Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Казько: “У Беларусі стала сорамна жыць”


Міхась Скобла, Менск (эфір 6 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

На мінулым тыдні Саюз беларускіх пісьменьнікаў двойчы апынаўся на лаве падсудных — у Гаспадарчым і Вярхоўным судах. Найстарэйшай творчай арганізацыі краіны ўпершыню за ўсю яе сямідзесяцігадовую гісторыю пагражае ліквідацыя. Падзеі вакол СБП, сытуацыя з айчыннай культурай — у гутарцы зь пісьменьнікам Віктарам Казьком.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Віктар, адкуль такое імкненьне ўладаў — пасьпешліва прыдушыць Саюз пісьменьнікаў, прычым адразу ў дзьвюх петлях?”

(Віктар Казько: ) “У гэтым праяўляецца страх. Страх улады. Улада адчула апошнім часам няўпэўненасьць. Хаця, здаецца, усё пад кантролем, усё схоплена. Але ж улада ня бачыць сябе заўтра, яна не адчувае сябе гаспадаром ні ў эканоміцы, ні ў культуры. Падчас “памаранчавай” рэвалюцыі ва Ўкраіне ўкраінскі Саюз пісьменьнікаў быў штабам Юшчанкі. І вось такія, пэўна, аналёгіі ўзьніклі ва ўладзе беларускай. Да таго ж беларуская ўлада бясконца далёкая ад культуры, ад разуменьня сучаснага мысьленьня. Нас хочуць запіхнуць у мінуўшчыну. Сёньня ў Беларусі ўсіх, хто паводзіць сябе хоць трошкі “насуперак”, спрабуюць паставіць па камандзе “сьмірна” перад шыбеніцай. Гэта датычыцца і калектыўнага нябожчыка (амаль ужо) — Саюзу пісьменьнікаў, у якім спрадвек быў беларускі дух, беларуская думка. Улада імкнецца загнаць думку пад татальны кантроль”.

(Скобла: ) “Узяць пад кантроль — мэта ўлады. А вось выступаючы па БТ, кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін абвясьціў на ўсю краіну, што Саюз беларускіх пісьменьнікаў зачыняюць менавіта з-за яго, таму што ўвесь Саюз яго падтрымлівае”.

(Казько: ) “Ты бачыш, наколькі ўсё ў нашай краіне пранізана лукашызмам. Ён ужо ў нашай крыві. І таму дзеяньні Казуліна пры ўсёй да яго павазе — гэта тыя самыя мэтады, якімі дзейнічае Аляксандар Рыгоравіч. Усе мусяць думаць так, як думаюць яны! Паслухай, як гаворыць Лукашэнка: “Гэта мая краіна! Гэта мой народ!”. І кожнаму тыкае ў твар. Але я — не яго народ, Беларусь — не яго краіна. Яму загадана народам быць толькі гарантам Канстытуцыі, а ён яе кінуўся парушаць. Адчуў сябе прарокам, адчуў сябе мэсіяй і з вышыняў свайго ўласнага мэсіянства ён зноў і зноў дорыць людзям трактары, аўтамабілі, дзіцячыя садкі. Якія ў яго могуць быць трактары, якія садкі?! Каму ён дорыць, ад каго ён адбірае, каму носіць, каго задобрывае? Тое ж самае адбываецца і ў літаратуры, калі пісьменьнікі выдаюцца толькі з ласкі аднаго чалавека — на прэзыдэнцкія гранты, з найвышэйшага дазволу”.

(Скобла: ) “З трыбуны Ўсебеларускага сходу Аляксандар Лукашэнка зрабіў чарговае адкрыцьцё адносна біяграфіі Францішка Скарыны. Паслухаем фрагмэнт яго выступу”.

(Аляксандар Лукашэнка: ) “І нам трэба вярнуць гэтыя праграмы. Гэта ж… Чаго мы саромеемся? Ну мы жылі ў той краіне. І Скарына быў ня толькі беларусам, ён жыў і ў Піцеры, і ствараў там. Гэта наш Скарына. Расяяне з гордасьцю пра яго гавораць. Чаго мы баімся? Чаго мы адмаўляемся, як Ленін гаварыў, ад гэтай вялікай спадчыны — Талстога, Някрасава, Ясеніна і таго ж Маякоўскага, Пушкіна і другіх? Чаго? Мы жылі ў той дзяржаве, яны жылі ў нас, яны натхняліся нашай прыродай, нашым народам. Яны тут стваралі, пісалі. Ад якой спадчыны мы адмаўляемся, навошта мы ад яе адмаўляемся? Гэта ж гордасьць нашай краіны! Мы гэта павінны захаваць! І мы павінны вывучаць гэтыя творы”.

(Скобла: ) “Што самае дзіўнае — словы пра Скарыну былі паўтораныя ў вечаровым тэлеэфіры. Мне ажно падумалася, што тэлерэдактары вырашылі зрабіць свой пасільны ўнёсак у выбарчую кампанію. Маўляў, робім, што можам”.

(Казько: ) “У мяне ўражаньне, што наша тэлебачаньне аказвае мядзьведжую паслугу Аляксандру Рыгоравічу. Сёньня чалавек, які думае, мае нешта ў галаве, ён ня можа глядзець БТ. Бо такой вакханаліі на экране, як сёньня, не было яшчэ ніколі! А наконт выказваньняў Лукашэнкі... Днямі я яшчэ адно пачуў. Гаворачы пра тое, што беларускія жанчыны ня хочуць нараджаць, ён выдаў фразу: “Гэтую праблему, гэтае вузкае месца трэба расшыць!” Чарнамырдзін адпачывае… Падобнае ў Беларусі толькі адзін раз было сказанае — Дземянцеем пра чалавека, які “стаіць у заднім праходзе”. Дзіву даесься — хто ім даваў веды? Калі меркаваць па нашым нацыянальным тэлебачаньні, то беларусы сёньня з радасьцю, адданасьцю ўладзе і правадыру, з усёй нашай шчырасьцю і працавітасьцю дасцыплінавана і арганізавана, параённа, зь песьнямі са “Славянскага базару” адыходзяць на той сьвет: штогод 38—40 тысяч нябожчыкаў. Шчасьлівыя людзі на гэтым сьвеце не затрымліваюцца.

Я яшчэ трохі памятаю калгасны час, калі старшыня калгасу альбо брыгадзір цікаваў за жанчынай, якая на полі зьбірала салому, каб напхаць сяньнік. Сядзеў у засадзе і цікавалі. І калі яна посьцілку з саломай ускідавала на плечы, ён падбягаў і падпальваў! Падпальваў салому на яе плячах! Вось у такім падпаленым стане апынулася сёньня беларуская культура, вось такія падпальшчыкі сёньня кіруюць у Беларусі”.

(Скобла: ) “З вуснаў прэзыдэнта мы пачулі і тое, што ў беларускіх школах мала вывучаюць расейскую клясыку. Мяркуючы па тым, як старанна канспэктаваў Лукашэнку міністар адукацыі, заўтра школьныя праграмы могуць перапісаць”.

(Казько: ) “Трэба вывучаць і Маякоўскага і Ясеніна. Але ж за гэтым стаіць нешта больш страшнае — яны ўводзяцца наўзамен свайго, беларускага. Каб мы забыліся на сваё званьне на зямлі. Гэта робіцца ў разьліку на маладое пакаленьне, якому не дазваляецца нават праходзіць практыку за мяжой. Каб яны не нахапаліся там чужога духу, духу вальнадумства. Я апошні час пабываў у шмат якіх раённых кнігарнях. Што вымушаныя чытаць нашы людзі? Якая літаратура ім прапаноўваецца? Сатанінская, бясоўская, д’ябальская! Чорная магія, белая магія, загаворы — як прыгаварыць каханага, як наслаць на чалавека праклён. І такая літаратура карыстаецца попытам. І што гэта, калі ня скокі, ня танцы на магіле нашай культуры?

Гэтую нашу беларускую магілу вы можаце ўбачыць у кожнай кнігарні Менску — з усіх бакоў мноства расейскіх, замежных кніг і недзе збоку закуток — магіла беларускай літаратуры з аўтарамі-нябожчыкамі. Вось такое літаратурнае сталічнае нэкрафільства на фоне правінцыйнага шабашу сатанізму. У мяне адчуваньне, што ідзе мэтанакіраваная д’ябалізацыя культуры. Мы адчуваем, як ідзе гэтая д’ябалізацыя зьверху, як яна абрынулася на чалавека з тэлеэкранаў.

Уладам чалавек разумны не патрэбен. Лягчэй кіраваць чалавекам, які духоўна абмежаваны. У мяне апошнім часам уражаньне, нібы я не жыву, выпаў з жыцьця, знаходжуся ў сьвеце абсурду, фантасмагорыі. І я ўжо часам сумняваюся, ці вярнуся я зноў да нармальнага чалавечага стану? Ці вернецца Янка Брыль, які замоўк? Ці вернуцца Генадзь Бураўкін, Анатоль Кудравец, Сяргей Законьнікаў? Ці вернуцца нашы сапраўдныя творцы? Ці застанецца толькі скобелеўска-чаргінцоўская непісьменнасьць? І моладзь, пачытаўшы яе, будзе думаць, якая гэта лёгкая справа — пісаць кніжкі. Ну, сеў і накрэмзаў, як гэта робіць Чаргінец, без цара ў галаве. Скобелеў уславіў прэзыдэнта,услужыў яму — і ўсё, і ён ужо пісьменьнік. Вы пачытайце холдынгаўскія выданьні, які там “палёт духу”. Гэта нагадвае час пралетарскай літаратуры, калі ў Саюз пісьменьнікаў прымалі ўсіх падрад і гаварылі пра кагосьці: “Ну, ня ўмее пісаць, ня можа — але як лаецца! Як валодае расейскім матам! Драматург будзе!” Нешта падобнае адбываецца сёньня і ў нашай літаратуры”.

(Скобла: ) “Вы згадалі Чаргінца. Адзін зь ягоных намесьнікаў у наваствораным пісьменьніцкім саюзе нядаўна прыйшоў у Міністэрства адукацыі і запатрабаваў, каб са школьных праграмаў тэрмінова выкінулі “няправільных” пісьменьнікаў, а ўключылі туды “правільных” на чале з тым жа генэралам Чаргінцом. Падобнае можа адбыцца?”

(Казько: ) “У наш час немагчымага няма. Ідзе ня толькі выкідваньне з падручнікаў. Беларускіх пісьменьнікаў пазбаўляюць слова. На апошняй Радзе Саюзу пісьменьнікаў быў зачытаны ліст міністра адукацыі Радзькова, у якім загадана не пускаць ва ўстановы адукацыі сяброў “няправільнага” Саюзу пісьменьнікаў — Саюзу Купалы, Коласа, Танка. Нам фактычна забаронена выступаць перад сваімі чытачамі”.

(Скобла: ) “Вы на пачатку гутаркі зьвярнулі ўвагу на тое, як кіраўнік краіны любіць гаварыць усім “ты”. Днямі па адным з маскоўскіх тэлеканалаў быў паказаны мастацкі фільм пра Максіма Горкага. Мяне ўразіла, як ён мог размаўляць са Сталіным — не дазваляў таму зьвяртацца да сябе на “ты”. Чаму ў нас “тыканьне” ўсім без разбору стала нормай?”

(Казько: ) “Тыканьнем” чалавек адразу нівэлюецца, зводзіцца на нішто. Як і іншымі абмежаваньнямі ўладаў, абавязковымі для ўсіх. Нядаўна падчас сходу я назіраў, што адбывалася вакол Кастрычніцкай плошчы. Яе ачапілі, і людзі не маглі прайсьці. Як яны іх лаялі — і ўладу, і тых міліцыянтаў, якія не дазваляюць хадзіць па сваёй зямлі! Усе, хто ні ішоў і каго заварочвалі назад. Абураліся страшэнна. У народзе ўжо насьпеў пратэст. А міліцыянты нібы ахоўвалі нават не прэзыдэнта, які якраз на сходзе выступаў. Ахоўвалі слова яго, каб ня дай Бог, нішто не парушыла і паветра там, дзе яно неслася з уладных амбонаў. Брыдка стала жыць у Беларусі. Брыдка і сорамна”.

(Скобла: ) “Мне запомнілася фраза з вашай аповесьці “Час зьбіраць косьці” (“Дзеяслоў”, №14): “Як жа хутка псее чалавек. Толькі што прымерваў крылы, але не пасьпеў іх прыладзіць, як паперлі рогі”. Атрымліваецца, чалавек не абаронены выхаваньнем, багажом культуры ад апісанай вамі дэградацыі?”

(Казько: ) “На вялікі жаль, не абаронены. Мы ў гісторыі маем прыклады Сталіна, Гітлера, Гебельса. Мы маем гулагі, трэблінкі, асьвенцімы, дзе чалавек забываўся на сваю чалавечую сутнасьць, адмаўляўся ад чалавека ў самім сабе. І гэта адбываецца тым больш хутка, што мы ня толькі інтэлектуальна не абароненыя, мы не абароненыя сацыяльна. Мы згубілі само жаданьне жыць. Жыць наперад, як некалі жылі.

Згадваю сябе малога. Мне дзесяць-дванаццаць гадоў. Чытаю ў адной кніжцы — чалавек будзе на Марсе на самым пачатку другога тысячагодзьдзя, бо адлегласьць у гэты час паміж Марсам і Зямлёй будзе найменшай. Прыкідваю: дзьвюхтысячны год? Дажыву. І пачаў жыць. Бо нада мной быў космас. Космас быў над Беларусьсю. А сёньня вось такой неабходнасьці жыцьця, касьмічнага жыцьця наперад у нас няма. Таму што наперадзе мы нічога сьветлага ня бачым. Раней мы гаварылі пра сьвятло ў канцы тунэлю. Дык вось, тунэль гэты замкнуўся. Ён вядзе ці не да самага таго сьвету, і сьвятла ў ім сёньня амаль што няма. А як толькі зьяўляецца — адразу тушыцца”.

(Скобла: ) “Але ж мы не краты, у цемры жыць ня зможам. Калі ж распраменіцца і разьясьніцца над нашымі галовамі беларускае неба?”

(Казько: ) “Цемра вакол нас ствараецца ў нечым і штучна. Але гісторыя, і наша, і сусьветная, ведала і больш змрочныя эпохі. Мне здаецца, у Славаччыне быў такі час, што славацкую мову ведала толькі адна жанчына. Адзіная засталася. А сёньня Славаччына — сувэрэнная краіна, і славакі жывуць лепш за беларусаў. Мы ўжо сваім мінулым далучаныя да ўсясьветнай культуры. Мы ня толькі буфэр паміж Эўропай і Азіяй, мы — праваднік. І дзе б Скарына, у Пецярбургу ці ў іншым месцы ні жыў, але ён застаецца беларусам. І далучанасьць Беларусі да ўсясьветнай культуры — гэта дзіўная зьява, я б сказаў, у гэтым нейкае наканаваньне Божае.

Аляксандар Блок у першую ўсясьветную вайну быў у палескай вёсачцы Колбы. Ён хадзіў па тамтэйшых могілках і чытаў на помніках — Колб, Колб, Колб… А потым прачытаў наадварот — Блок. Вось такая нябачная нітачка працягнута нам нашымі продкамі. І нам трэба ў нашай цемры не згубіць яе. І пра беларусаў яшчэ даведаецца ўвесь сьвет. Бо мы таго вартыя — за характар свой, за працавітасьць, за гераізм і мужнасьць нашу ва ўсе часы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG