачынаюць нізку пад назвай “Рукі беларусаў”. Але аснову імпрэзы складзе гадзінная відэастужка з запісам пэрформансаў мастака.

Самай вядомай мастацка-палітычнай акцыяй Алеся Пушкіна стаў пэрформанс “Вазок гною”. У 1999 годзе, калі скончыліся першыя пяць гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, мастак прывез да рэзыдэнцыі прэзыдэнта вазок гною з уторкнутым чырвона-зялёным сьцягам. Алесь Пушкін быў зьвінавачаны ў злосным хуліганстве й пакараны двума гадамі зьняволеньня ўмоўна. Сёньня пра той пэрформанс мастак выказваецца так:

(Пушкін: ) “Ён для мяне хутчэй учынак, хэпэнінг мастака й творчага інтэлігента, які быў ня згодны з палітыкай нашай дзяржавы. Можа, пройдзе час, і з гонарам змагу прызнацца, што былі й сярод беларускай інтэлігенцыі людзі, якія адкрыта й проста выступілі ў 1999 годзе супраць узурпацыі ўлады адным чалавекам”.

А запіс самага першага пэрформансу 1988 году не захаваўся. Алесь Пушкін тады навучаўся ў менскім Тэатральна-мастацкім інстытуце, цяперашняй Беларускай акадэміі мастацтваў:

(Пушкін: ) “Гэтая імпрэза была зробленая ў майстэрні. Гэта было стварэньне першай суполкі БНФ на катэдры дакумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва Тэатральна-мастацкага інстытуту. Там мы загарадзілі дзьверы й рабілі сымбалічны прыём”.

Ад 1988 году да нашых дзён асноўная тэма пэрформансаў Алеся Пушкіна застаецца тоя самая: пратэст супраць прыгнёту дзяржавай асобы й грамадзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG