Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь—Куба: БелАЗы ў абмен на цыгары і алькаголь


Радыё Свабода Сёньня ў Палацы рэвалюцыі кубінскай сталіцы сустрэнуцца старшыня Дзяржаўнага савету Кубы Фідэль Кастра і прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. Афіцыйны Менск называе Кубу сваім галоўным гандлёвым партнэрам у Лацінскай Амэрыцы. Між тым, статыстыка сьведчыць, што ў 2005 годзе таваразварот паміж краінамі паменшаў у параўнаньні з годам папярэднім на 45%.

Афіцыйнаму візыту на Кубу прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага папярэднічала скандальная адмова Канады прыняць на дазапраўку самалёт зь неўязнымі членамі беларускай дэлегацыі – кіраўніком БТ Аляксандрам Зімоўскім і прэзыдэнцкім памочнікам Алегам Праляскоўскім.

За дзесяць гадоў Кубу наведалі прадстаўнікі практычна ўсіх галінаў беларускай улады. У 2000 годзе па дарозе на саміт тысячагодзьдзя ў Нью-Ёрк у Гаване гасьцяваў Аляксандар Лукашэнка: падчас чатырохгадзіннай гутаркі зь Фідэлем Кастра ён заявіў, што мае з камандантэ “абсалютнае падабенства пазыцыяў у асноўных момантах міжнароднай палітыкі”.

Двойчы, у 1997 і 2001 гадах, Кубу наведалі парлямэнцкія дэлегацыі на чале з тагачасным старшынём Палаты прадстаўнікоў Анатолем Малафеевым.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка зьвяртае ўвагу, што Куба амаль стопрацэнтна зьяўляецца краінай-спажыўцом: прамысловасьць базуецца, перадусім, на вытворчасьці рому і цыгараў, а таксама на экспарце цукру-сырца. Таму, на думку спадара Заікі, павелічэньне беларускага экспарту на выспу Свабоды цалкам магчымае. Да таго ж, пасьля сыходу з Кубы расейскіх вайскоўцаў можна казаць і пра ваеннае супрацоўніцтва.

(Заіка: ) “У сьвеце тры адметныя гульцы — Паўночная Карэя, Куба і Беларусь (Іран — крыху іншая краіна, бо амаль што зь ядзернай зброяй). Таму ўзаемныя кантакты лягічныя паводле вызначэньня — лідэры-ізгоі павінны сустракацца. Што да Кубы… Там адзінае, што добра разьвіта — мэдыцына, як дыягнастычная, так і практычная (у працягласьці жыцьця Куба нас апярэджвае). З гледзішча эканамічнай сытуацыі? З карысных выкапняў толькі рэдказямельныя мэталы, таму Куба ёсьць спажыўцом усяго, ад трактараў да іголак. Значыць, павелічэньне продажаў на Кубу цалкам магчымае. Пастаўкі зброі таксама могуць быць, паколькі Расея дэмантажавала значную частку свайго вайсковага абсталяваньня. Што нас можа зацікавіць? Бананы, турызм і прыгожыя дзяўчаты”.

Асноўнай даходнай часткай кубінскага бюджэту застаецца турызм. Аднак геаграфічная аддаленасьць і дарагоўля авіяпералёту не дае падставаў беларускім турфірмам казаць пра Кубу як пра стратэгічны кірунак сваёй дзейнасьці. Гаворыць кіраўнік турысцкай фірмы “Эдэльвэйс” Іван Кобзік:

(Кобзік: ) “Куба бліжэйшым часам ня будзе граць сур’ёзнай ролі на беларускім турысцкім рынку. Безумоўна, там ёсьць камфортныя гатэлі. Кошт на пражываньне, харчаваньне ды іншыя паслугі ня вельмі высокі, але ж ляцець на іншы бок Зямлі — вельмі дорага. Таму, як і ў мінулыя гады, Куба застанецца адным з экзатычных кірункаў, куды будуць лятаць вельмі забясьпечаныя “гурманы”. Бо такое падарожжа выліваецца дзесьці пад дзьве тысячы даляраў — таньней за тысячу пералёт арганізаваць вельмі цяжка”.

Куба, як і Беларусь, мае абмежаваныя замежнапалітычныя кантакты.

Ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі й гандлёвага эмбарга адносна частыя госьці на высьпе Свабоды расейскія ды беларускія дэлегацыі. Апошняе пагадненьне кубінскага ўраду датаванае 12 красавіка, калі Куба набыла 500 чыгуначных вагонаў у Ірану. Паводле афіцыйнай статыстыкі, асноўны артыкул беларускага экспарту на Кубу — грузавыя аўтамабілі МАЗ, БелАЗ, МоАЗ (72% у агульным аб’ёме на суму 9,5 мільёна даляраў). Астатнія паказьнікі больш сьціплыя: трактары, рухавікі, шыны.

У той жа час імпарт з Кубы паменшаў больш чым на 76% — перадусім, з-за таго, што Куба ў чатыры разы зьнізіла пастаўкі ў Беларусь цукру-сырца. У нязначнай колькасьці ў Беларусь ідуць лекі, тытунёвыя вырабы, алькаголь і цытрусавыя.

Куба з насельніцтвам 11 мільёнаў чалавек зьяўляецца таталітарнай краінай, на чале якой апошнія дзесяцігодзьдзі стаіць прэзыдэнт Фідэль Кастра.

Рэжым Кастра праз Камуністычную партыю і зьвязаныя зь ёй грамадзкія аб’яднаньні, бюракратычны апарат і службы бясьпекі кантралюе ўсе галіны жыцьця Кубы. Паводле апошняй справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, на канец 2005 году на Кубе за кратамі знаходзілася прынамсі 333 палітычных вязьні.

Паводле Канстытуцыі Кубы, усе друкаваныя і электронныя мэдыі належаць дзяржаве, за выключэньнем некалькіх невялікіх царкоўных бюлетэняў.

Мінімальны заробак на Кубе складае 225 пэса ( 9 даляраў ЗША), што недастаткова для пражываньня, нават улічваючы бясплатную вучобу і мэдыцыну.

Замежныя кампаніі, наймаючы сабе супрацоўнікаў на Кубе, выплачваюць іх заробак у памеры 500-600 даляраў ураду Кубы, пазьней урад пералічвае самім працаўнікам толькі каля 5 адсоткаў ад заробленай сумы, і толькі ў лякальнай валюце – кубінскім пэса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG