Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля працы на лесапавале Севярынец агітуе за Мілінкевіча


Радыё Свабода Павал Севярынец, які адбывае пакараньне абмежаваньнем волі на лесапавале ў Полацкім раёне, мае пасьведчаньне даверанай асобы Мілінкевіча. І хаця адміністрацыя забараніла яму займацца перадвыбарчай агітацыяй, “палітхімік” пасьля працы разносіць па хатах агітацыйныя матэрыялы й наладжвае зь вяскоўцамі гутаркі на палітычныя тэмы.

(Севярынец: ) “Працую… Адчуваецца, што кантроль і ціск узмацняюцца. На гэтым тыдні падвысілася палітычная актыўнасьць людзей у Малым Сітне. Пасьля паходу ад дзьвярэй да дзьвярэй людзі вельмі й вельмі сур’ёзна настроіліся на перамены. Сярод тых, хто вызначыўся з выбарам, большасьць у Малым Сітне схілілася да Мілінкевіча. Лукашэнка адстае. Спадзяюся, што 19 сакавіка Малое Сітна зьдзівіць усю Беларусь”.

Паводле Севярынца, нават у лясной вёсцы, дзе ён адбывае пакараньне, назіраецца палітычнае напружаньне й прыкметнае хваляваньне ўладаў.

(Севярынец: ) “Адчуваецца нават тут, у глухой вёсцы на ўскрайку Беларусі, такое, ведаеце, дрыжэньне сыстэмы. Рэжым надта баіцца разгортваньня нацыянальнага руху падчас сёлетняй кампаніі, і са страху спрабуе нанесьці шэраг балючых удараў. Найперш — па моладзі.”

Абмежаваньнем волі Павал Севярынец быў пакараны летась за арганізацыю вулічных пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму.
XS
SM
MD
LG