Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ня можа зьяўляцца лідэрам дзяржавы чалавек, які ўнёс раскол нават у сем’і... Лідэр павінен аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 3 – 4 красавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Выступоўцы стараюцца апраўдацца за вынікі выбараў. Супакойцеся! Ад нашых галасоў нічога не залежала! Лічылі прыхільнікі дыктатуры – гэтым усё сказана. Апазыцыю раздрабнілі, папярэдне ізалявалі ў турмы, пазбавілі найбольш актыўных. Апазыцыя з 1988 году, 18 гадоў, трымаецца за былых намэнклятурнікаў. Абачлівы палітык абавязаны за свой тэрмін падрыхтаваць маладога пасьлядоўніка. Хіба няма таленавітай моладзі? І рыхтаваць трэба было даўно, а не трымацца старых-былых. Гэтак і Лукашэнка. Быў бы палітыкам, не пайшоў бы супраць дэмакратычных прынцыпаў усяго сьвету – двух тэрмінаў. А так увесь сьвет сьмяецца з гэтага “незаменнага”. Яму павінна быць сорамна. Гэта на яго сумленьні”.

(Мікола Пярун: ) “Што б ні казалі апанэнты, а Беларусь была, ёсьць і будзе маладая, спартыўная, жыцьцярадасная, адзіная ў Эўропе дружная сям’я.

Маці, працавітая гаспадыня, заўсёды клапоціцца, каб у маленькай і утульнай хаце было прыбрана і цёпленька, гатуе розныя прысмакі. Яна вельмі адукаваная, узначальвае катэдру замежных моваў. Бацька мае добрую зайздрасьць суседзяў, майстар на ўсе рукі, мае сваю майстэрню і вельмі вялікую падсобную гаспадарку. У вольную хвіліну разам зь дзецьмі катаецца на самакатах. Яны – гэта ўсё спадчына, якая засталася ад дзеда”.

(Жэрдзеў, Гомель: ) “Даю інфармацыю для перадачы “Вострая брама” што да канфлікту пакаленьняў. Я лічу, што канфлікт пакаленьняў існуе. Асновай гэтага канфлікту зьяўляецца няправільнае выхаваньне людзей: як старэйшага пакаленьня, так і малодшага. У нашым грамадзтве страчана пачуцьцё адказнасьці за свае дзеяньні або бязьдзеяньні. Гэтая агульная безадказнасьць культывавалася на працягу амаль 100 гадоў. У выніку старэйшае пакаленьне ўжо цьвёрда ведае, што ўсё залежыць ад таго, як вырашыць найвышэйшае кіраўніцтва. Развал СССР нічому не навучыў гэтых людзей. Моладзь адчувае гэтую безадказнасьць і віну старэйшага пакаленьня за пагаршэньне жыцьця. Аднак, выхаваныя ў духу безадказнасьці, многія з маладых людзей паводзяць сябе таксама безадказна: ня ходзяць на выбары, а калі й ходзіць, то выбіраюць па ўказцы збоку або зьверху, то бок безадказна. Навідавоку розьніца канфлікту пакаленьняў ХХ стагодзьдзя з аналягічным канфліктам XIX стагодзьдзя, калі нігілісты канфліктавалі з манархістамі. А цяпер існуе толькі канфлікт бесталковых канфармістаў, маладых і старых. Я з адным размаўляў, дык ён сказаў, што даказваць свае правы даражэй выйдзе. То бок ён загадзя вырашыў, што ён раб і рабом застанецца. Вось у чым канфлікт”.

(Спадарыня: ) “У Бібліі ёсьць такія словы: “Няма цемры, ні ценю сьмяротнага, дзе маглі б укрыцца тыя, хто робіць беззаконьне. Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога скрытага, што б не адкрылася, і тайнага, пра што б не даведаліся”. Маліцеся Богу”.

(Спадар, Маладэчна: ) “У “Вострай браме” Сяргей Дубавец узьняў пытаньне пра незалежнасьць. Хачу выказаць сваю думку. Незалежнасьць – гэта самая вялікая каштоўнасьць, якую мае чалавек. Калі няма незалежнасьці, я лічу, ня будзе поўнай свабоды і поўнай дэмакратыі. Заўсёды будзе дыктат у большай ці меншай меры з боку таго, ад каго ты залежны.

Хочацца прывесьці самы просты прыклад. Скажам, у мяне свой дом і ў суседа свой дом. Я ад яго ніяк не залежу, жыву, як хачу, і раблю, як магу. Хай ён будзе багацейшы за мяне, хай у яго будзе болей, напрыклад, бульбы, чым у мяне, і яму трэба прадаць яе. Але ехаць яму трэба праз маё поле на базар. Ён мне дасьць за гэта бульбы, а рэшту, што мне ня хопіць, я ў яго куплю. Гэта, так я лічу, жывуць усе суседзі на зямлі. А калі ў мяне няма свайго дому, а жыву я ў суседа, то так, як захачу, я ніколі жыць не змагу. Хай ён прадае мне гэтую бульбу нашмат таньней, дык яна мне ў горла не палезе, калі ён мне будзе дыктаваць: то гэта ня так, то гэта ня гэтак – хачу дам, а хачу ня дам. І будзеш ты вечна з выцягнутай рукой. Не, людцы, як вы хочаце, а незалежнасьць, свабоду, дэмакратыю мяняць на нейкія падачкі з барскага стала – нас нашыя нашчадкі не зразумеюць і праклянуць”.

(Спадар: ) “Чую, што занадта шмат хваляць нашыя гарады, што яны будуюцца, прыгожыя. А хто можа адказаць, колькі ў нас у Беларусі вёсак пустуе? Колькі хат трэба ўжо зносіць? І ў якіх абласьцях заходніх ці ўсходніх больш вёсак пустуе? Хто можа гэта ўсё расказаць нашым гэтым слухачам, якія ўвесь час хваляць, што ў нас усё ў крамах ёсьць?”

(Віктар, Пінск: ) “Хацелася б, каб Радыё Свабода не дапускала ў эфір прыхільнікаў Лукашэнкі, якія ўвесь час хваляць яго і радуюцца яго перамозе. Лукашэнка ж нікога не пускае на тэлебачаньне, ніводнага апазыцыянэра: ніхто ня можа сказаць ім ні слова нідзе. Так што, я лічу, раўнапраўе дык раўнапраўе: яны не пускаюць на тэлебачаньне, дык і тут ня трэба пускаць яго прыхільнікаў”.

(Спадарыня: ) “Хачу падтрымаць нашых кандыдатаў Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча. Я і ўсе мае знаёмыя вельмі паважаюць іх. І вельмі крыўдна слухаць беларускае тэлебачаньне, калі там кажуць, што яны зьбіраюцца пакараць кагосьці, асудзіць кагосьці. Вельмі ж надакучыла гэта слухаць – кагосьці пакараць. Мы ўжо так 12 год жывем, быццам мы другога гатунку.

Вось чамусьці Аляксандар Уладзіслававіч і Аляксандар Уладзімеравіч нас разумеюць, што нам цяжка жывецца, што з нас зьдзекуюцца, а вось нашыя кіраўнікі гэтага не разумеюць і ня хочуць разумець! А яны яшчэ будуць караць. Каго? Тых людзей, што за народ стаяць, якія праўды дамагаюцца?”

(Спадар: ) “Хачу запытаць. 8-га красавіка будзе інаўгурацыя Лукашэнкі. Што ён будзе рабіць у гэты дзень, зразумела. Ён зьбярэ “усебеларускі сход”, выйдзе зь імі на плошчу, і будуць сьвяткаваць. Але мяне цікавіць, што будзе рабіць апазыцыя ў гэты дзень? Для апазыцыі гэты дзень таксама павінен быць вызначальным”.

(Міхаіл Леках, Рыга: ) “Мяне зьдзіўляе непрафэсіяналізм вашых экспэртаў і журналістаў, якіх я вельмі ўважліва слухаю. Непрафэсіяналізм заключаецца ў тым, што ігнаруюцца сацыяльна-эканамічныя аспэкты пры разглядзе усіх пытаньняў. Каб вы мяне зразумелі, прывяду прыклады.

Напрыклад, у Латвіі завялі больш за 60 тысяч справаў на высяленьне, выселены дзясяткі тысяч сем’яў на вуліцу. У Латвіі сёньня 98 % людзей атрымліваюць пэнсіі, ніжэйшыя за афіцыйна ўстаноўлены пражытковы мінімум. Таму ў Латвіі самагубстваў больш, чым у Беларусі. Сёньня гэтыя факты вядомыя, чытайце мае артыкулы ў беларускай прэсе.

І вось у мяне да вас пытаньне, чаму вы ігнаруеце сацыяльна-эканамічныя аспэкты? Дарэчы, вы перадавалі мае лісты аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў Грузіі. Чытайце газэты, я расказваю ня толькі пра Грузію, дзе адбылася, як вы лічыце, рэвалюцыя.

Цяпер адносна апазыцыі. Я ня чуў ад апазыцыянэраў, як яны ўяўляюць рэфармаваньне беларускай эканомікі. Дык навошта людзям мяняць быка на індыка?”

(Валер Шаўчэнка, Наваполацак: ) “Ёсьць усе падставы лічыць, што 19-га сакавіка здарыўся “палітычны Чарнобыль”, на краіну напаўзла запалярная цемра. Нахабная ўлада ўчыніла нахабнае фальшаваньне выбараў. Я як назіральнік на 11-м выбарчым участку Наваполацку сьведчу, што разыходжаньне з выніковым пратаколам галасаваньня склала амаль 30 % бюлетэняў. Горш за ўсё, што ўвесь сьвет бачыў парушэньні, а беларускі абывацель, на вялікі жаль, ня хоча ведаць праўды, быццам увогуле не заўважыў падману. Лічу, што гэта не канец, а пачатак сапраўднага супраціву дыктатуры і дыктатару”.

(Пэнсіянэрка: ) “Паважаная “Свабода”, калі я вучылася ў старэйшых клясах, а гэта было 47 гадоў назад, адзін з аднаклясьнікаў прынёс на ўрокі баявую лістоўку – газэту, якую выдавалі падчас вайны. І я на ўсё жыцьцё запомніла выдатную карыкатуру. Пасьля паражэньня пад Сталінградам Гітлер, стоячы на каленях перад сваім партрэтам, спытаўся: “Што ж цяпер са мной будзе?” Партрэт супакоіў: “Нічога страшнага. Мяне здымуць, цябе павесяць”.

Ці не таму партрэт Аляксандра Рыгоравіча так рэзка сталі здымаць з кабінэтаў чыноўнікаў? Баіцца фотамадэль унутранага голасу”.

(Спадар: ) “Чарговы раз Лукашэнка і кампанія праявілі сваю сутнасьць. Калі перад выбарамі ён казаў “За незалежную Беларусь!”, то цяпер яго прыслуга гаворыць пра нейкае яднаньне. Ім усё роўна, што будзе зь Беларусьсю і беларусамі. Яшчэ хацелася б нагадаць расейскаму рэжыму на чале з Пуціным, што ў Беларусі вельмі добрыя партызанскія традыцыі”.

(Спадарыня: ) “Паважанае Радыё Свабода! У мяне да вас прапанова. Думкі слухачоў можна было б адзначаць у канцы месяца, напрыклад, “самая цікавая думка” або “самае цікавае выказваньне”. Мне падаецца, для людзей гэта было б таксама вельмі цікава”.

(Спадар: ) “Папрасіце яшчэ раз спадарыню Абрамаву, хай пагаворыць пра свае паслугі. Яна гістарычны чалавек, перабежчыца з таго боку на гэты. Можа, яна што раскажа, што там робіцца на тым баку, і якія такія паслугі хоча прапанаваць”.

(Спадар: ) “У мяне заўвага да вас адносна таго, што вы прапусьцілі, як спадар Папоў, гаворачы пра Польшчу, выказваючы свае нейкія незадавальненьні, назваў яе Польскай Народнай Рэспублікай. Наколькі я арыентуюся, дык ужо такой дзяржавы няма. Ёсьць Польская Рэспубліка. Няўжо яны жывуць яшчэ за савецкім часам?”

(Віктар Буто: ) “Вельмі шмат чуваць на беларускай “Свабодзе” з боку лукашыстаў дый беларускіх патрыётаў неаб’ектыўнасьці, непрафэсіяналізму, некампэтэнтнасьці, то бок цэнзура працуе ў супрацьлеглым кірунку. Гэта не палітыка, а сапраўдная дэмагогія”.

(Анастас Семяновіч: ) “Таварышы лукашысты! Вы вельмі абураецеся, што нашыя вельмі любімыя спадары Алесь Мілінкевіч і Аляксандар Казулін шмат езьдзяць за мяжу і грабуць мяхамі грошы. Едзьце і вы за мяжу, хай вас прымаюць на найвышэйшым узроўні. Але ж, акрамя шпіталю і “Навінак”, вас ніхто ня прыме, вы нікому не патрэбныя. Нашая вялікая бяда, што нашага прэзыдэнта ніхто, акрамя Расеі і Кубы, ня хоча прымаць. А цяпер тым больш, бо ён незаконны прэзыдэнт. Народ яго не выбіраў. І Канстытуцыю парушаць ніхто не даваў права нікому. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Паважанае Радыё Свабода! Я вас прашу, не ўключайце гэтых падхалімаў Лукашэнкі. Лукашэнка зусім стаў нахабны. Два разы быў прэзыдэнтам! Канстытуцыя – сьвятая рэч, яна для ўсіх адзіная, ніхто ня мае права яе зьмяняць”.

(Спадарыня: ) “Хачу зьвярнуцца да Аляксандра Рыгоравіча праз вашае радыё.

Я пэнсіянэрка, ня вашая прыхільніца, але й не праціўніца. На выбары не хаджу – няма сэнсу. Але хачу вам параіць. Праявіце міласэрнасьць, адпусьціце Казуліна без суду і сьледзтва, тым больш, што сказаў ён праўду. І скажыце яму дзякуй, бо ніхто з вашых набліжаных праўду аб вас ня скажа. Адмоўцеся ад інаўгурацыі. Якая можа быць інаўгурацыя пасьля таго, што адбылося?!

І другое. Правядзіце паўторныя выбары і не прымайце ў іх удзелу. Але ж, калі вы без улады ня можаце, то правядзіце сумленныя выбары. Адсоткаў 50 вы набераце, але аўтарытэт ваш падвысіцца.

І трэцяе. Не судзіцеся вы за свае гонар і годнасьць. Не каралеўская гэта справа. Вельмі ж не супастаўныя вагавыя катэгорыі. Судзіцеся з роўнымі, а ня з тымі, хто ад вас залежыць”.

(Спадар: ) “У першую чаргу я зьвяртаюся да тых жыхароў Беларусі, якія сапраўды паверылі лухце тэлебачаньня аб квітнеючай Беларусі і аб добрым жыцьці. Але ж вы, даражэнькія, схадзіце на могілкі і паглядзіце, колькі там пахавана заўчасна памерлых. На тысячу жыхароў Беларусі нараджаецца 9, а памірае 14 жыхароў. Гэта значыць, што памірае ў паўтары разу болей. Якое ж гэта добрае жыцьцё? А зайдзіце вы ў прадуктовую краму і параўнайце кошт чарніла і прадуктаў харчаваньня. Адразу відаць, як труціць танным алькаголем насельніцтва кіроўчы рэжым. Вось тут лёзунг – “Пі чарку і нюхай скварку”. Ці можа квітнець краіна, у якой насельніцтва вымірае? За пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі насельніцтва Беларусі паменшала амаль на паўмільёна чалавек. Колькі ж гэта будзе працягвацца?

Людзі добрай волі! Дапамажыце ашуканым прапагандай нашым суайчыньнікам цьвяроза паглядзець навокал сябе!”

(Спадарыня: ) “Учора пачула па тэлебачаньні, што Польшча хоча нас, Беларусь, забраць да сябе. Я вельмі радая. Дзякую Польшчы, прэзыдэнту Польшчы і ўсім палякам. Дзякуй і Літве, Літва таксама адгукаецца. Мы да вайны былі разам, дружна жылі і добра. А цяпер Расея… Расейскія алігархі, ня лезьце да нашай краіны Беларусі! Мы вас ня любім! Калі мы былі разам, дык што было? Не паесьці, не апрануць – нічога не было! Ня лезьце да нас! Мы просім Амэрыку і Эўропу, каб навялі ў нас парадак”.

(Спадар: ) “Вось учора ўначы арыштавалі ангельца і амэрыканца, якія прабраліся праз Камчатку. І што вы думаеце? Калі вы адстанеце ад гэтай Беларусі? Я прапаноўваю асабіста, я, афіцэр савецкай арміі, студэнтаў, якія былі замяшаныя ў правакацыях, не выключаць, а перавесьці на платную аснову: у іх бацькі добрыя, хай плацяць. Тыя, хто працуе, хай за бясплатна працуюць. А Мілінкевіча і Калякіна арыштаваць неадкладна!”

(Уладзімер: ) “Наконт перадачы “Вострая брама” пра канфлікт пакаленьняў. Рэч у тым, што, калі мы вырашалі карэнным чынам зьмяніць лад жыцьця – пачаць гартаваньне і ўсё, што з гэтым зьвязана, – у нас таксама ўзьнік вельмі сур’ёзны канфлікт пакаленьняў. Нашыя бабулі і дзядулі не разумелі, навошта трэба разьдзявацца ды яшчэ займацца загартоўваньнем разам. Яны былі згодныя, што жанчыны асобна, мужчыны асобна. Тое самае тычылася й дзетак. Але ж тады парушалася еднасьць, і практыкаваньні нашыя не дасягнулі б такога эфэкту. Наш лад жыцьця – гэта таксама вялікія перамены. Таксама яны не разумелі, навошта дзяцей прапускаць праз рашучыя практыкаваньні, яны іх шкадавалі. Але потым, калі яны пабачылі, што гэта прыносіць станоўчы эфэкт, то яны зьмянілі сваю думку. І канфлікт гас сам сабой.

Калі са старэйшым пакаленьнем грунтоўна размаўляць, тлумачыць сутнасьць пераменаў, можа адбыцца так, што якраз гэтыя старэйшыя будуць вельмі падтрымліваць гэтыя перамены. Галоўнае тое, што перамены вельмі палохаюць старэйшых, бо яны ўсё жыцьцё жылі ў адных умовах, і атрымліваецца, што цяпер трэба зноў нешта ламаць і прыстасоўвацца. Таму тут галоўнае – тлумачальная праца. І, скажам так, палова старэйшага пакаленьня можа паразумецца з маладымі”.

(Спадарыня: ) “Я па радыё пачула, што ва Ўкраіне спадарыня Вітрэнка насупраць Цэнтравыбаркаму паставіла 50 палатак, бо лічыць, што выбары фальсыфікаваныя. Гэта тая самая спадарыня Вітрэнка, якая на зьезьдзе лукашыстаў так хваліла беларускі рэжым і замілоўвалася, як добра жыць у Беларусі з такім цудоўным прэзыдэнтам. Таму прапаную, хай нашая апазыцыя папросіць Юшчанку, каб ён уначы згроб усе палаткі і ўсіх жыхароў гэтых палатак адправіў у турму, а спадарыню Вітрэнку пачаставаў дубінкамі і кінуў у камэру на месяц. Тады Беларусь ёй не падасца такім раем.

Гэта ж ганьба, што ў Беларусі зьбіваюць і садзяць у турмы за пікеты і дэманстрацыі! Такога ж нідзе няма!”

(Спадар: ) “Гэтае тэлефанаваньне на Радыё Свабода ад імя руху патрыётаў Беларусі да ўзурпатара Лукашэнкі. Паслухай нас. 8-га красавіка пасьля тваёй інаўгурацыі на пляцы імя Кастуся Каліноўскага адбудзецца акт самаспаленьня”.

(Анастас Семяновіч: ) “У “Вострай браме” Сяргея Дубаўца частка людзей кажа, што ня хоча пераменаў. Я з гэтым ня згодны. Так, частка пажылых людзей ня хоча пераменаў, але гэта ня іхная бяда. Бяда ў тым, што бальшавікі-лукашысты зрабілі тэлебачаньне і радыё суцэльнай хлусьнёй, а іншай інфармацыі ў тых людзей няма...

Я і мае сябры рэгулярна слухаем Радыё Свабода. Дзякуй вам вялікі, сябры, за вашую аб’ектыўную інфармацыю. Было б вельмі добра, каб вы меней давалі выступаць бальшавікам-лукашыстам. Хай яны выступаюць на сваім радыё і тэлебачаньні. Нас туды ні за якія рублі ня пусьцяць”.

(Спадар: ) “Хачу зьвярнуцца да тых людзей, якія сьвядома прагаласавалі за трэці тэрмін прэзыдэнцтва Аляксандра Рыгоравіча.

Аляксандар Рыгоравіч, пайшоўшы на трэці тэрмін, парушыў Божы закон – пераабраньне кіраўніка краіны. Парушыўшы закон законнага пераабраньня ўлады, ён стаў на беззаконны шлях. Што ж спараджае беззаконны шлях? Так кажа слова Божае: “Беззаконьне спараджае грэх. Грэх спараджае сьмерць”. Беззаконны шлях ніколі ня будзе мірным, свабодным, праведным. Беззаконны шлях па сутнасьці сваёй – шлях крывавы, братаненавісны, няправедны. Прагаласаваўшы за трэці тэрмін спадара Лукашэнкі, вы сваімі рукамі падштурхнулі яго на шлях граху і бяспраўя, а маглі ж уратаваць. Дзеля куска мяса і хлеба вы накіравалі Лукашэнку ў грахоўную цемру няславы і, магчыма, сьмерці. Таму грэх застаецца на вас. Хачу зьвярнуцца да людзей, хто не ўдзельнічаў у гэтым беззаконьні і не галасаваў за трэці тэрмін прэзыдэнта Лукашэнкі. Вы выканалі Божы закон. Няхай залічыцца вам гэта ў праведнасьць Божую.

Веру і спадзяюся, што будзе дзень, калі ў Менск зьедуцца людзі з усёй краіны, якія не падтрымалі беззаконьня Аляксандра Рыгоравіча і не зграшылі супраць Бога і супраць народу. Мы зьбярэмся на вялікае богаслужэньне і праз малітву зьвернемся да Хрыста. Госпад пачуе нас і адчыніць дзьверы Божага закону праведнасьці і сьвету каяты і прымірэньня”.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт санкцыяў. Падумаеш, забаранілі Лукашэнку і міністрам езьдзіць у Эўропу. Ну, добра, міністраў не пусьцілі ў Грэцыю, а спартоўцы паехалі і выступалі. Міністар культуры не паедзе, а артысты паедуць. Трэба на ўсіх санкцыі! Спартоўцаў не пускаць, артыстаў... Вось тады яны выйдуць на плошчу і скажуць: “Кучма, гэць!” А так усё нармальна. Ён арганізоўвае хакейныя сустрэчы, да яго прыяжджаюць з Эўразьвязу. А яму ж больш нічога й ня трэба. Трэба, каб і гэтыя хакеісты, артысты не прыяжджалі сюды. Конча трэба эканамічныя санкцыі, ня трэба шкадаваць народ. Тады народ выйдзе і скажа: “Кучма, гэць!”

(Спадар: ) “Безумоўна, людзі, якім больш за 50 гадоў, у асноўным зьяўляюцца прыхільнікамі цяперашняй улады – з прычыны савецкага мысьленьня. Мінулае ўчэпіста трымае... Аднак нельга ня бачыць, што пры гэтым рэжыме вырасла нямала маладых людзей, якім абсалютна далёкія дэмакратычныя каштоўнасьці, якія купленыя ўладай або адурманеныя дзяржаўнай ідэалёгіяй. З свайго досьведу магу сказаць, што калі сваякі ці знаёмыя зьбіраюцца з нагоды сямейных сьвятаў, то тэма палітыкі нязьменна ўзьнікае і, як правіла, канчаецца канфліктам, слоўнай перапалкай антылукашыстаў і лукашыстаў. Ня можа зьяўляцца лідэрам дзяржавы чалавек, які ўнёс раскол нават у сем’і, калі муж за прэзыдэнта, а жонка супраць, ці наадварот. Лідэр павінен аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG